Іран прызнаў, што яго вайскоўцы «ненаўмысна» зьбілі ўкраінскі самалёт 8 студзеня. Памылка іранскіх вайскоўцаў забрала жыцьці 176 чалавек.
11 студзеня па дзяржаўным тэлебачаньні Ірана прагучала заява пра тое, што вайскоўцы памылкова прынялі самалёт за «варожую цэль», пасьля таго як аб’ект накіраваўся ў бок «важнага вайсковага аб’екту» іранскіх узброеных сіл. Дадаецца, што іранскія вайскоўцы былі ў стане «падвышанай боегатоўнасьці» на фоне напружанасьці ў стасунках з ЗША.
У заяве гаворыцца, што адказныя за трагедыю неадкладна прыцягнутыя да адказнасьці.
Прызнаючы сваю віну, Іран часткова спрабуе пакласьці адказнасьць на ЗША. Так, міністар замежных спраў Ірана Джавад Зарыф, прыносячы спачуваньні загінулым, зазначае, што гэта адбылося падчас крызісу, «які выкліканы авантурызмам ЗША».
Заява Тэгерана зьявілася пасьля таго, як заходнія дзяржавы афіцыйна абвясьцілі пра дадзеныя выведкі і радарнага назіраньня: самалёт быў зьбіты ракетай «зямля-паветра» з вайсковай базы недалёка ад аэрапорта. ЗША, у сваю чаргу, увялі новыя эканамічныя санкцыі супраць васьмі высокапастаўленых іранскіх кіраўнікоў і буйных кампаній.
9 студзеня ва Ўкраіне заявілі, што сярод вэрсій катастрофы — паражэньне самалёта ракетай, выпушчанай зянітна-ракетным комплексам «Тор-М1» расейскай вытворчасьці. Ён знаходзіцца на ўзбраеньні войска Ірана.
Самалёт Boeing 737-800 NG украінскай кампаніі МАУ, які накіроўвася ў Кіеў, пацярпеў катастрофу каля аэрапорта ў Тэгеране 8 студзеня. Загінулі 176 чалавек.
Крушэньне ўкраінскага самалёту ў Іране. Што трэба ведаць
- Самалёт Boeing 737-800 NG (рэйс PS752, рэгістрацыйны нумар UR-PSR) вылецеў каля 6:10 8 студзеня маршрутам Тэгеран — Кіеў, зьнік з радараў празь некалькі хвілінаў пасьля ўзьлёту.
- Усе на борце загінулі. На борце было 167 пасажыраў, а таксама 9 чальцоў экіпажу. Авіякампанія МАУ апублікавала сьпісы загінулых пасажыраў і чальцоў экіпажу.
- Сярод загінулых у катастрофе было найбольш грамадзян Ірану (82 чалавекі) і Канады (63 чалавекі), а таксама 11 грамадзян Украіны (2 пасажыры і 9 чальцоў экіпажу), 10 грамадзян Швэцыі, 4 — Аўганістану, 3 — Нямеччыны і 3 — Вялікай Брытаніі, паведаміў міністар замежных спраў Украіны Вадзім Прыстайка.
- Самалёт быў выраблены ў 2016 годзе, атрыманы МАУ непасрэдна з заводу Boeing, апошні раз прайшоў плянавае тэхнічнае абслугоўваньне 6 студзеня 2020 году. МАУ заяўляе, што гарантуе спраўнасьць сваіх самалётаў і высокую кваліфікацыю пілётаў.
- Паводле першай рэакцыі іранскага боку, самалёт разьбіўся з тэхнічных прычынаў, якія прывялі да аварыі рухавіка.
- 11 студзеня, праз 3 дні пасьля катастрофы, прэзыдэнт Ірана Хасан Роўхані прызнаў, што іранскія вайскоўцы па памылцы зьбілі пасажырскі Boeing 737 «Міжнародных авіяліній Украіны». Ён распарадзіўся знайсьці вінаватых у гэтай трагедыі.
- Камандуючы ваенна-касьмічнымі сіламі Ірана Амір Алі Хаджызадэ паведаміў, што апэратар супрацьпаветранай абароны Ірану самастойна вырашыў выпусьціць крылатую ракету па самалёце, ня здолеўшы звязацца з камандаваньнем.