На ралі-рэйдзе «Дакар-2020» беларускі пілёт Сяргей Вязовіч на капотным грузавіку МАЗ фінішаваў трэцім.
Як адзначае Tut.by, у тройку лідэраў МАЗ трапіў другі раз за гісторыю — упершыню такое было ў 2018-м, калі той жа Вязовіч фінішаваў другім.
Экіпажы грузавікоў складаюцца з трох чалавек. У камандзе з кіроўцам Сяргеем Вязовічам — другі кіроўца Павал Харанін і мэханік Антон Запарошчанка.
Акрамя таго, яшчэ адзін экіпаж каманды «МАЗ-спортаўта» заняў восьмае месца — на грузавіку пад кіраўніцтвам Аляксея Вішнеўскага. Яшчэ адзін экіпаж МАЗу пад кіраўніцтвам Аляксандра Васілеўскага заняў 12-е месца.
Капотны МАЗ упершыню ўдзельнічаў у «Дакары» — раней былі МАЗы іншых кампановак, «з плоскім перадам». Машына Вазовіча стартавала ўдала: з другога месца на першым этапе, яшчэ два этапы ішла наогул першай.
Але фінішавала трэцяй. Першае месца заняў экіпаж расейца Андрэя Каргінава, другое — таксама расейца Антона Шыбалава. Яны абодва, як і экіпаж на чацьвёртым месцы, адносяцца да каманды КАМАЗу.
Агульная дыстанцыя 12 этапаў — каля 8000 км. Ралі прайшло ў Саудаўскай Арабіі (упершыню ў гісторыі ў Азіі), стартавала 5 студзеня і завяршылася 17-га. Траса праходзіла праз пустэльню. Першы этап сярод грузавікоў прайшлі 42 экіпажы, а апошні, 12-ы, завяршылі толькі 28. Акрамя грузавікоў, спаборніцтвы праходзілі сярод экіпажаў матацыклаў, квадрацыклаў і аўтамабіляў-уседарожнікаў.