Беларускія ўлады вырашылі зрабіць 2 студзеня выходным днём без адпрацоўкі. А вось 4 студзеня застанецца рабочым днём.
Аляксандар Лукашэнка 17 сьнежня падпісаў указ, у адпаведнасьці зь якім 2 студзеня на пастаяннай аснове прызнана непрацоўным сьвяточным днём (безь неабходнасьці яго адпрацоўкі), паведамілі БелТА ў прэс-службе кіраўніка Беларусі.
Разам з тым, як патлумачылі Tut.by у прэс-службе ўраду, субота 4 студзеня будзе працоўным днём — у гэты дзень давядзецца адпрацоўваць за панядзелак 6 студзеня (раней адпрацоўку за 6-га плянавалі на 11 студзеня).
Цяпер графік адпачынку на навагоднія сьвяты выглядае так:
- 25 сьнежня
- 1 студзеня
- 2 студзеня (з адпрацоўкай у суботу 4 студзеня)
- 6 студзеня
- 7 студзеня.
Раней у інтэрнэце зьявілася пэтыцыя з просьбай зрабіць выходнымі 31 сьнежня, 1 і 2 студзеня, яе падпісалі больш за 11 тысяч чалавек.
Пасьля гэтага прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Румас сказаў, што «ўрад хацеў 2 студзеня зрабіць выходным, але не падтрымалі, а пра 31-га ніхто не казаў» і паабяцаў вывучыць пытаньне. Пазьней Румас паведаміў, што ўрад унёс у адміністрацыю Лукашэнкі праект указу аб аб'яўленьні 2 студзеня выходным без адпрацоўкі, пры гэтым 31 сьнежня застанецца працоўным днём.