Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эўразьвязе абмяркоўваюць увядзеньне мытаў на ўгнаеньні зь Беларусі


Пра намер ініцыяваць увядзеньне дадатковых мытаў на імпарт сельскагаспадарчай прадукцыі зь Беларусі і Расеі заявіў 21 лістапада на прэс-канфэрэнцыі па выніках пасяджэньня Эўрапейскай рады па зьнешнім гандлі намесьнік кіраўніка Эўракамісіі Валдзіс Дамброўскіс, піша DPA.

Да такой прадукцыі, хутчэй за ўсё, аднясуць ўгнаеньні, паведаміў Дамброўскіс. Па словах чыноўніка, Эўракамісія неўзабаве прадставіць канкрэтныя прапановы па ўвядзеньні дадатковых тарыфаў.

Дамброўскіс вітаў просьбы некаторых краін ЭЗ «увесьці мыты на як мага большы спэктр расейскага і беларускага імпарту». Паводле яго, з такімі прапановамі выступілі Швэцыя, Фінляндыя, Польшча, краіны Балтыі і Ірляндыя.

«Цяпер Камісія працуе над прапановай у адпаведнасьці з высновамі Эўрапейскай рады ад кастрычніка, засяродзіўшы ўвагу на сельскагаспадарчай прадукцыі і, магчыма, угнаеньнях», — сказаў ён.

28 кастрычніка стала вядома, што Міністэрства дзяржаўнай маёмасьці Польшчы зьвярнулася да Міністэрства разьвіцьця і тэхналёгіяў з просьбай падаць у Эўракамісію заяўку на ўвядзеньне 30-працэнтнага мыта на імпарт угнаеньняў зь Беларусі і Расеі. Паведамлялася, што за сем месяцаў 2024 году Польшча імпартавала зь Беларусі 185,5 тысяч тон угнаеньняў, а за той жа пэрыяд 2023 году — толькі 13,4 тысяч тон, то бок за год імпарт вырас амаль у 14 разоў. Імпарт у Польшчу з Расеі за год вырас у 2,9 раза.

7 кастрычніка паведамлялася, што Беларусь па выніках першага паўгодзьдзя знаходзіцца на трэцім месцы па аб’ёме паставак у Польшчу азотных угнаеньняў, саступаючы толькі Расеі і Нямеччыне, але апярэджваючы Літву, Альжыр, Вугоршчыну, Нідэрлянды, Казахстан і Нігерыю. Беларускія камбінаваныя ўгнаеньні ў студзені — чэрвені 2024 году занялі шостую пазыцыю на польскім рынку сярод усіх пастаўшчыкоў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG