Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве кажуць пра інтэграцыйны рэфэрэндум. Што гэта значыць


Акцыя пратэсту ў Менску 29 сьнежня 2020
Акцыя пратэсту ў Менску 29 сьнежня 2020

Абмяркоўваючы прапановы расейскага лідэра па зьменах у канстытуцыю, большасьць беларускіх аглядальнікаў сышлася на тым, што яны ставяць крыж на варыянце аб’яднаньня Беларусі і Расеі як спосабе працягненьня прэзыдэнцтва Пуціна яшчэ на адзін (як мінімум) тэрмін.

Але ўсе сыходзяцца ў меркаваньні, што тэма беларуска-расейскай інтэграцыі з крамлёўскай павесткі дня ня зьнікла. І ў гэтым сэнсе вартай увагі падаецца інфармацыя, якая зьявілася ў некаторых пракрамлёўскіх інфармацыйных рэсурсах.

Спачатку — пра дзіўны, на першы погляд, склад «рабочай групы па падрыхтоўцы прапановаў па ўнясеньні паправак у канстытуцыю Расейскай Фэдэрацыі», якая зацьверджаная ўказам Пуціна.

Ну, сустаршынёўства ў групе старшыні камітэту Савету Фэдэрацыі па канстытуцыйным заканадаўстве і канстытуцыйным будаўніцтве сп. Клішаса і кіраўніка камітэту Дзярждумы па дзяржаўным будаўніцтве і заканадаўстве сп. Крашаніньнікава — зразумелае. Як і дырэктара Інстытуту заканадаўства сп. Хабрыева.

Прысутнасьць паралімпійца Бурлакова таксама зразумелая: ён прадстаўляе інтарэсы людзей з абмежаванымі магчымасьцямі, для якіх у Расеі існуюць значна горшыя ўмовы, чым у заходніх краінах. Лягічная і наяўнасьць у сьпісе старшыні «Саюзу жанчынаў» Ляхавай.

А вось што робіць там Аляксандар Калягін? Ён, вядома ж, выдатны актор (прыгадайма ролю доны Розы д’Альвадорэс у фільме «Прывітаньне, я ваша цётка!» ці ролю Леніна ў «Так пераможам!» — як бы мы ні ставіліся да правадыра міжнароднага пралетарыяту, ягоны вобраз – прычым бяз грыму! -- Калякін стварыў, як прынята казаць «на тэатры», геніяльна). Але заслугі выбітнага актора ў галіне канстытуцыйнага права шырокай публіцы невядомыя.

Такое ж пытаньне можна задаць і ў дачыненьні да піяніста Дзяніса Мацуева, актора Ўладзімера Машкова, спартоўкі Ірыны Радніной, пісьменьніка Захара Прылепіна, кардыяхірурга Леа Бакэрыі, рэжысэра Карэна Шахназарава, ды некаторых іншых.

Прыкметна, што склад рабочай групы быў абвешчаны фактычна адразу пасьля таго, як Пуцін заявіў пра канстытуцыйную рэформу — пры тым, што гэтая заява была поўным сюрпрызам нават для палітычнай эліты Расеі. Наўрад ці групу сфармавалі за такі рэкордна кароткі тэрмін — такія працэдуры звычайна патрабуюць узгадненьняў і кансультацыяў, і ў такіх умовах захаваць у таямніцы ідэю канстытуцыйнай рэформы нерэальна.

Затое калі пагадзіцца з вэрсіяй, выказанай некаторымі маскоўскімі аглядальнікамі, што рабочая група стваралася пад зусім іншы рэфэрэндум — усё (у тым ліку і наяўнасьць Калякіна ці Машкова) становіцца на свае месцы.

А менавіта: рыхтаваўся рэфэрэндум аб аб’яднаньні Беларусі і Расеі.

У такім выпадку, наяўнасьць сусьветна вядомых асобаў (дададзім сюды і Валянціну Церашкову, якая мае беларускія карані), і нават зусім невядомых (кшталту кіраўніка «Нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў» Кандыбовіча) — робіцца цалкам лягічнай.

Па зьвестках некаторых расейскіх камэнтатараў, рэфэрэндум рыхтаваўся на пачатак траўня і мусіў супасьці з падрыхтоўкай да 75-годзьдзя перамогі над нацыстамі — Беларусь і Расея ці не адзіныя краіны з былых рэспублік СССР, дзе гэтае сьвята афіцыйна лічыцца самым галоўным, больш важным, чым нават дзень незалежнасьці, і якое з’яўляецца падмуркам дзяржаўнай ідэалёгіі.

Між іншым, у Беларусі нешта падобнае было — агітацыйная кампанія за рэфэрэндум (1995 года пра сьцяг, герб, мову, права прэзыдэнта распускаць парлямэнт і эканамічную інтэграцыю з Расеяй) таксама супала са сьвяткаваньнем Дня перамогі. Тады дзяржаўнае радыё і тэлебачаньне няспынна эксплюатавала лёзунгі пра «непарушны саюз народаў, які прайшоў выпрабаваньне порахам», «еднасьць братніх народаў, якая перамагла фашызм». На вуліцах і плошчах беларускіх гарадоў было мора чырвоных сьцягоў, а пакуль яшчэ дзяржаўныя — бел-чырвона-белыя — улады не выкарыстоўвалі зусім (а некаторых актывістаў БНФ міліцыя нават затрымлівала за дзяржаўны сьцяг).

Пішуць таксама, што пра такі «інтэграцыйны» рэфэрэндум Пуцін і Лукашэнка дамовіліся падчас леташняй сустрэчы ў лютым — але потым, як цяпер прынята казаць, нешта пайшло ня так.

Я цалкам веру ў праўдзівасьць гэтай вэрсіі. Абсалютная сакрэтнасьць, у якой вось ужо больш як год ідуць перамовы пра «напаўненьне рэальным зьместам» дамовы 1999 году аб стварэньні «саюзнай дзяржавы» (як быццам справа тычыцца нейкіх прыватных камэрцыйных кампаніяў, а ня лёсу краіны) — не пакідае ніякіх іншых варыянтаў, як толькі карыстацца вэрсіямі.

У тым ліку і той, што пытаньне пра аб’ядненьне можа быць вынесена на рэфэрэндум, як гаворыцца, у апошні момант. І хаця Пуцін ужо ўнёс папраўкі ў Дзяржаўную Думу, аднак іх могуць дапоўніць. Нарэшце, нішто не перашкаджае правесьці плебісцыт і пазьней, сумясьціўшы, напрыклад, з выбарамі.

Вось што піша наконт такога рэфэрэндуму маскоўская «Независимая газета»: «Варта адзначыць, што пуцінская прапанова пра 25-гадовы цэнз аседласьці перш за ўсё будзе накіравана супраць беларускіх палітыкаў. Ня менш цікава, што галоўны орган Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі — нейкі калектыўны прэзыдэнт — па супадзеньні называецца Вышэйшым дзяржсаветам. Увогуле, каб усё лягічна зраслося, засталося зусім нямнога — нарэшце дамовіцца з прэзыдэнтам Аляксандрам Лукашэнкам». (НГ, 19 студзеня 2020).

Вядома ж, гэтае «нямнога» для таго, каб «лягічна зраслося», можа быць недасяжным — а можа і ня быць.

Але калі пагадзіцца з пастулятам, што практыка — крытэр ісьціны, дык падзеі апошніх дзесяцігодзьдзяў сьведчаць: пры якіх заўгодна варыянтах стратэгічны курс Крамля адносна Беларусі застаецца нязьменным.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG