«Усе гэтыя выданьні здольныя нанесьці шкоду нацыянальным інтарэсам нашай краіны. Да такой высновы прыйшла Рэспубліканская камісія правядзеньня ацэнкі сымболікі, атрыбутыкі, інфармацыйнай прадукцыі», — гаворыцца ў паведамленьні міністэрства.
Міністэрства інфармацыі падкрэсьлівае, што «ў выпадку выяўленьня фактаў распаўсюду друкаваных выданьняў, уключаных у вышэйназваны сьпіс», будзе спыняць дзеяньне пасьведчаньняў аб дзяржаўнай рэгістрацыі распаўсюднікаў друкаваных выданьняў.
Сьцьвярджаецца, што сьпіс 35 забароненых выданьняў разьмешчаны на сайце Міністэрства інфармацыі, але знайсьці яго журналістам не ўдалося. У сьпісе «экстрэмісцкіх» матэрыялаў новых кніг няма.
13 лістапада Мінінфарм запатрабаваў правесьці рэвізію друкаваных выданьняў і «з мэтай захаваньня маральных каштоўнасьцяў і традыцыяў беларускага народа» выключыць з продажу друкаваныя выданьні, распаўсюд якіх «здольны нанесьці шкоду нацыянальным інтарэсам Беларусі».
21 лістапада міністар інфармацыі Беларусі Марат Маркаў паскардзіўся, што ў Беларусь з Расеі «масава» паступае «вялікая колькасьць літаратуры», якая «можа быць аднесеная да экстрэмісцкай» і «супярэчыць нашым нацыянальным інтарэсам».
«На фоне прыняцьця асобных нарматыўных актаў і законаў, якія пачалі дзейнічаць у Расеі і якія паставілі абмежаваньні прапагандзе ЛГБТ, бязьдзетнасьці, нетрадыцыйных сэксуальных адносінаў, пэдафіліі — уся літаратура, выдадзеная ў нашага саюзьніка, сёньня хлынула на тэрыторыю Беларусі», — заявіў чыноўнік.
Маркаў падкрэсьліў, што на сёньня сьпіс «экстрэмісцкіх і супярэчных інтарэсам краіны» матэрыялаў зьмяшчае каля 7 тысяч пазыцыяў.
Форум