На сайце асацыяцыі вэтэранаў спэцназу «Честь» зьявілася заява старшыні асацыяцыі Дзьмітрыя Паўлічэнкі, а таксама зварот ад імя асацыяцыі наконт сьведчаньняў Юрыя Гараўскага, які ў інтэрвію DW назваў сябе байцом беларускага «эскадрону сьмерці» і расказаў пра ўдзел у выкраданьні і забойстве праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі ў 1999 годзе.
У тэксьце заявы Дзьмітры Паўлічэнка зноў прызнае, што ведае Гараўскага (раней ён сьцьвярджаў адваротнае). Ён піша, што Гараўскі праходзіў службу ў адным з падразьдзяленьняў брыгады апэратыўнага прызначэньня ўнутраных войскаў МУС РБ у 1990-х гадах, у канцы 1999 году зрабіў крымінальнае злачынства, быў судзімы і адбываў тэрмін у СІЗА № 1, «зьняславіў нашы шэрагі і быў звольнены за дыскрэдытацыю высокага званьня спэцназаўца».
Паўлічэнка ў заяве сьцьвярджае, што Гараўскі неабгрунтавана абвінавачвае афіцэраў і байцоў спэцназу. Ён «каецца» ў тым, што пад асабістую адказнасьць ад імя асацыяцыі дапамагаў Гараўскаму грашыма, сабранымі на патрэбы вэтэранаў, на працягу некалькіх гадоў, як «хвораму чалавеку ў адчаі».
«І цяпер прашу вас праявіць цярплівасьць да хворага душой і целам Гараўскага. Нікому больш за сябе ён гэтымі прыдуманымі «паказаньнямі» не нашкодзіў», — заяўляе Паўлічэнка.
Паўлічэнка заяўляе, што «некаторыя нядобрасумленныя СМІ і прыватныя асобы спрабуюць зганьбаваць» яго і спэцназ у цэлым, распаўсюджваючы «хлусьлівыя і скандальныя» заявы Гараўскага. Ён «просіць і папярэджвае» людзей, якія ня маюць да спэцназу і да Асацыяцыі ніякага дачыненьня, не рабіць ніякіх заяваў, не склікаць канфэрэнцый ды «іншых зборышчаў», «не рабіць ніякіх укідаў у СМІ і іншыя інтэрнэт-парталы».
«Так, гэта сапраўды зварот Дзьмітрыя Паўлічэнкі з нагоды публікацыі заяваў Юрыя Гараўскага, — паведаміў Свабодзе памочнік Паўлічэнкі Сяргей Матвіенка. — Ён апублікаваны на нашым афіцыйным сайце. Там жа вы можаце знайсьці і водгукі на ўчынак Гараўскага з боку ягоных былых саслужыўцаў».
Што Паўлічэнка раней казаў пра Гараўскага
Паўлічэнка адмаўляе датычнасьць СОБРу да дагэтуль не раскрытых зьнікненьняў апазыцыйных палітыкаў, якія дамагаліся адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі: экс-кіраўніка МУС Юрыя Захаранкі, экс-кіраўніка Цэнтрвыбаркаму Беларусі Віктара Ганчара і бізнэсоўцы Анатоля Красоўскага. Прызнаньні Гараўскага ён камэнтаваў некалькі разоў, кожны раз па-рознаму:
- 16 сьнежня ў інтэрвію Tut.by: Знаёмы з Гараўскім, той служыў у вайсковай частцы 3214. Ці служыў Гараўскі ў СОБРы, Паўлючэнка не сказаў адназначна. Паводле яго, падчас зьнікненьня апазыцыйных палітыкаў Гараўскі «сядзеў».
- 16 сьнежня ў інтэрвію «Нашай ніве»: ня ведае Гараўскага, не размаўляў з карэспандэнтам Tut.by.
- 17 сьнежня у інтэрвію «Нашай ніве». Ня меў магчымасьці паглядзець відэа з Гараўскім. У інтэрвію Tut.by мог пераблытаць Гараўскага зь іншым байцом. «Мне потым сябры пазванілі, сказалі, што ніхто зь іх яго не прызнаў. Мяркуючы па тым відэа, ніхто яго ня ведае».
Саслужыўцы Гараўскага: «Калі на Захадзе патрэбен нарказалежны крымінальнік з кучай даўгоў, то няхай потым ня скардзяцца»
На сайце «Честь» таксама апублікаваны зварот «былых саслужыўцаў Гараўскага». Аўтары калектыўнага ліста не пазначаныя.
«У свой час мы служылі з гэтым суб’ектам, і хочацца падзяліцца сваімі ўражаньнямі — тым больш, што ён абылгаў некаторых з нас і нашага камандзіра, які да апошняга верыў яму, аказвае маральную i матэрыяльную дапамогу», — прызнаюцца яны.
Што сьцьвярджаюць аўтары звароту:
- У спэцназ Гараўскі трапіў служыць на тэрміновую службу «па пратэкцыі», бо не прайшоў псыхалягічнае тэставаньне і ня здаў ніводзін нарматыў у фізпадрыхтоўцы.
- Стараньне ў службе не праяўляў, быў нелюдзімы і гістэрычны. Яго часта ставілі ў нарады або выпраўлялі на гаспадарчыя работы.
- Нібыта яго злавілі на крадзяжы з уласных тумбачак саслужыўцаў.
- Калі ў ліпені 1999 году фармаваўся спэцатрад «СОБР», Гараўскага туды залічылі зноў жа з пратэкцыяй.
- У канцы 1999 году яго затрымалі «за вымаганьне ў цывільных асобаў буйных сумаў грошай спосабам, небясьпечным для жыцьця». Справу нібыта разглядаў вайсковы трыбунал, па выніках якога Гараўскага асудзілі на 4 гады пазбаўленьня волi. Адбываў пакараньне ў СІЗА № 1, дзе, як гаворыцца на вэтэранскім сайце, ён трапіў пад заступніцтва начальніка ўстановы Алега Алкаева.
- Пасьля адбыцьця тэрміну ўладкаваўся ахоўнікам у начны клюб «Рэактар». Страціў працу нібыта пасьля абвінавачаньняў у крадзяжах у гардэробе.
- Атрымаў пасаду кладаўшчыка на фірме па продажы прадукцыі птушкагадоўлі. Але праз паўгода вылецеў і адтуль.
- У далейшым, распавядаюць экс-спэцназаўцы, Гараўскі засяродзіўся на «выбіваньні даўгоў» і махлярстве.
- Быццам сеў пʼяны за руль чужога аўтамабіля і ўрэзаўся ў грузавік. Цудам застаўся жывы.
«Калі заходнім краінам патрэбен адпеты нарказалежны крымінальнік з кучай даўгоў, то няхай потым ня скардзяцца на рост злачыннасьці ў сваім рэгіёне. Больш давярайце такім, як Гараўскі», — падсумоўваецца ў звароце.
Што важна ведаць пра зьнікненьне беларускіх палітыкаў
- 7 траўня 1999 году быў выкрадзены і імаверна забіты былы міністар унутраных справаў Беларусі, дзяяч апазыцыі генэрал Юры Захаранка.
- 16 верасьня 1999 году зьніклі бязь зьвестак былы старшыня Цэнтравыбаркаму і віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету Беларусі Віктар Ганчар, які рыхтаваў імпічмэнт Аляксандру Лукашэнку, і ягоны сябра, бізнэсоўца Анатоль Красоўскі. Пазьней на менскай вуліцы Фабрычнай, дзе меркавана адбылося выкраданьне, былі знойдзеныя аскепкі аўтамабільнага шкла і сьляды крыві.
- Прадстаўнікі беларускай апазыцыі, родныя зьніклых і міжнародная супольнасьць лічаць, што яны былі выкрадзеныя па палітычных матывах. У датычнасьці да іх зьнікненьняў падазраюцца Віктар Шэйман (былы кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта), Уладзімер Навумаў (былы міністар унутраных спраў), Юры Сівакоў (займаў пасаду кіраўніка МУС) і Дзьмітры Паўлічэнка (на той момант камандзір брыгады спэцназу ўнутраных войскаў МУС), адносна якіх з 2004 году дзейнічаюць санкцыі Эўразьвязу і ЗША.
- У верасьні 2004 году Аляксандар Лукашэнка ахарактарызаваў Шэймана, Навумава, Сівакова і Паўлічэнку – як «самых сумленных, надзейных, адданых народу й дзяржаве людзей».
- На пачатку 2019 году Сьледчы камітэт паведаміў аб прыпыненьні расьсьледаваньня спраў аб зьнікненьні Захаранкі, Ганчара і Красоўскага. У сьнежні 2019 году справу аб зьнікненьні Захаранкі аднавілі.
- 16 сьнежня 2019 году нямецкае выданьне Deutsche Welle апублікавала інтэрвію, у якім Юры Гараўскі, які назваў сябе байцом беларускага «эскадрону сьмерці», расказаў, як удзельнічаў у выкраданьні і забойстве праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі 20 гадоў таму пад камандаваньнем Дзьмітрыя Паўлічэнкі.
- 24 сьнежня 2019 году ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што ніхто акрамя яго ня мог даць каманду аб выкраданьні і забойстве палітыкаў, а ён «ніколі ў жыцьці не аддаваў такую каманду» і ня дасьць цяпер. Ён запытаў, навошта яму было б такое патрэбна і «што зьмянілася, калі ў Беларусі ня стала двух ці трох чалавек», і дадаў, што «Дзіма Завадзкі з-за Чачні Шарамета загінуў». Лукашэнка зьвязаў заявы Гараўскага з тым, што «заўтра прэзыдэнцкія выбары».
- 19 верасьня 2023 году ў Швайцарыі ў крымінальным судзе у Санкт-Галене пачаўся працэс Юрыя Гараўскага па справе аб зьнікненьнях апанэнтаў Лукашэнкі. Суд стаў прэцэдэнтам.
- Акруговы суд горада Роршах (кантон Санкт-Гален, Швайцарыя) апраўдаў Юрыя Гараўскага па абвінавачваньні ў гвалтоўных зьнікненьнях, нягледзячы на тое, што ён публічна і некалькі разоў прызнаваўся ў выкраданьні і забойствах Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага — трох выдатных дзеячаў апазыцыі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі — у Беларусі ў 1999 годзе.
Публікацыі па тэме:
Што былы спэцназавец расказаў пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі. Сьцісла
Ад Алкаева да Шэймана. Сьпіс ключавых асобаў у справе зьніклых
Як выглядае месца магчымага забойства Ганчара і Красоўскага пад Бегамляй. ФОТА
«Небясьпечна. Вельмі». Што менчукі кажуць пра зьніклых Ганчара, Захаранку і Красоўскага. ВІДЭА
Ад «яму можна верыць» да «расейскага ўкіду». Рэакцыі на сэнсацыйнае прызнаньне ў забойстве апазыцыянэраў
«Машына была на глыбіні аднаго мэтра». Як у 2001 годзе раскапалі джып Красоўскага
Гараўскі адказаў Паўлічэнку, — удзельнік падрыхтоўкі фільму пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі
Каму выгадны фільм пра ўдзельніка «эскадрону сьмерці» і ці ёсьць у ім «расейскі сьлед»?
Сьледчы, які расказаў пра «эскадроны сьмерці», ня верыць сэнсацыйным прызнаньням былога спэцназаўца
Спэцназаўца, які расказаў пра забойствы апазыцыянэраў, паказвалі на БТ 20 гадоў таму. Архіўнае відэа