Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта Лукашэнку патрэбен Усебеларускі народны сход


Падчас папярэдняга Ўсебеларускага народнага сходу ў 2016 годзе
Падчас папярэдняга Ўсебеларускага народнага сходу ў 2016 годзе

У часе размовы са старшынём Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) Міхаілам Ордам Аляксандар Лукашэнка анансаваў шэраг падзей, якія цалкам упісваюцца ў ягоную перадвыбарчую кампанію.

Сьцісла:

— Правядзеньне зьезду ФПБ з дапамогай Адміністрацыі прэзыдэнта і ўраду паказвае, што незалежнасьць прафсаюзаў — гэта фікцыя.

— Усебеларускі народны сход — традыцыйная форма палітычнай мабілізацыі Лукашэнкам свайго электарату перад прэзыдэнцкімі выбарамі.

— У свой час Усебеларускі народны сход добра ўпісваўся ў лукашэнкаўскую канцэпцыю народаўладзьдзя, адносіны «бацькі» з народам.

— З дапамогай такога сходу кіраўнік дзяржавы хоча як бы спыніць час, пераканаць усіх і самога сябе, што яго сувязь з народам па-ранейшаму моцная.

У канцы лютага плянуецца правесьці восьмы зьезд Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ). Здавалася б, зусім руцінная падзея. Але цікава тое, што Аляксандар Лукашэнка даручыў кіраўніку Адміністрацыі прэзыдэнта і ўраду далучыцца да падрыхтоўкі гэтага мерапрыемства. «Калі патрэбна будзе падтрымка на месцах, каб маглі арганізаваць выбары дэлегатаў, каб гэта было дэмакратычна і прыстойна», — сказаў ён.

Фокус у тым, што ФПБ — фармальна незалежная ад дзяржавы грамадзкая арганізацыя. Так, ва ўсякім разе, яна сябе прэзэнтуе, асабліва за мяжой. І вось цяпер высьвятляецца, што дэлегатаў на зьезд будуць «выбіраць» Адміністрацыя прэзыдэнта і ўрад, мясцовая вэртыкаль улады. Вось і ўся незалежнасьць прафсаюзаў.

А яшчэ Лукашэнка сказаў: «Ня дай Бог нейкія цяжкія часы, нам спатрэбяцца і прафсаюзы, і камсамол». Гэта наўрад ці. У цяжкія часы абдзяржаўленыя арганізацыі разваляцца першымі. Як вядома, на балота абапірацца нельга, няхай яно і вельмі вялікае.

Таксама Аляксандар Лукашэнка паведаміў, што ў 2020 годзе мае прайсьці Ўсебеларускі народны сход. Гэта традыцыйная форма палітычнай мабілізацыі кіраўніком дзяржавы свайго электарату перад прэзыдэнцкімі выбарамі. Прайшло ўжо пяць такіх сходаў. Самы першы УНС адбыўся ў 1996 годзе, за месяц да рэфэрэндуму, на які выносілася новая Канстытуцыя. Другі — у 2001 годзе, за чатыры месяцы да прэзыдэнцкіх выбараў. Трэці (2006 г.) і чацьвёрты (2010 г.) УНС праходзілі за два тыдні да выбараў, а пяты (2016 г.) — ажно праз восем месяцаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.

У пэўным сэнсе правядзеньне УНС — даніна традыцыі. Яны праводзяцца па аналёгіі са зьездамі КПСС у Савецкім Саюзе, якія прымалі пяцігадовыя пляны.

Увогуле УНС вынікаюць з генэзісу, прыроды існага рэжыму, яны — складовая частка яго ідэалягічнага канструкту. У памяці Лукашэнкі яшчэ жывая ашаламляльная перамога на выбарах 1994 году, калі просты дырэктар саўгасу зьбіраў цэлыя стадыёны, людзі ішлі паглядзець на народнага героя і нязломнага змагара з карупцыяй і намэнклятурай. Вось тады і сфармаваўся вобраз «народнага», «усенароднаабранага» правадыра, «бацькі» нацыі. І быў створаны ідэалягічны канструкт, згодна зь якім Лукашэнка адлюстроўвае інтарэсы ўсяго беларускага народу, таму апазыцыі ў краіне проста ня можа быць паводле азначэньня, ёсьць толькі кучка «адмарозкаў», «пятая калёна».

У першыя гады ў барацьбе за сваю неабмежаваную ўладу зь Вярхоўным Саветам і Канстытуцыйным судом ён зьвяртаўся наўпрост да народу. І мэханізмамі такой апэляцыі былі рэфэрэндумы і УНС. Усебеларускі народны сход добра ўпісваўся ў лукашэнкаўскую канцэпцыю народаўладзьдзя, адносіны «бацькі» з народам. Бо для арганізацыі гэтага форуму, які нібыта прадстаўляе ўсё насельніцтва, не патрэбныя ніякія законы, рэглямэнты, працэдуры. Заканадаўча правядзеньне УНС ніяк не рэгулюецца. Поўная свабода, ніякіх абмежаваньняў, каго хочаш, таго і прызначай у якасьці народных прадстаўнікоў.

Аднак па меры крызісу беларускай сацыяльнай мадэлі вобраз народнага прэзыдэнта пачаў паступова размывацца. Як вядома, ад любові да нянавісьці — усяго адзін крок. І, здаецца гэты трэнд разьвіваецца.

Але не мяняецца псыхалёгія аднаго чалавека. Ён жыве ў сваёй асаблівай рэальнасьці, якая далёка не ва ўсім супадае з той, у якой існуе краіна.

І вось з дапамогай УНС кіраўнік дзяржавы хоча як бы спыніць час, пераканаць усіх і самога сябе, што яго сувязь з народам па-ранейшаму моцная. Ён імкнецца, хай бы па форме, аднавіць тую эпоху, калі народ сам зьбіраўся на сустрэчу зь ім цэлымі стадыёнамі. Няхай цяпер гэта імітацыя, але сэрца грэе.

Такім чынам, УНС — гэта, акрамя ўсяго іншага, яшчэ і сэанс псыхатэрапіі, самагіпноз, псыхалягічны аўтатрэнінг. Выступаючы перад сваімі прыхільнікамі (а на УНС іншых няма), Лукашэнка як бы падсілкоўваецца. Для яго псыхалягічна вельмі важна пэрыядычна купацца ў промнях славы. Няхай сабе гэтыя промні і штучныя. А народ па тэлевізары бачыць чарговы зьезд КПСС.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG