Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як вылечыцца ад раку. Ня толькі філязофская размова з анколягам


Намесьнік дырэктара ў справе арганізацыі супрацьракавай барацьбы Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру анкалёгіі і мэдычнай радыялёгіі імя Аляксандрава Павал Маісееў.
Намесьнік дырэктара ў справе арганізацыі супрацьракавай барацьбы Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру анкалёгіі і мэдычнай радыялёгіі імя Аляксандрава Павал Маісееў.

Чаму змагацца трэба з ракам, а не анкалёгіяй? Калі ў цэнтры ў Бараўлянах зьявіцца робат для малаінвазійных апэрацый? Калі на тэрыторыі сучаснай Беларусі выразалі першую пухліну?

Пра гэта ды іншае ў сусьветны дзень барацьбы супраць раку расказвае Свабодзе намесьнік дырэктара ў справе арганізацыі супрацьракавай барацьбы Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру анкалёгіі і мэдычнай радыялёгіі імя Аляксандрава, кандыдат мэдычных навук Павал Маісееў.

Сьцісла:

  • У 1773 годзе ў Нясьвіжы зрабілі першую на тэрыторыі ВКЛ апэрацыю па выдаленьні пухліны малочнай залозы.
  • Для курцоў патрэбная не флюараграфія, а кампутэрная тамаграфія
  • Скрынінгі дадуць відавочныя вынікі праз 20 гадоў
  • Судовыя працэсы над лекарамі анколягаў не закранулі.

Як прыдворны лекар Радзівілаў выразаў пухліну малочнай залозы

— Напярэдадні сусьветнага дня барацьбы супраць раку звычайны дактары даюць шмат статыстыкі і лічбаў, што тычацца новых выпадкаў хваробы і яе лячэньня. Ня ўсе ведаюць пра гэтую дату, але яна сапраўды важная. Калі была праведзеная першая анкалягічная апэрацыя на тэрыторыі сучаснай Беларусі?

Павал Маісееў.
Павал Маісееў.

— Дакладна вядома, што 19 траўня 1773 году ў Вялікім Княстве Літоўскім у Нясьвіжы прыдворны лекар Радзівілаў Фрэдэрык Эме зрабіў першую на тэрыторыі ВКЛ апэрацыю па выдаленьні пухліны малочнай залозы. Гэта дакладны факт, адлюстраваны ў кнізе, дзе ён апісвае, як назіраў жанчыну, як рабіў апэрацыю. Жанчына выздаравела, усё прайшло ў яе добра. Канечне, сёньня мы ня можам дакладна сказаць, што там за пухліна была — злаякасная, магчыма і дабраякасная, але сам факт апэрацыі, зроблены на тэрыторыі нашай краіны, вядомы і адлюстраваны ў «Кіраўніцтве па анкалёгіі», выдадзеным 2 гады таму.

Якія дасьледаваньні павінны стаць абавязковымі

— У Беларусі 4 скрынінгавыя праграмы: у выяўленьні раку малочнай залозы і шыйкі маткі ў жанчын; раку прастаты ў мужчын; а таксама раку тоўстай кішкі і ў мужчын, і жанчын. Якую дыягностыку з пункту гледжаньня анколягаў варта зрабіць абавязковай дзеля своечасовага выяўленьня анкалягічных хваробаў? Напрыклад УЗІ ўнутраных органаў, пэўныя аналізы крыві. Што яшчэ варта дадаць, а ад чаго адмовіцца — напрыклад абавязковай флюараграфіі лёгкіх, якая не выяўляе рак лёгкіх?

— Скрынінгі не на пустым месцы ўзьніклі, яны распрацаваныя. І рэкамэндацыі, закладзеныя ў праграму скрынінгу, безумоўна, павінны былі б распаўсюджвацца на ўсю краіну, на ўсё насельніцтва ў пэўных узроставых катэгорыях. Тут усё можа і проста, але і складана. Па-першае, гэта групы рызыкі — курцы, пэўныя сацыяльныя групы, людзі, якія маюць шкодныя ўмовы працы. Для іх патрэбны асобны падыход.

Міты і праўда пра рак. Эксклюзіўнае інтэрвію дырэктара цэнтру ў Бараўлянах
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:37:42 0:00

Што тычыцца рэнтгеналягічнага дасьледаваньняў лёгкіх, тут, канечне, флюараграфія як мэтад выяўленьня сухотаў найперш, ня вельмі добры, каб выяўляць пухліны. І калі пры флюараграфіі пухліна выяўляецца, то гэта ўжо другая ці трэцяя стадыя працэсу. Калі гэта ня тычыцца групаў рызыкі, то павінна быць нармальнае рэнтгеналягічнае дасьледаваньне лёгкіх. А калі гэта тычыцца курцоў зь вялікім стажам, людзей са шкоднымі ўмовамі працы, то тут павінна рабіцца кампутэрная тамаграфія.

Дарэчы мы распрацоўваем пілётны праект па скрынінгу раку лёгкага, дзе як раз разглядаецца роля кампутэрнай тамаграфіі ў выяўленьні пачатковага раку. Што тычыцца ўсіх астатніх, калі б у мяне была такая ўлада, то нават калі кіроўца праходзіць мэдычную камісію, я бы ўключыў найбольш важкія дасьледаваньні — ПСА, мамаграфія, а калі жанчына маладога ўзросту, то УЗІ малочнай залозы. Ня трэба займацца вынаходніцтвам, трэба рабіць рэгулярна і своечасова тыя дасьледаваньні, якія рэкамэндаваныя для кожнай катэгорыі людзей у пэўным веку.

Вынікі скрынінгу будуць відавочныя праз 20 гадоў

— Жанчына ў Беларусі, калі ідзе да гінэколяга, ёй абавязкова зробяць біяпсію шыйкі маткі, мужчыны ж пасьля 60 гадоў абавязкова здаюць аналіз ПСА на рак прастаты. Ці такія самыя праграмы ёсьць у іншых краінах, і наколькі перадавой Беларусь на гэтым тле выглядае?

— Калі б так было ва ўсіх краінах, то не было бы праблем. Беларусь тут не зьяўляецца піянэрам, але імкнецца быць у ліку тых краінаў, якія больш-менш прасунутыя ў гэтым кірунку. Ёсьць шмат краінаў, дзе няма ня толькі ўсеагульнага скрынінгу, але і так званага апартуністычнага (выбарачнага) скрынінгу няма. Гэта каштуе вялікіх грошай, вялікіх арганізацыйных намаганьняў. Мы займаемся гэтай праблемай толькі гадоў дзесяць, а ёсьць такія краіны як Швэцыя, Фінляндыя, дзе гэтыя працэсы ідуць ад 30 да 50 гадоў. Яны маюць добрыя вынікі.

Трэба разумець, што вынік скрынінгу будзе ня сёньня і ня заўтра, а праз 20 гадоў, калі мы будзем адчуваць першыя вынікі ў выглядзе зьніжэньня сьмяротнасьці ад анкалягічных хваробаў. Беларусь не зьяўляецца эталёнам, але ідзе слушным кірункам.

Супрацьпухлінныя вакцыны

— РНПЦ анкалёгіі і мэдыцынай радыялёгіі, як маглі пераканацца карэспандэнты Свабоды, які якія наведалі яго два гады таму, мае найсучаснае абсталяваньне для дыягностыкі і лячэньня анкалягічных хваробаў. Што зьявілася новага за гэты час, і якія новыя тэхналёгіі, абсталяваньне зьявяцца найбліжэйшым часам?

— Анкалёгія — ня тая дысцыпліна, у якой кожны дзень нешта адбываецца. Зараз ня той час, калі адбываліся нейкія адкрыцьці, рабіліся новыя машыны і інструмэнты. Але ўсё ж прагрэс не стаіць на месцы. Калі вы былі, мы толькі вялі размову, што цэнтра атрымлівае гама-нож. А сёньня ён працуе ў поўную сілу і амаль тысяча пацыентаў прайшла працэдуру на гэтым гама-нажы. Гэта найперш пацыенты з пухлінамі цэнтральнай нэрвовай сыстэмы, гэта выдаленьне маленькіх пухлін галаўнога мозгу. Цяпер гэта штодзённая практыка. Вы тады наведвалі ПЭТ-цэнтар, дзе сёньня ў нас ёсьць новыя напрацоўкі. Ужо пачалася выпрацоўка свайго, айчыннага прэпарату для дыягностыкі пухлін галаўнога мозгу. Мы не стаім на адным месцы.

Сёньня будучыня анкалёгіі — гэта не цяжкае абсталяваньне, гэта малекулярна-генэтынчыя дасьледаваньні, дасьледаваньні генома чалавека. Мы пачынаем працаваць над супрацьпухліннымі вакцынамі, і гэта ўжо не нейкая фантастыка, а справа калі ня заўтрашняга, дык пасьлязаўтрашняга дня.

— Наколькі я ведаю, былі пераабсталяваныя ня толькі Бараўляны, але і іншыя анкалягічныя цэнтры....

— Анкалягічныя дыспансэры ў абласных цэнтрах маюць ня горшае, а нават лепшае абсталяваньне, таму што чым пазьней атрымліваеш, тым больш сучасныя распрацоўкі маеш. Немагчыма адрамантаваць і мадэрнізаваць усе ўстановы адразу. Калі ў Берасьці ўведзены сучасны хірургічны корпус, то ў Віцебску гэта справа будучага. У Магілёве адчыненая сучасная цыталягічныя лябараторыя.

У нас у плянах — сучасны магнітна-рэзанансны тамограф апошняга пакаленьня. Гэта справа бліжэйшага часу. Нашая мара, якая атрымлівае рысы канкрэтнасьці, атрыманьне так званага робата. Ён ужо ёсьць у Рэспубліканскім клінічным шпіталі пры кіраўніцтве справамі прэзыдэнта. Мы разьлічваем калі не сёлета, то ў наступным годзе атрымаць гэтага робата для выкананьня малаінвазійных апэрацый.

Чаму анколягі ня лечаць анкалёгію

— Апошнім часам абмяркоўваецца прапанова не называць ракам пэўныя анкалягічныя хваробы, якія маюць вельмі добрыя прагнозы пры своечасовым выяўленьні, пры якіх сьмяротнасьць мінімальная, каб людзі псыхалягічна больш спакойна рэагавалі пры пастаноўцы дыягназу. Як вы да гэтага ставіцеся?

​— Я на гэты конт маю асабістае меркаваньне. Гэта нельга рабіць. Па-першае, мы ня будзем мець добрых вынікаў лячэньня, калі мы гэтых людзей выкрасьлім з агульнага сьпісу злаякасных пухлін. Атрымаецца, што тыя, каго мы пасьпяхова вылечылі, будуць вылечаныя ад нейкіх іншых хваробаў. Гэта мы ўжо праходзілі. Тады іншыя людзі ня будуць ведаць, што анкалягічныя хваробы пасьпяхова лечацца. Трэба дыфэрэнцавана падыходзіць у тым сэнсе, што людзям трэба добра і ясна даводзіць інфармацыю, што з гэтай пухлінай могуць быць такія і такія вынікі. Дарэчы, ня мае значэньня якая гэта пухліна — зь лепшым ці горшым прагнозам.

Якая пухліна бы не была, калі яна дыягнастуецца на раньняй стадыі, першай ці другой, гэта гарантуе посьпех у любым выпадку. Калі мы асобна пазначым пухліны, якія вылечваюцца ня так добра, як іншыя, то таксама, мы зробім так, што пацыент палічыць, што ён трапіў у чорны сьпіс і будзе думаць, што няма пэрспэктывы і надзеі. Таму я вельмі катэгарычна супраць гэтага. Цяпер людзі пакрыху адыходзяць ад гэтага страху перад ракам, але ўсё роўна ён снуе.

Я нават лічу, што ў нашым грамадзтве адбыўся цікавы паварот, калі слова рак выкрасьлілі з агульнага выкарыстаньня, а сталі замяняць яго на слова анкалёгія. І ў нас атрымліваецца, што анколягі, дзякуючы намаганьням такой навукі, як анкалёгія, вылечваюць анкалёгію. Проста бязглузьдзіца. У нас людзі не хварэюць на анкалёгію. Ніхто ж ня кажа, што чалавек хварэю на пульманалёгію ці кардыялёгію. А вось з анкалёгіяй гэта чамусьці праходзіць.

Калі трэба лячыцца за мяжой

— Як беларускія анколягі ставяцца да сытуацый, калі грамадзяне Беларусі спрабуюць дамагчыся лячэньня анкалягічных хваробаў за мяжой? Нават у цяперашніх гучных справах мэдыкаў адзін з фігурантаў справы хабар скарыстаў на лячэньне жонкі ад раку за мяжой. Ці ў многіх выпадках гэта апраўдана? Ведаю, што многія цяпер у Беларусь едуць як раз за сучасным лячэньнем ад раку.

— Справа ня толькі ў стане мэдыцыны ў краіне, але і ў псыхалёгіі людзей. Мы ўсё чамусьці думаем, што там будзе лепей, чым тут. Канечне, а разумею, што, можа, па ўмовах, якія мы можам прапанаваць, адстаём ад Ізраіля ці іншых
краінаў. Там, можа, лепшыя ўмовы, але ж ня сьцены лечаць, а абсталяваньне, лекі і дактары, якія ёсьць у краіне.

Іх ня так шмат, але ёсьць пухліны такіх лякалізацый, якія мы ня можам вылечыць у нашай краіне, але гэта рэдкія выпадкі, калі мы ня можам адэкватнага лячэньня прапанаваць. Тое, што людзі едуць за мяжу, забараніць мы ня можам. Я ведаю выпадкі, калі з Ізраіля ці Нямеччыны людзі вяртаюцца пасьля кансультацый, дзе ім кажуць, што мы ня можам вам тут нічога прапанаваць, таму што вас лячылі добра і правільна. Таксама ведаю выпадкі, калі ехалі ва ўмоўны Ізраіль, пачыналі там лячыць, потым вярталіся сюды, і мы выпраўлялі памылкі, зробленыя там.

Калі ёсьць магчымасьці, але людзі ня ведаюць пра іх, гэта адно, а калі яны не жадаюць ведаць, гэта зусім іншае. І сёньня ў інтэрнэце чытаю, як пачынаецца збор грошай, падпісаньне пэтыцый. Ёсьць камісія пра Міністэрстве аховы здароўя, якая прымае рашэньне. І калі мы ня можам вылечыць тут гэтага пацыента, то ён атрымлівае афіцыйны накірунак за мяжу і атрымлівае там лячэньне.

Я магу дакладна сказаць, што выкарыстоўваць для лячэньня сваіх сваякоў грошы, атрыманыя ў якасьці хабару, і нават выцягваць гэтыя грошы з кагосьці, справа, якая ня ёсьць гонарам ні для таго, хто гэта робіць, ні для чаго гэта робіцца.

— Наколькі я бачу, анкалягічную галіну, судовыя працэсы мэдыкаў не закранулі...

— Пакуль так. І мы спадзяемся, што яны нас не датычацца. У нас вельмі цяжкая спэцыяльнасьць, вельмі адказная. І мы вельмі ўдзячныя лёсу, што ўсё, што адбываецца, адбываецца не з намі.

Правілы жыцьця, каб вылечыцца ад раку

— Пацыентка Бараўлянаў і гераіня кнігі «Жыцьцё пасьля раку» Сьвятлана Бергер сфармулявала чатыры складнікі, неабходныя для таго, каб вылечыцца ад рака (з назіраньняў і ўласнага досьведу):

  • Быць паглынутым справай, сям’ёй, ідэяй, бо вылечваюцца людзі, вельмі моцна чымсьці занятыя. І гэтая справа павінна прыносіць задавальненьне.
  • Мінімальныя думкі аб анкалягічнай хваробе. Рак — гэта ўсяго толькі адно з захворваньняў. Так, лячэньне цяжкае, але ёсьць дыягназы і горай. Так, цяпер я пахварэю, папраўлюся і вярнуся да звычайнага жыцьця.
  • Посьпех са своечасовым лячэньнем і добрымі лекарамі. Вельмі важна давяраць лекарам.
  • Адсутнасьць нэгатыўных стрэсаў і абсалютная пазытыўная падтрымка блізкіх. Хоць бы адзін блізкі здаровы адэкватны чалавек павінен быць побач.
  • У аснове ўсяго — малітва. Гэта аснова, у прынцыпе, усяго жыцьця.

Як бы вы як анколяг пракамэнтавалі гэтыя складнікі? Што бы дадалі?

— Відавочна адразу, што гэта сьветапогляд чалавека, які прайшоў праз усе складанасьці, прайшоў праз барацьбу з хваробай, атрымаў неблагі вынік і ўдзячны лёсу за тое, што так атрымалася, нягледзячы на ўсе цяжкасьці і складанасьці, зьвязаныя зь лячэньнем. Яна атрымала вынік. ня страціла аптымізм і сфармулявала для сябе такія жыцьцёвыя прынцыпы. І пад кожным зь іх я бы змог паставіць свой асабісты подпіс.

Гэта ня проста напісана ці прачытана, а гэта тое, што дадзена выпрабаваньнем лёсу, і як вынік складанага працэсу. Адзінае, што я мог бы дадаць пра веру. Чалавек мае права верыць у тое ці іншае, хтосьці ў Бога, хтосьці ў іншае, але ў любым выпадку ў чалавека павінна быць вера — у дактароў, у посьпех, яшчэ ў нешта. Усё можа атрымацца добра і будзе сьвятло ў канцы гэтага тунэля. Я заўсёды падтрымліваю людзей, якія і самі не апускаюць рукі, але і падтрымліваюць тых, хто побач. Зьняў бы капялюш.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG