Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ня трэба крычаць, што народ вымірае на вачах», — анколяг адказвае на пост у Фэйсбуку пра чэргі ў Бараўлянах


Загадчык аддзелу супрацьракавай барацьбы анкалягічнага цэнтру ў Бараўлянах, кандыдат мэдычных навук Павал Маісееў
Загадчык аддзелу супрацьракавай барацьбы анкалягічнага цэнтру ў Бараўлянах, кандыдат мэдычных навук Павал Маісееў

Загадчык аддзелу супрацьракавай барацьбы анкалягічнага цэнтру ў Бараўлянах, кандыдат мэдычных навук Павал Маісееў дэтальна адказвае на публікацыю ў Фэйсбуку фотаздымку чаргі ў паліклініцы ў Бараўлянах з рэзкім камэнтаром аднаго з лідэраў прадпрымальніцкага руху Віктара Гарбачова.

Некалькі тыдняў таму ў Фэйсбуку зьявілася фота чаргі ў паліклініцы Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру анкалёгіі і мэдычнай радыялёгіі імя Аляксандрава ў Бараўлянах. Фота разьмясьціў кіраўнік грамадзкай кампаніі «За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва» Віктар Гарбачоў зь вельмі крытычным эмацыйным камэнтаром. Ён налічыў 126 чалавек на адным крыле аднаго паверху. Галоўная ідэя ягонага допісу заключалася ў тым, што народ вымірае на вачах, а анкалёгія «зжырае краіну». Гарбачоў у сваім рэзкім допісе выказаў падзяку лекарам, якім, паводле яго, за працу ў такіх умовах трэба ставіць помнік, і ва ўсім абвінаваціў дзейную ўладу і сыстэму. За некалькі тыдняў гэты пост, у якім выкарыстоўвалася і ненарматыўная лексыка, перадрукавалі амаль 2 тысячы разоў, пад ім больш за 350 камэнтароў, яго адзначылі больш за 3,6 камэнтатараў.

Павал, вы таксама пакінулі камэнтар пад гэтым пастом. Калі ласка, як начальнік аддзелу супрацьракавай барацьбы згаданага цэнтру выкажыце, калі ласка, вашыя аргумэнты і факты ў адказ на допіс, які выклікаў шырокі розгалас у грамадзтве.

«Анкалёгія нікога не „сжирает“, анкалёгія дапамагае»

— Гэты выступ, на мой погляд, нічога карыснага ані для пацыентаў, ані для лекараў не нясе, акрамя эмацыйнасьці, і прабачце, непісьменнасьці ў праблеме, якую аўтар спрабуе неяк абагульніць і ўзьняць вострыя пытаньні. Насамрэч няма нічога, што давала бы падставы меркаваць, што чалавек асабіста зацікаўлены ў тым, каб у нас штосьці зьмянілася да лепшага. Такое ўражаньне склалася, што гэта барацьба за імідж барацьбіта за праўду. Увесь гэты выступ — эмацыйны і непісьменны, пачынаючы ад таго, што чалавек ня ведае амаль нічога пра анкалёгію як навуку, калі ён кажа, што анкалёгія «сжирает» краіну. Анкалёгія нікога не «сжирает», анкалёгія дапамагае, лечыць, бо гэта — навука, з дапамогай якой мы дапамагаем хворым. Па-другое, факты, якія падаюцца, вельмі спрэчныя, мякка кажучы.

— Давайце пройдземся па канкрэтных фактах.

Чарга ў Бараўлянах. Фота з Фэйсбуку Віктара Гарбачова
Чарга ў Бараўлянах. Фота з Фэйсбуку Віктара Гарбачова

​— Давайце палічым, выкарыстоўваючы простую арытмэтыку. У нашай новай паліклініцы, якая была адчыненая летась у сьнежні, толькі на прыём пацыентаў працуе амаль 30 кабінэтаў па 17 спэцыяльнасьцях. Можна палічыць, што калі пад кабінэтам сядзіць два-тры, самае большае чатыры чалавекі, дык атрымліваюцца тыя самыя 120 чалавек, якія сядзяць у калідоры і чакаюць сваёй чаргі. Да таго ж амаль што ніводзін пацыент не прыяжджае да нас без суправаджэньня, зь ім хтосьці ёсьць з родных ці знаёмых. І гэта таксама тыя людзі, якія сядзяць і чакаюць. Акрамя прыёму (паліклініка — гэта ня толькі кансультатыўная ўстанова) ёсьць і амбуляторная хіміятэрапія, амбуляторная хірургія і дыягнастычнае аддзяленьне, ультрагукавое, эндаскапічнае і рэнтгеналягічнае аддзяленьні. Выбачайце, але немагчыма імгненна ўвесь гэты народ прапусьціць, тэхналягічны працэс не дазваляе гэтага зрабіць.

калі пад кабінэтам сядзіць два-тры, самае большае чатыры чалавекі, дык атрымліваюцца тыя самыя 120 чалавек, якія сядзяць у калідоры і чакаюць сваёй чаргі

Ён ня бачыў старой паліклінікі, якая была ў нас на першым паверсе і была раскіданая па другіх карпусах, калі там насамрэч было не праціснуцца, не прайсьці паміж дзьвюх лаваў. Зараз не скажу, што вельмі камфортныя ўмовы, але калі параўнаць, то гэта неба і зямля. Калі не глядзець абʼектыўна і ня бачыць лепшага, тады ўсё можна чорнай фарбай пафарбаваць, калі шукаць толькі нэгатыўнае.

Яшчэ цікавы факт, на які ня кожны зьвярнуў увагу. Ён піша, што прыехалі а 7 гадзіне раніцы. Паліклініка пачынае працаваць а 8 раніцы. Навошта прыяжджаць а 7-й? Што мы раней прыём пачнём весьці? І каб ён адзін такі быў. Людзям, якія жывуць у Менску, прыехаць сюды да прызначанай гадзіны не складана, але ж колькі людзей прывязаныя да раскладу руху аўтобусаў і цягнікоў. Яны таксама прыяжджаюць не тады, калі прызначана. Яны таксама сядзяць і чакаюць. Гэта рэальнасьць, якая не залежыць ад лекараў, якія працуюць, і ад абсталяваньня, якое сёньня ёсьць у паліклініцы. Гэта трэба ўлічваць, а не кідацца лёзунгамі пра страшныя чэргі.

Паліклініка пачынае працаваць а 8 раніцы. Навошта прыяжджаць а 7-й?

Яшчэ ёсьць адна акалічнасьць. Наш цэнтар — не звычайны цэнтар, ён выконвае функцыю і абавязкі менскага абласнога анкалягічнага дыспансэру. Людзі зь Менскай вобласьці складаюць амаль 60% усіх наведвальнікаў. Людзі едуць з цэнтральных раённых бальніц па накіраваньні раённых анколягаў. Найчасьцей акрамя накіраваньня і рэнтгена на руках яны нічога ня маюць. Амаль што за дзень яны павінны прайсьці ад першага прыёму ў спэцыяліста, да выніковага заключэньня, у якім будзе пастаўлены дыягназ, будзе вызначаная цыталягічная карціна, адпаведна трэба зрабіць шмат чаго. Канечне, можна амаль 6 гадзінаў сядзець, але ж ня проста сядзець, з табой працуюць, думаюць, увогуле ставяць дыягназ, ад якога залежыць, ці будзеш ты жыць, ці будуць цябе лячыць. Гэта вельмі важна. Астатнія 40% наведнікаў або самі едуць без накіраваньня, таму што хочуць сюды прыехаць, або маюць нейкія складанасьці, і ў такіх сытуацыях натуральна накіроўваюць у наш цэнтар. Яны сюды праяжджаюць, хто на каталцы, хто з мыліцамі, хто на насілках, ці зь кіёчкам. І канечне тут іх болей, чым у іншай лякарні. І калі столькі цяжка хворых людзей, натуральна, эмацыйна гэта ўспрымаецца вельмі цяжка. Але ж гэта трэба разумець, а не крычаць, што народ вымірае на вачах. Так нельга, тым больш, што гэта хлусьня.

«Анкалягічныя захворваньні — гэта хвароба сталых людзей у асноўнай масе»

— Ва ўсім сьвеце ў сувязі з разьвіцьцём мэдыцыны і адпаведна павелічэньнем працягласьці жыцьця, паляпшэньнем дыягностыкі расьце колькасьць захворваньняў на анкалягічныя хваробы. У Беларусі ў дыскусіях апошнім часам даволі часта прыводзіцца эмацыйны аргумэнт, што маўляў, усе вакол хварэюць на рак і паміраюць ад анкалягічных хваробаў, што краіна вымірае, пра што і Віктар Гарбачоў пісаў. Калі адкінуць эмоцыі, і апэраваць выключна фактамі, то як выглядае беларуская анкастатыстыка ў параўнаньні з суседзямі, з краінамі ЭЗ?

наша краіна не адносіцца да краінаў з высокім узроўнем анкалягічных захворваньняў

— На шчасьце, наша краіна не адносіцца да краінаў з высокім узроўнем анкалягічных захворваньняў. Яна дзесьці ў сярэдзіне. У некаторых краінах з высокім узроўнем дабрабыту, такіх як Фінляндыя, Францыі і нават Нямеччына, узровень анкалягічнай захворваемасьці больш высокі чым у Беларусі. Ведаю, што зараз пачнуць казаць, што хлусяць, прыводзяць сваю статыстыку, якая не адпавядае рэчаіснасьці, але ж у нашай краіне за такія рэчы як гульні са статыстыкай ёсьць нават крымінальная адказнасьць. Ніхто не зацікаўлены ў тым, каб зьніжаць колькасьць захварэўшых. Па-другое, цяпер нібы адчынілі скрыню Пандоры. Яшчэ дзесяць год таму ніхто ня меў магчымасьці падлічыць, у СМІ нельга было прачытаць, колькі ў нас захварэлых на рак, а колькі памерла. А сёньня гэтыя лічбы даступныя, усе маюць доступ да гэтай інфармацыі, калі хочуць.

За год мы знаходзім і выяўляем анкалягічную хваробу ў амаль 50 тысяч чалавек

Трэба разумець, што анкалягічныя захворваньні — гэта хвароба сталых людзей у агульным сэнсе. Ёсьць выпадковасьці, ёсьць маладыя людзі, якія пачынаюць хварэць, але ў сваёй самай асноўнай масе — гэта людзі сталага ўзросту. І тут трэба выбіраць, ці мы хочам жыць даўжэй, ці мы хочам паміраць маладымі і ня мець анкалягічных хваробаў. Раней казалі пра чалавека, які да 60 дажываў, што ён добра пажыў. Цяпер можна ў 80 гадоў і працаваць, і нават кіраваць нейкім калектывам, і мець добры стан здароўя, і гэта нармалёва. Прыходзіць час, калі арганізм страчвае свае нейкія абарончыя сілы, гэты працэс ідзе, і ўзьнікае пухліна. Гэта таксама натуральны працэс, і гэта трэба зразумець, а ня трэба крычаць, што краіна вымірае. За год мы знаходзім і выяўляем анкалягічную хваробу ў амаль 50 тысяч чалавек, а памірае ў год 17 тысячаў чалавек. Але гэта ня з тых 50 тысяч, хто захварэлі сёлета, а тыя, хто захварэлі ў розныя часы, у тым ліку і шмат гадоў таму.

Кожны 34 жыхар Беларусі стаіць на ўліку ў анкалягічным дыспансэры

Сярод захварэлых 20-22% — гэта тыя, хто памруць на працягу году пасьля таго, як ім паставілі дыягназ. Але гэта — чацьвёртая, можа, трэцяя стадыя. Пухліна — гэта такая хвароба, пры якой на першай і другой стадыі нават без лячэньня, калі нічога не рабіць, чалавек пражыве год-два і не памрэ. І калі памірае, то гэта запушчаныя пухліны. Апошнія лічбы — 237 тысяч анкахворых у краіне. Кожны 34 жыхар Беларусі стаіць на ўліку ў анкалягічным дыспансэры. Гэта і тыя, якія толькі што атрымалі дыягназ, і тыя, якія жывуць 10 гадоў і болей. І яшчэ адна важная лічба: 52% ад тых, што стаяць на ўліку, жывуць пяць і болей гадоў пасьля дыягназу. Яны жывуць і працуюць. Гэта адзін з вынікаў.

Якое абсталяваньне цяпер ёсьць у Бараўлянах

— У сваім камэнтары Віктару Гарбачову вы прапаноўвалі параўноўваць тое, што было, і тое, што ёсьць цяпер. Сапраўды, цэнтар у Бараўлянах мяняецца, новая паліклініка, ПЭТ-цэнтар... Раскажыце, як мадэрнізуецца анкалягічная служба, якія праблемы ёсьць, і што наперадзе плянуецца дзеля ўдасканаленьня яе?

​— Можна ганарыцца, што маем такую клініку ў нашай краіне. Калі ня мець гэтага гонару, я нават ня ведаю, чым тады ганарыцца сярод нашых навуковых цэнтраў. Цэнтар анкалёгіі — вядучая мэдычная ўстанова Беларусі, якая сёньня мае ўсё. У мінулую пятніцу прайшоў зьезд, прысьвечаны стагодзьдзю нашага першага дырэктара Мікалая Мікалаевіча Аляксандрава. И мы запрасілі вэтэранаў, у тым ліку і з зь іншых краінаў — з Канады, з Ізраілю. Многія ня бачылі цэнтар 5-10 гадоў, і казалі, што гэта неба і зямля. Толькі сьляпы і той, хто не жадае, ня бачыць гэтыя зьмены. Толькі за апошнія сем гадоў зрабілі капітальны рамонт амаль усіх аддзяленьняў, умовы ў палатах мяняюцца, стала больш аднамясцовых і дзьвюхмясцовых палат. Рэканструяваны корпус пухліны галавы і шыі, рэканструяваны і амаль мадэрнізаваны ўралягічны корпус.

Сёньня мы маем вельмі абсталяваны цэнтар, які мае амаль што ўсе ўмовы, каб аказваць кваліфікаваную, спэцыялізаваную на сучасным узроўні дапамогу нашых хворым

ПЭТ-цэнтар — адзіны ў краіны. Яшчэ пяць гадоў таму, калі толькі пачыналі гэтую праблему ўздымаць, казалі, што немагчыма ў гэтай краіне пабудаваць ПЭТ-цэнтар, таму што гэта вельмі складаная з тэхналягічнага пункту гледжаньня ўстанова, маленькі мінізавод, які выпрацоўвае мікрачасьціцы, ізатопы для дасьледаваньня. Пра новую паліклініку я ўжо сказаў. Нядаўна пабудаваны будынак — малекулярна-генетычная лябараторыя, якая на сёньняшні дзень дазваляе пэрсаніфікаваць лячэньне, асабліва хіміятэрапію, калі па генах (не буду ў падрабязнасьці ўваходзіць) прызначаецца хіміятэрапія ў залежнасьці ад геннага статусу. Калі б сказаць пра гэта яшчэ 10 гадоў таму, ніхто б не паверыў, што такое магчыма.

Сёньня ў прамянёвай тэрапіі мы маем амаль усё. Але ёсьць складанасьць. Паколькі цяпер ідзе мадэрнізацыя прамянёвага паскаральніка, і ўсталёўваецца новае абсталяваньне для прамянёвай тэрапіі. Калі дарогу рамантуюць, то пішуць: «Прыносім свае прабачэньні, мы працуем для вас». Сёньня мы працуе нам тым, каб зьмяніць абсталяваньне, усталяваць самае сучаснае абсталяваньне. Трэба пацярпець, пачакаць, але ж ніхто чакаць ня хоча. Я разумею, усе хочуць трапіць сёньня, бо заўтра ня трэба, а праз тыдзень бульбу саджаць ці яшчэ што.

У выніку, як заўсёды, вінаваты лекары, адміністрацыя. Калі кажуць, што наш цэнтар — ніякі, то гэта насамрэч ня так. Сёньня мы маем вельмі абсталяваны цэнтар, які мае амаль што ўсе ўмовы, каб аказваць кваліфікаваную, спэцыялізаваную на сучасным узроўні дапамогу нашых хворым. І гэта ня толькі наш пункт гледжаньня. Амаль кожны тыдзень прыяжджаць спэцыялісты, нядаўна быў візыт міністра аховы здароўя Польшчы. Ён прыяжджаў ня толькі азнаёміцца, але і вывучаць структуру анкалягічнай дапамогі ў нашай краіне. На жаль, у нашых суседзяў гэта праблема, служба раздробленая — там лякуюць, там апэруюць, хіміятэрапію ў адным месцы праводзяць, а апраменьваньне ў іншым. Такая сыстэма, структура анкалягічнай службы, якая ў нас захаваная і мадэрнізаваная, гэта гонар для краіны.

«Па пяцьсот мы ўжо маем»

— Што да фотаздымку чаргі ў паліклініцы, я вам скажу, што чэргі вы можаце пабачыць і ў чэскіх паліклініках і шпіталях, і там таксама часам даводзіцца чакаць пэўных абсьледаваньняў. А ў якіх умовах працуюць лекары ў Бараўлянах? Які сярэдні заробак у анколягаў?

Канечне, калі лекар працуе з сучасным абсталяваньнем, ён атрымлівае задавальненьне ад сваёй працы

— Гэта ўсё адзін ланцужок, калі лекар працуе ў нармальных умовах, калі хворы знаходзіцца ў нармальных умовах і камфортна сябе пачувае, бо ён ляжыць на ложку адзін ці ўдвох у палаце, і ў яго менш стрэсу. Я яшчэ памятаю часы, калі ў палатах па 6-7 чалавек ляжала. А зараз новая паліклініка, там і электронны запіс існуе, і тэлефон папярэдняга запісу, і ўсё мае цывілізаваны выгляд. Канечне, калі лекар працуе з сучасным абсталяваньнем, ён атрымлівае задавальненьне ад сваёй працы. Што да заробку... Па пяцьсот мы ўжо маем. Гэтая задача выкананая ў нашым цэнтры. Чаму я не хацеў бы закранаць грашовую тэму, бо яна пацягне іншую, што ўсе там хабарнікі, што толькі з грашыма можна ў Бараўлянах лячыцца. Калі б гэта было насамрэч так, то тут бы столькі людзей не было. Ехалі бы людзі туды, дзе хабар не даюць і не бяруць. Урэшце ў кожным абласным цэнтры ёсьць анкалягічны дыспансэр, яны абсталяваныя, можа, крыху горш, але ж маюць усё неабходнае для аказаньня дапамогі. Але ж едуць і з Віцебску, і з Гомеля, і з Берасьця сюды, таму што ведаюць, што гэта — найлепшы цэнтар. Так і ёсьць, што ж зробіш.

«Я запрасіў Віктара Гарбачова праз у Фэйсбук да сябе зайсьці»

— Вядома, што ваша кіраўніцтва рэагуе на крытычныя камэнтары ў СМІ, што натуральна. У выпадку з пастом Віктара Гарбачова, якая была рэакцыя, ці былі пацярпелыя?

— Адразу супакою, ніякіх пацярпелых не было, дзякуй Богу. Але вы маеце рацыю, што ўсё гэта адсочваецца. Калі крытыка канструктыўная, мы заўсёды нешта зь яе бярэм. Былі пажаданьні кавярню адкрыць — адкрылі, людзі могуць пайсьці ў новай паліклініцы пасьнедаць ці паабедаць. Але ёсьць адваротны бок. Знайшліся незадаволеныя, якія скардзяцца, што цэны вышэйшыя чым у Менску. Мы ж не ўсталёўваем кошты ў кавярні. Не падабаецца, ёсьць другі буфэт, куды можна пайсьці таньней паесьці. Гэта бясконца. Чым больш мы будзем рабіць, тым больш будзе незадаволеных.

Чым больш мы будзем рабіць, тым больш будзе незадаволеных

Дарэчы, я запрасіў Віктара Гарбачова праз у Фэйсбук да сябе зайсьці, паразмаўляць, калі ёсьць пытаньні. Але ж нават ня тое, што не зайшоў, але не пакінуў ніякага адказу на мой пост. Гэта таксама красамоўна. Ён пазыцыянуе сябе як пасьпяховы бізнэсовец, дык, Віктар, прыйдзі да нас і скажы: «У вас ёсьць праблема, я бы хацеў дапамагчы, давайце адрамантуем палату, давайце зробім палату падвышанага камфорту». Мы шыльду павесім, што Віктар Гарбачоў прычыніўся і ўсе будуць дзякаваць, але ж гэтага няма. Я разумею, прасьцей крытыкаваць і нічога не рабіць.

«У людзей не паўстае пытаньне, ці ёсьць жыцьцё пасьля 50»

— Свабода некалькі гадоў таму падрыхтавала праект «Жыцьцё пасьля раку»​, у якім расказала пра лёсы людзей, якія пасьпяхова змагаюцца з анкалягічнай хваробай. Вы былі аўтарам прадмовы да кнігі «Жыцьцё пасьля раку». Як мне падаецца, у гэтай складанай жыцьцёва тэме, важна апэраваць не «страшылкамі», а пазытыўнымі фактамі і прыкладамі. Раскажыце, калі ласка, у якіх сфэрах у Беларусі, найлепшая статыстыка, што раньняга выяўленьня хваробы і яе апэратыўнага лячэньня? А якія тыпы хваробы традыцыйна маюць ня вельмі аптымістычны прагноз.

— Традыцыйна самыя лепшыя вынікі мы маем у ўралёгіі, гаворка пра рак мачавога пухіра, прастаты, можна сказаць пра рак скуры. Нават рак лёгкіх, тут вынікі, можа, не выдатныя, але лепшыя, чым у многіх краінах заходняй Эўропы. Традыцыйна самыя цяжкія тыя, якія цяжка дыягнаставаць. Гэта рак падстраўнікавай залозы, страваводу і печані. Гэтыя тры найбольш складаныя пухліны маюць нэгатыўны прагноз, але ўсё роўна кожны трэці, каму мы дапамагаем, жыве. Гэта ўжо прагрэс.

— І на завяршэньне, пяць парадаў ад анколяга як можна прадухіліць анкалягічную хваробу, які лад жыцьця дапаможа доўгаму жыцьцю пасьля раку?

— Не буду даваць пяць парадаў. Толькі скажу, што калі вам дорага ваша жыцьцё, вы павінны што-небудзь зрабіць. Я прывяду замалёўку са свайго жыцьця. Калі я выходжу на вуліцу, а ў нас побач ёсьць школы і дзіцячы садок, бачу, як маладыя матулі вязуць вазок зь дзіцём і паляць. Чаго хочаце пасьля гэтага? Я так разумею, што ў людзей не паўстае пытаньне, ці ёсьць жыцьцё пасьля 50. Беражыце сябе і задумайцеся аб стане здароўя свайго і сваіх блізкіх. Гэта самая галоўная парада. Будуць думкі — будуць вынікі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG