Эўразьвяз створыць санкцыйны мэханізм у сфэры правоў чалавека, аналягічны «акту Магніцкага» ў ЗША. Пра гэта заявіў вярхоўны прадстаўнік ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі Жазэп Барэль, выступаючы на прэс-канфэрэнцыі па выніках пасяджэньня кіраўнікоў МЗС краін Эўразьвязу.
Ён назваў будучы санкцыйны рэжым «усёабдымным», дадаўшы, што кіраўніцтва Эўразьвязу аднагалосна ўхваліла гэтую ідэю. У хуткім часе служба ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі пачне працу па падрыхтоўцы адпаведнай дакумэнтацыі.
Акт Магніцкага быў прыняты ў ЗША ў 2012 годзе. Дакумэнт вызначаў кола асоб, якія маюць дачыненьне да гібелі ў расейскім сьледчым ізалятары юрыста фонду Hermitage Capital Сяргея Магніцкага і ўводзіў для іх забарону на ўезд у ЗША і фінансавыя санкцыі. Цяпер у «сьпіс Магніцкага» ўключаюць адказных за парушэньні правоў чалавека ў цэлым. Аналягічныя, або падобныя прававыя акты, былі прынятыя ў Вялікабрытаніі, Канадзе, Эстоніі, Латвіі і Літве.
Сяргей Магніцкі займаўся расьсьледаваньнем карупцыйных схем у Расеі. Яго арыштавалі ў 2009 годзе па абвінавачваньні ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў. Праз год пасьля арышту Магніцкі памёр у расейскім сьледчым ізалятары «Матроская цішыня». Афіцыйнай вэрсіяй сьмерці кіраўніцтва ізалятара назвала сардэчную недастатковасьць.
Праваабаронцы вінавацяць кіраўніцтва СІЗА ў наўмысным неаказаньні мэдычнай дапамогі Магніцкаму і ўтойваньні сапраўдных прычынаў яго сьмерці.