Намесьнік дырэктара Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру анкалёгіі імя Аляксандрава ў арганізацыі супрацьракавай барацьбы, кандыдат мэдыцынскіх навук Павал Маісееў адказвае на 10 пытаньняў Свабоды пра рак і яго лячэньне ў Беларусі і сьвеце.
Якія найбольш сучасныя спосабы лячэньня анкалягічных хваробаў ёсьць у Беларусі?
— Мы працуем паводле прынятых у анкалёгіі стандартаў. Усе спосабы і мэтады лячэньня анкалягічных хворых, якія існуюць сёньня, у нас ёсьць. Іншая справа, што навука, анкалёгія ў тым ліку, заўсёды ідзе наперад. Мы маем рэспубліканскую малекулярна-генэтычную лябараторыю, якая запатрабаваная як ніколі. Цяпер на першы плян выходзіць так званая індывідуальная, пэрсаніфікаваная мэдыцына, і тут найбольшы ўнёсак маюць дасьледаваньні на генэтычным, малекулярным ўзроўні.
Што да іншых спосабаў лячэньня, хірургіі і апраменьваньня, то мы хацелі б мець некаторыя новыя сучасныя сродкі, рабіць апэрацыі з дапамогай робата-асыстэнта. Спадзяюся, што ў недалёкай будучыні мы будзем мець робат-асыставаную хірургічную ўстаноўку. Што тычыцца прамянёвай тэрапіі… Наша абсталяваньне мае пэўны тэрмін карыстаньня, нешта выходзіць са строю, і, відавочна, патрэбны новыя ўстаноўкі. Я спадзяюся, што ў дзяржаўнай праграме на наступныя пяць гадоў будзе ўключаная і закупка найноўшага абсталяваньня для прамянёвай тэрапіі.
У якім кірунку будзе ісьці разьвіцьцё анкалёгіі ў будучыні?
— Будучыня анкалёгіі за імунатэрапіяй і індывідуальнай тэрапіяй. Гэта дасьледаваньне і выпрабаваньне лекаў на генным узроўні. Імунатэрапія — гэта калі не палёт у космас, то другая ступень разьвіцьця лячэньня анкалягічных хваробаў. У гэтым кірунку ў нас ёсьць канкрэтныя дасягненьні і напрацоўкі. Гэта тычыцца супрацьпухлінных вакцынаў, прэпаратаў для імунатэрапіі. Ёсьць першыя вынікі, першыя пацыенты, якія лечацца гэтым спосабам. Казаць пра шырокамаштабныя дасьледаваньні ў Беларусі пакуль ня можам, але паціху рухаемся ў гэтым кірунку.
У прамянёвай тэрапіі ёсьць такі напрамак, як пратонная тэрапія. Гэта вельмі дарагое абсталяваньне, і ня толькі яно, але і будынкі, і апарат цыклятрон, які дазваляе вырабляць пратоны. Ёсьць надзея, што ў найбліжэйшай будучыні ў нас пабудуюць установу для пратонавай тэрапіі. Мы ўсё больш выяўляем пухліны малых памераў. Будучыня за малаінвазійнымі мэтадамі лячэньня, відэа-асыставанымі, эндаскапічнымі апэрацыямі.
Ці праўда, што ў Беларусі анкалёгія – самая прыярытэтная ў мэдыцынскай сфэры галіна ў пляне фінансаваньня і ўвагі дзяржавы?
Праўда. На нястачу ўвагі з боку дзяржавы паскардзіцца нельга. Ня можам скардзіцца і на малую ўвагу СМІ. Мы заўсёды адкрытыя і гатовыя адказаць на любыя складаныя пытаньні. Фінансаваньне на добрым узроўні. Тое, што неабходна, купляецца. Тое, чаго хочам, спадзяёмся атрымаць у будучыні. Расходы на цэнтар у Бараўлянах практычна такія ж, як на ўсе астатнія беларускія рэспубліканскія навукова-практычныя цэнтры разам, а іх больш за 20 у нас.
Які рак найцяжэй дыягнастуецца і лечыцца?
– Пухліны, цяжка даступныя для дасьледаваньня, якія патрабуюць складаных мэтадаў дыягностыкі, гэта рак страўніка, рак печані і іншыя ракі, якія знаходзяцца глыбока ў арганізьме чалавека. Але калі лячэньне пачынаецца своечасова, ёсьць і добры вынік. Важна ня толькі, дзе пухліна знаходзіцца, а так званая біялягічная ці марфалягічная форма пухліны. Ёсьць, умоўна кажучы, больш злаякасныя пухліны. Гэта мэлянома ці дробнаклеткавы рак лёгкага, якія, незалежна ад стадыі, маюць ня вельмі добры прагноз. Калі ёсьць супадзеньне неспрыяльных фактараў — гісталёгія, лякалізацыія і запушчаная стадыя, то разьлічваць на посьпех немагчыма, дзе б пухліна не знаходзілася.
Якія тыпы раку найлепей выяўляюцца і лечацца?
— Ня стаў бы зьмешваць. Ёсьць ракі, якія лёгка выяўляюцца, але ня вельмі добра лечацца. І наадварот, ёсьць ракі, якія дрэнна дыягнастуюцца, але някепска паддаюцца тэрапіі. Ёсьць візуальна даступныя лякалізацыі пухлінаў (рак скуры, напрыклад), тыя, што можна выявіць без складанага абсталяваньня (рак поласьці роту, глоткі), тое, што можа пабачыць вока. Калі б урачы агульнай практыкі больш увагі надавалі таму, што можна дыягнаставаць без абсталяваньня, а толькі крыху больш уважліва аглядалі пацыента, то мы б мелі лепшы вынік.
Нягледзячы на тое, які гэта рак і дзе ён знаходзіцца, надзвычай важна, на якой стадыі мы выявілі захворваньне. Першая і другая стадыя — амаль што залог посьпеху лячэньня. Пухліны, якія разьвіваюцца вельмі павольна і лепей падаюцца лячэньню, маюць лепшы прагноз.
Сёньня мы маем нядрэнныя вынікі лячэньня лімфомы як у дзяцей, так і ў дарослых. У дзяцей увогуле вельмі добрыя вынікі — больш за што 70% пяцігадовага выжываньня* .Той жа рак скуры няблага лечыцца. Можам казаць пра калі не выдатныя, то нармальныя вынікі лячэньня раку малочнай залозы ў жанчын. І рак кішэчніку, калі своечасова выяўлены, мае добры вынік лячэньня.
* Пяцігадовае выжываньне – агульнапрыняты ва усiм сьвеце паказальнiк эфектыўнасьцi лячэньня анкалягiчных пацыэнтаў.
Чаму ня варта займацца самалячэньнем і шукаць народныя спосабы ў інтэрнэце?
– Нават “Фэйсбук” увёў абмежаваньні на такую інфармацыю. Унесеныя ў альгарытм сацыяльнай сеткі зьмены будуць «паніжаць» паведамленьні пра цудадзейныя лекавыя сродкі; паведамленьні з групаў, прысьвечаных альтэрнатыўным спосабам лячэньня раку. Урэшце людзі пачалі разумець, што калі мы паверым у ацаленьне ад нейкіх спосабаў альтэрнатыўнай мэдыцыны, то зробім толькі горш. Я б за гэта і іншыя формы адказнасьці ў заканадаўчым парадку ўвёў, бо гэта мае вельмі адмоўны вынік. Калі людзі шукаюць гэтыя спосабы, знаходзяць іх, а ахвотнікаў параіць нешта вельмі шмат, у выніку мы маем запушчаную хваробу, калі нашая дапамога ўжо можа не спатрэбіцца.
Чаму анкалягічны дыягназ – гэта не прысуд?
— Я вельмі задаволены, што так пытаньне стала часта гучаць, бо раней яго ніхто не задаваў. Лічылася, што рак — гэта ўсё, як кажуць у народзе, капец. Сёньня гэта ня так. Калі ўсё зроблена своечасова і паводле стандартаў, то вынікі вельмі неблагія. Пры першай стадыі гэта 80-90 % пяцігадовага выжываньня. Ёсьць розныя выпадкі, але калі маем справу зь лякалізаванай хваробай і можна прымяніць неабходныя лекі і абсталяваньне, то магчыма дасягнуць нядрэнных вынікаў. Хворыя, якія жывуць 5-10 і болей гадоў і прыяжджаюць да нас, найлепшы доказ.
Ці праўда, што лячэньне анкалягічных хваробаў у Беларусі бясплатнае?
— Праўда. Нават таргетная тэрапія, а гэта вельмі дарагія лекі, бясплатная для грамадзянаў Беларусі. Ёсьць чым ганарыцца. Час можа ўнесьці карэктывы і ў Беларусі зьявіцца страхавая мэдыцына, прыватная мэдыцына, але пакуль лячэньне злаякасных пухлінаў для грамадзянаў Беларусі бясплатнае.
Што б вы параілі тым, хто зьбірае празь сеціва і СМІ грошы на лячэньне раку за мяжой? У якіх выпадках гэта сапраўды абгрунтавана?
— Думаю, што няма людзей, якія беспадстаўна просяць грошы, але вядома, што ёсьць і тыя, хто займаецца гэтым прафэсійна. Я толькі спадзяюся, што пераважная большасьць — гэта менавіта тыя, каму патрэбна дапамога. Ёсьць складаныя выпадкі, калі лячэньне нельга атрымаць у нашай краіне. Гэта можа тычыцца той жа самай пратоннай тэрапіі, асабліва для дзяцей гэта актуальна. Трэба мець вынікі дасьледаваньня, якія пакажуць, што ў Беларусі дапамагчы ня могуць. Ёсьць камісія пры Міністэрстве аховы здароўя, якая вывучае дакумэнты і прымае рашэньне аб накіраваньні такога хворага за мяжу. Гэта канкрэтны мэханізм, прадугледжаны ў нашым заканадаўстве.
Што тычыцца збору сродкаў, то калі гэта ідзе на добрую справу, бо тут немагчыма дапамагчы, я ня супраць. А калі гэта робіцца зь іншых прычынаў, толькі таму, каб мець лепшыя ўмовы ўтрыманьня; ці проста лічаць, што за мяжой лепей лечаць, то гэта іншая справа.
Што трэба аб сёньняшняга дня кожнаму зьмяніць у ладзе жыцьця, каб зьменшыць рызыку захварэць на рак?
— Калі вы хочаце быць доўгажыхарамі, то павінны быць гатовыя да таго, што ёсьць рызыка сутыкнуцца з гэтай хваробай. Рак — хвароба пажылога і старога ўзросту. Калі мы хочам ня проста жыць, а мець больш-менш здаровае жыцьцё, то трэба адпаведна ставіцца да сябе і блізкіх. Калі ня хочаце займацца сваім здароўем, то потым нельга ва ўсім абвінавачваць лекараў і сыстэму, якая нібыта не працуе.
Ёсьць простыя рэчы, пра якія сказала столькі, што паўтарацца ня хочацца. Вядзіце здаровы лад жыцьця і будзьце фізычна актыўнымі. Здароўе — гэта ня толькі фізычны, але і псыхалягічны стан, гэта і ўмовы жыцьця і працы. Трэба намагацца і штосьці рабіць дзеля таго, каб жыцьцё насіла ўсё больш здаровы характар. Пачніце зь сябе і сваіх блізкіх.