Паводле зьвестак Белстату, больш за палову беларусаў летась памерлі ад хваробаў сыстэмы кровазвароту (ішэмічная хвароба сэрца, артэрыяльная гіпэртэнзія і інш.), Пры гэтым толькі 1,5 тысячы сьмерцяў — ад вострага інфаркту міякарда, паведамляе TUT.BY.
Нядаўна прадстаўнік Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя Батыр Бердыклычаў распавёў, што ў 45% беларусаў — гіпэртанічная хвароба, прычым больш за палову зь іх не прымаюць лекі.
Прычынай сьмерці амаль 15% памерлых у мінулым годзе стаў рак. На трэцім месцы — хваробы нэрвовай сыстэмы і органаў пачуцьцяў.
Ад раку ў Беларусі мужчыны паміраюць часьцей за жанчын, але жанчыны часьцей за мужчын сыходзяць з жыцьця праз хваробы сыстэмы кровазвароту.
Больш за ўсё сьмерцяў ад раку фіксуюць у Менску і Гомельскай вобласьці — у мінулым годзе 3503 і 3092 адпаведна.
Але лідэрства сталіцы зьвязана найперш з колькасьцю насельніцтва. Каэфіцыент сьмяротнасьці ад анкалягічных хваробаў у Менску самы нізкі ў краіне — 176,2 выпадкі на сто тысяч насельніцтва ў 2018 годзе. Лідэры па колькасьці памерлых ад раку на 100 тысяч насельніцтва — Віцебская, Гомельская і Магілёўская вобласьці — 223,8, 218,9 і 215,6 адпаведна.
У Менску таксама самы нізкі каэфіцыент сьмяротнасьці і ад хваробаў сыстэмы кровазвароту — 553,5 выпадкі на сто тысяч насельніцтва. Для параўнаньня: у Гродзенскай вобласьці — 804, у Магілёўскай — 792.
Ад анкалягічных захворваньняў беларусы паміраюць часьцей, чым ад зьнешніх прычынаў (забойстваў, самагубстваў, ДТЗ і інш.).
Самагубстваў летась было ў шэсьць разоў больш, чым забойстваў — 1806 і 305 адпаведна. Па-ранейшаму шмат выпадковых фіксуюць атручваньня алькаголем — 1476 чалавек памерла праз гэта ў 2018 годзе. У дарожна-транспартных здарэньнях у 2018 годзе загінула 759 чалавек.