Тры маладыя сябры Рэспубліканскай партыі абвясьцілі яе кіраўніцтва нелегітымным. Партыю ад моманту заснаваньня ў 1994 годзе ўзначальвае Ўладзімер Белазор. На галоўнай старонцы яе сайта разьмешчаная навіна, датаваная 2002 годам. Разьбіраемся, што адбываецца.
У чым канфлікт
Нелегітымным кіраўніцтва Рэспубліканскай партыі абвясьцілі сябар Цэнтральнага праўленьня Андрэй Бажко і былыя кандыдаты ў дэпутаты Мікалай Шыбека і Яўген Казлоўскі. Яны заявілі пра адхіленьне ад кіраўніцтва партыі яе старшыні, 71-гадовага Ўладзімера Белазора, і роспуск цэнтральнага праўленьня.
Маладыя сябры партыі назвалі сябе «адзіным легітымным кіраўніцтвам Рэспубліканскай партыі» і заявілі пра стварэньне аргкамітэту, які зоймецца скліканьнем чарговага надзвычайнага зьезду РП. У іхнім відэазвароце таксама гаворыцца, што Рэспубліканская партыя «знаходзіцца ў крытычным стане, яе прыхільнікі і сябры дэмаралізаваныя, адсутнічае партыйная актыўнасьць, новыя партструктуры не ствараюцца, уплыву на грамадзкую думку партыя ня мае».
Пазнавальнасьць партыі знаходзіцца «на ўзроўні арытмэтычнай хібнасьці». Прычынай гэтаму актывісты назвалі стагнацыю партыі пад кіраўніцтвам Уладзімера Белазора.
Неўзабаве ў інтэрнэце зьявіліся пратаколы аб выключэньні Андрэя Бажко і Яўгена Казлоўскага з шэрагаў Рэспубліканскай партыі.
Бажко: Караткевіч і Дзьмітрыева ведаю, але зь імі «ідэалягічна погляды разыходзяцца»
Андрэй Бажко сказаў Свабодзе, што на мінулым зьезьдзе была прынятая прапанаваная ім канцэпцыя разьвіцьця партыі, аднак Уладзімер Белазор «усяляк процідзейнічаў і перашкаджаў» яе рэалізацыі.
Паводле ягоных слоў, выключылі яго са складу цэнтральнага праўленьня таксама незаконна.
Ён не выключае, што давядзецца нават зьвяртацца ў суд «дзеля абароны дзелавой рэпутацыі». Андрэй Бажко заявіў, што актывісты цяпер зьбіраюцца падаць дакумэнты ў Міністэрства юстыцыі і кажуць, што «праўда і закон» на іхнім баку. Яны будуць прасіць, сярод іншага, каб Мінʼюст прызнаў законнасьць створанага імі аргкамітэту і не прыпыняў дзейнасьць партыі.
Паводле Бажко, Белазора прасілі патлумачыць, якім чынам старшыня зьбірае сродкі і як іх траціць, калі партыя ня мае рахунку, а таксама прадставіць фінансавую справаздачу. Аднак, кажа Бажко, з боку старшыні быў «звычайны ігнор, ён не здымаў тэлефон».
«Пасьля гэтага мы зрабілі заяву, бо мы прызналі цэнтральнае праўленьне недзеяздольным і неправамоцным. Яно ня можа функцыянаваць паводле статуту нават на той падставе, што няма офісу», — кажа Андрэй Бажко.
Сам Андрэй Бажко стаў сябрам РП менш як год таму. Мае пасьведчаньне сябра № 10120.
«Але гэта не рэальная лічба, гэта ілжывыя справаздачы, бо рэальная лічба значна меншая. Нябожчыкі з партыі ня выключаныя», — заяўляе Бажко.
Ён сьцьвярджае, што ніколі афіцыйна ня быў у складзе «Гавары праўду». Ведае Тацяну Караткевіч і Андрэя Дзьмітрыева, але ў яго зь імі «ідэалягічна погляды разыходзяцца».
На пытаньне, ці зьвязаныя перамены ў партыі з будучай прэзыдэнцкай кампаніяй, Андрэй Бажко адказаў, што «пакуль пра гэта рана казаць, бо няма рашэньня Мінʼюсту».
«Ва ўсялякім разе, адносна ўдзелу гэта павінен вырашыць зьезд», — кажа Бажко.
«Альбо такая партыя існуе і працуе, альбо яе трэба ліквідаваць»
Яўген Казлоўскі кажа, што мэтады кіраўніцтва партыі былі «постсаўковымі», і цяпер робяцца намаганьні, каб «яе выратаваць». Адносна нечаканага выключэньня з партыі ён заявіў, што наконт гэтага ніякіх сходаў не праводзілася.
«Выключэньне мяне і Андрэя Бажко зьяўляецца фіктыўным і падманным. Уладзімер Белазор не выходзіў з намі на сувязь і проста не здымаў тэлефон. Лісты, якія мы накіроўвалі на юрыдычны адрас, вярталіся. Кіраўнік партыі ўхіляўся ад узаемадзеяньня з намі», — сьцьвярджае Казлоўскі.
Яўген Казлоўскі ў Рэспубліканскай партыі з кастрычніка мінулага году, але парлямэнцкая кампанія была арганізаваная моладзевым блёкам партыі.
«Усе заслугі ляжаць на нас», — кажа Яўген.
Раней Яўген Казлоўскі быў сябрам кампаніі «Гавары праўду», але таксама, як і Бажко, кажа, што ідэалягічна «шляхі разышліся».
«Гэта жулікі, якія ня хочуць працаваць»
Карэспандэнту Свабоды не ўдалося скантактавацца з кіраўніком партыі Ўладзімерам Белазорам. А старшыня менскай арганізацыі Валеры Шумілаў пацьвердзіў Свабодзе, што Бажко і Казлоўскі выключаныя з партыі.
«Гэта жулікі, якія ня хочуць працаваць. Адзін перабег з „Гавары праўду“. Я ім даверыўся, дапамагаў. І раптам я стаў ім першым ворагам. Імі павінны займацца праваахоўныя органы. Мы іх узялі на парукі, бяз стажу. Яны ленаваліся зьбіраць подпісы і вырашылі прарвацца ў дэпутаты. Вось і ўсё. Гэта новае пакаленьне, якое вырасла на палітычных хлябах. Яны хочуць мець прыбыткі з палітыкі, хаця нічога не чытаюць і нічога ня ведаюць. Гэта людзі, якія наогул не павінны быць у палітыцы», — сказаў Шумілаў.
Тое, што партыя не актыўная, паводле Шумілава, — «гэта праблемы партыі».
«Гэта не азначае, што ў яе няма ідэалягічнага патэнцыялу. Гэта адзіная партыя ў сьвеце, якая абвяшчае свабоду, роўнасьць і братэрства».
Усе пытаньні па далейшых дзеяньнях кіраўніцтва, паводле Шуміліна, трэба накіроўваць да старшыні партыі Ўладзімера Белазора.
Што гэта за Рэспубліканская партыя
- Кіраўнік: Уладзімер Белазор
- Колькасьць сяброў: 10 913
- Месцы ў Палаце прадстаўнікоў: 0
Створаная ў 1994 годзе, гэтая партыя называе сабе цэнтрысцкай і, па інфармацыі на 2006 год, мела тады аж 10 913 сяброў. З 1999 году партыяй кіруе Ўладзімер Белазор. На парлямэнцкіх выбарах 2019 году партыя высунула 11 кандыдатаў, але ніхто зь іх у Палату прадстаўнікоў ня трапіў. За выбарамі назіралі 183 прадстаўнікі партыі.
Сайт у партыі ёсьць, на дамэне narod.ru. Выглядае, што абнаўляўся ён апошні раз у 2000-х гадах. Мае партыя і суполку ў Facebook. У 2019 годзе ў партыі заяўлялі пра аднаўленьне актыўнай дзейнасьці, бо апошнія 10 гадоў пра яе не было чуваць нічога.
Па юрыдычным адрасе пра такіх суседзяў нічога ня чулі. Не ўдалося дазваніцца і па тэлефоне, пазначаным у сьпісе Мінʼюсту.