Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта быў не суіцыд!». Блізкія памежніка, які загінуў у войску, ня вераць у афіцыйную вэрсію


Сьледчы камітэт высьвятляе прычыны сьмерці вайскоўца тэрміновай службы ў Мазырскім памежным атрадзе. Паводле афіцыйнага паведамленьня Дзяржаўнага памежнага камітэту, 19-гадовы яфрэйтар застрэліўся. Ягонае цела знайшлі 20 лістапада каля 2:00.

Блізкія Руслана ня вераць у суіцыд. «Не было ў яго прычын забіваць сябе!», — упэўнена Ірына, цётка загінуўшага памежніка.

Афіцыйна: меў станоўчыя характарыстыкі, хацеў застацца на кантракт

Памежны камітэт на раніцы пасьля гібелі Руслана паведаміў: жыхар Мазыра трапіў на тэрміновую службу ў леташні прызыў, у лістападзе 2018 году. Па службе характарызаваўся станоўча. Меў падзяку за ініцыятыву і высілкі ад камандаваньня, за «рашучыя дзеяньні ў выяўленьні і затрыманьні парушальніка мяжы, а таксама высокія паказьнікі ў службе за трэці квартал 2019 году».

У лістападзе Руслан быў у адпачынку, праводзіў яго дома, у Мазыры. Сьцьвярджаецца, што пасьля тэрміновай службы ён зьбіраўся заставацца служыць па кантракце.

«Прадстаўнікі часткі блытаюцца ў паказаньнях!»

Ірына распавяла, што ў адпачынку Руслан быў да 3 лістапада. Дзядуля адвёз яго ў Прудок (вёску пад Мазыром, дзе дысьлякуюцца памежнікі).

«Хлопец быў у добрым настроі. 18 лістапада, за два дні да сьмерці, ён тэлефанаваў бабулі, казаў, што ў яго ўсё добра, што ў яго выходны, а заўтра ідзе ў нарад. То бок у панядзелак у Руслана ўсё было добра, а ў ноч з аўторка на сераду такое здарылася», — зьвяртае ўвагу жыхарка Мазыра.


Ірына сьцьвярджае, што ў прадстаўніка вайсковай часткі, які апытваў сваякоў, было некалькі розных вэрсій.

«Сваякам ён казаў рознае. Адным — што стрэл быў у лоб і шчаку. Другім — у падбародак. Маці казалі, што стрэл быў толькі ў лоб. Спачатку казалі, што Руслан быў на заставе ўдвух зь іншым салдатам, потым — што яны нават не дайшлі да заставы, потым — што іх там было шмат, у тым ліку былі і афіцэры», — кажа цётка Руслана.

«Ня меў патрэбы ў грашах, ня меў праблемаў з дзяўчынай — у яго яе папросту не было!»

Ірына ня верыць у вэрсіі самазабойства хлопца, агучаныя ў тым ліку і прадстаўнікамі часткі. Напрыклад — недахоп грошай, праблемы з дзяўчынай ці з бацькамі.

Недахоп грошай?

«Руслан ня меў патрэбу ў грашах. У яго дагэтуль на салдацкай картцы ляжаць тыя грошы, зь якімі ён прыйшоў у адпачынак. У яго ёсьць рахунак у банку. Перад войскам ён працаваў, зарабіў грошы і паклаў сабе на рахунак. Зьбіраўся пасьля службы купіць сабе што-кольвек. У яго было больш за 870 рублёў на рахунку. Атрымліваецца, дзіця сабе на помнік зарабіла», — плача Ірына.

Дзяўчына кінула?

«Ён абсалютна ні з кім не сустракаўся», — упэўнена Ірына. Стрыечная сястра Руслана таксама пацьвярджае: у яго не было дзяўчыны.

«Мы з дзяцінства расьлі разам, ён быў вельмі добры. У яго не было дзяўчыны. У яго ў сям’і ўсё было добра. Ён ніяк не мог застрэліцца — у яго не было падстаў для гэтага. Тым больш калі камандзіры казалі, што ён не адзін быў у нарадзе — як ён мог гэта зрабіць?», — кажа стрыечная сястра Вікторыя.

Кампутарныя гульні?

«Нам нават такую вэрсію агучвалі прадстаўнікі часткі. Гэта абсалютная лухта. Хлопец прыйшоў у адпачынак на дзесяць дзён, і ўвесь гэты час езьдзіў па сваяках! А калі ён два дні і пасядзеў у кампутары, пагуляў — то што?» — кажа Ірына.

Ня ладзіў з бацькамі?

«У войску проста шукаюць апраўданьня самазабойству. Пытаюцца: чаму ягоныя бацькі разьвяліся? Чаму ён да войска жыў у бабулі? — Ды таму, што да вучобы яму бліжэй было! Так, ён з айчымам не знайшоў агульнай мовы. Але хіба гэта можа быць нагодай забіваць сябе?» — задае пытаньні цётка Руслана.

Быў неадэкватны?

«Можа, яны хочуць зрабіць з яго неадэкватнага? Тады чаму яго прызвалі ў войска? Калі зь ім нешта здарылася падчас службы — то зноў жа, пытаньне да камандзіраў. Паводле адной з вэрсій прадстаўніка часткі, калі Руслан заступаў у нарад, у яго моцна калаціліся рукі, да такой ступені, што ён ня мог перазарадзіць аўтамат. Калі гэта было так — то чаму яго выпусьцілі ў нарад?» — у Ірыны больш пытаньняў, чым адказаў.

Руслан служыў поварам, часта заставаўся на кухні адзін. «У яго было столькі варыянтаў для самазабойства. У адпачынку мог скочыць з 9 паверху. То чаму ён зрабіў гэта на заставе?», — разважае цётка.

Руслан зьбіраўся застацца служыць на кантракце. Ён казаў пра гэта дзядулю — што трэба зрабіць два здымкі для дакумэнтаў. Дома хлопец казаў: ат, колькі там засталося служыць — да вясны.

«Ад стрэлу быў бы апёк твару. Але твар у яго чысты...»

Ірына кажа, што сваякі ўпэўненыя, што гэта забойства.

«Нават калі б ён сам у сябе страляў — не было б ні брыва, нічога, апёк твару быў бы. А твар у яго быў чысты.

У моргу яго загрыміравалі. Але потым мы ўбачылі, што ўвесь твар і лоб былі сінія.

Прадстаўнік часткі нам казаў, што ў яго ўся рука абпалена ад стрэлу. Мы на могілках разьвязалі яму рукі — у яго былі чыстыя далоні. І толькі на ўказальным пальцы правай рукі былі тры чорныя плямкі. Руслан ня быў леўшуном, а стрэл быў нібыта ў левы бок.

У яго адарваная частка носу зьлева і пашкоджаны лоб так, як быццам нечым прайшліся наўскос. Але сьлядоў стрэлу не відаць! — Толькі рваныя раны», — кажа Ірына.

22 лістапада сваякоў Руслана апыталі ў Сьледчым камітэце.

Публікацыя падрыхтавана з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG