Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі звольнілі арганізатараў «вучэньняў», калі на школьніках вучыліся разганяць мітынгі. Відэа


Пратэсты ў Маскве ў жніўні 2019 году.
Пратэсты ў Маскве ў жніўні 2019 году.

Кіраўнік МУС Расеі Ўладзімір Калакольцаў заявіў аб звальненьні з органаў унутраных справаў непасрэдных арганізатараў вучэньняў у вёсцы ў Татарстане, для ўдзелу ў якіх сілавікі прыцягнулі школьнікаў 9-х клясаў.

Таксама ён абвясьціў, што міністра ўнутраных справаў у Татарстане Арцёма Хахорына прыцягнулі да дысцыплінарнай адказнасьці ў выглядзе няпоўнай службовай адпаведнасьці.

Некалькі дзён таму супрацоўнікі МУС Татарстана правялі вучэньні па разгоне пратэстаў і прыцягнулі да ўдзелу ў іх навучэнцаў сярэдняй школы. Яны павінны былі нападаць на сілавікоў і імітаваць удзельнікаў мітынгу.

Адзін з школьнікаў распавёў, што вучняў не папярэдзілі пра вучэньні: пасьля ўрокаў дырэктар проста прыйшоў і сказаў: «Давайце зьбірайцеся, вы пойдзеце з МУС».

«Мы ўсе былі зьдзіўленыя, калі мы выйшлі на вуліцу: мы бачым, што яны стаяць з шчытамі. Яны нам патлумачылі, што мы павінны правакаваць, тупаць, штурхаць», — распавёў школьнік. Паводле яго слоў, паліцыянты ўжывалі да дзевяціклясьнікаў сілавыя прыёмы:

«Мяне вельмі жорстка паклалі, ткнулі тварам у сьнег. Майго сябра падрапалі, ён парэзаўся аб шчыты, у мяне засталася драпіна на руцэ, драпіна на каленцы, плюс вялікая шышка на галаве», — распавёў ён.

Пасьля таго, як ролікі зьявіліся ў сеціве, МУС пацьвердзіла правядзеньне вучэньняў, але ніякіх выбачэньняў школьнікам не прынесла. У МУС таксама заявілі, што ўдзел школьнікаў у вучэньнях быў «узгоднены з адміністрацыяй школы», але затым гэтая навіна з сайта МУС Татарстану была выдаленая, а прыведзеная фраза з новага варыянту паведамленьня зьнікла. У МУС таксама заявілі, што ніхто з школьнікаў не пацярпеў, а перад вучэньнямі іх нібыта праінструктавалі аб мерах бясьпекі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG