Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі на ўліку 318 тысяч хворых на рак. Мінздароўя расказала, з чым часьцей сутыкаюцца мужчыны і жанчыны


Ілюстрацыйнае фота. РНПЦ анкалёгіі і мэдыцынскай радыялёгіі імя Аляксандрава ў Менску
Ілюстрацыйнае фота. РНПЦ анкалёгіі і мэдыцынскай радыялёгіі імя Аляксандрава ў Менску

У 2019 годзе мэдыкі выявілі рак у 49937 новых пацыентаў. У 2018 годзе выявілі 48900 выпадкаў анкалягічных захворваньняў. За 10 гадоў захваральнасьць на рак вырасла на 15%. Сьмяротнасьць жа зьнізілася на 1,8%.

У Беларусі працягваецца тэндэнцыя росту захваральнасьці на рак — штогод у краіне рэгіструюць на 1 тысячу больш новых выпадкаў, паведаміў намесьнік дырэктара па хірургіі РНПЦ анкалёгіі і радыялёгіі імя Аляксандрава Віктар Кахнюк.

Сярод мужчын на першым месцы рак прастаты, на другім рак лёгкага, на трэцім — коларэктальны рак (пік захваральнасьці прыпадае на мужчын ва ўзросьце 70 гадоў).

У жанчын на першым месцы рак малочнай залозы, далей ідуць коларэктальны рак і рак маткі. Пік захваральнасьці на рак малочнай залозы — 49 гадоў. Скрынінг пачынаецца з 50 гадоў.

У 2019 годзе рак на 1-й і 2-й стадыях выяўлены ў 67% пацыентаў.

РНПЦ анкалёгіі і мэдыцынскай радыялёгіі імя Аляксандрава
РНПЦ анкалёгіі і мэдыцынскай радыялёгіі імя Аляксандрава

Найлепшая дыягностыка — скрынінг

На думку Віктара Кахнюка, каб палепшыць дыягностыку, трэба шырэй укараняць на дзяржаўным узроўні скрынінг, то бок выяўляць хваробу на раньніх стадыях. Ужо прымяняецца скрынінг малочнай залозы, прастаты і коларэктальны скрынінг.

Летась 175 тысяч жанчын прайшлі скрынінг раку малочнай залозы. Анкалёгія выяўлена ў 349 чалавек (0,5%). Рак малочнай залозы пры скрынінгу на раньняй стадыі выяўляецца ў 90,7 %.

Намесьнік дырэктара па хірургіі РНПЦ анкалёгіі і радыялёгіі імя Аляксандрава Віктар Кахнюк
Намесьнік дырэктара па хірургіі РНПЦ анкалёгіі і радыялёгіі імя Аляксандрава Віктар Кахнюк

«Ёсьць лякацыі, пры якіх абсьледаваньне не такое лёгкае. Ёсьць віды анкалягічных хваробаў, якія даволі лёгка выяўляюцца візуальна, напрыклад рак малочнай залозы.

Здавалася б, лёгка выявіць візуальна рак поласьці рота. Аднак такія віды раку выяўляюцца часьцей за ўсё на 4-й стадыі. Праводзім навучальныя сэмінары, спадзяёмся атрымаць вынік.

Што да скрынінгу шыйкі маткі, тут узьнік шэраг праблем тэхнічнага характару. Пакуль не магу сказаць, калі пачнём працаваць», — адзначае Віктар Кахнюк.

Асноўны мэтад лячэньня — хірургічны

На дыспансэрным уліку з анкалягічнымі захворваньнямі стаяць 318 тысяч чалавек. Сярод іх тых, хто хварэе на рак больш за 5 гадоў, 160 тысяч (51%)

«Узровень вылечваньня эўрапейскі. Анкалягічныя хваробы лечым добра — на ўсясьветным узроўні. Галоўнае — раньняя дыягностыка, тады выдаткі на лячэньне меншыя», — адзначае Віктар Кахнюк.

Усе анкалягічныя службы краіны агулам за дзень выконваюць 343 апэрацыі. У РНПЦ анкалёгіі і радыялёгіі праводзіцца да 100 апэрацый на дзень.

Летась у Беларусі памерла больш за 17 400 чалавек

За 10 гадоў захваральнасьць на рак вырасла на 15%. Сьмяротнасьць зьнізілася на 1,8%, паведаміў Віктар Кахнюк.

У 2019 годзе памерлі 184 чалавекі на 100 тысяч насельніцтва (больш за 17400 тысяч чалавек). Для параўнаньня, у 2010 годзе памерлі 187 чалавек на 100 тысяч насельніцтва.

Нягледзячы на тое, што ў мужчын часьцей за ўсё выяўляюць рак прастаты, лечыцца ён даволі добра. Мужчыны часьцей за ўсё паміраюць ад раку лёгкага, на другім месцы коларэктальны рак і рак страўніка.

Жанчыны паміраюць часьцей за ўсё ад раку малочнай залозы, на другім месцы — коларэктальны рак, на трэцім — рак страўніка.

Што да высокай сьмяротнасьці ад коларэктальнага раку і раку стаўніка, прычына ў тым, што выяўляюць гэтыя віды на позьніх стадыях.

***

У сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе» ёсьць кніга «Жыцьцё пасьля раку». У ёй сабраныя 22 гісторыі анкалягічных хворых, якія пасьпяхова лечацца, ведаюць, што рак — гэта не прысуд, і дапамагаюць іншым усьвядоміць гэта і змагацца з хваробай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG