Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яго трэба было давесьці» — хлопец у войску нанёс сабе пашкоджаньні. Што вядома


«Ускрыў сабе вены салдат тэрміновай службы», — напісаў блогер Nexta ў сваім тэлеграме. Міністэрства абароны імгненна адрэагавала, заявіўшы, што гэта няпраўда.

Паводле інфармацыі Nexta, усё адбылося 13 ліпеня ў 11-й мэханізаванай брыгадзе. Салдат, якога прызвалі на службу ў лістападзе 2018 году, ускрыў сабе вены. Яго ўдалося выратаваць.

Маці А. пацьвердзіла Свабодзе, што хлопец цяпер у шпіталі — яна яго там наведала. Стан хлопца нармальны. Пра магчымасьць завядзеньня крымінальнай справы сям’і вядома, але пакуль яны камэнтаваць інцыдэнт ня будуць.

Свабода даведаліся, што А. 20 гадоў. Ён родам з Горадзеншчыны. Вучыўся ў Горадзенскім унівэрсытэце, але быў адлічаны і трапіў у войска.

«На дадзены момант гэты вайсковец знаходзіцца ў мэдыцынскай установе, — паведаміла Свабодзе афіцыйная прадстаўніца Мінабароны Натальля Гаўрусік. — У такіх выпадках мы не раскрываем імёнаў, супраць гэтага могуць быць родныя вайскоўца. Пакуль складана сказаць, ці вернецца ён пасьля абсьледаваньня ў сваю частку. Гэта будзе залежаць ад агульнага стану, ад вынікаў абсьледаваньняў і праверак. Магу ўдакладніць, што пагрозы жыцьцю салдата няма. Усё, што ён рабіў, было дэманстратыўна, на вачах у таварышаў па службе».

«Хлопец выключна адораны. Але сумбурны»

Вось што распавёў пра А. Георгі Войтка, кіраўнік тэатральнай студыі на фізыка-тэхнічным факультэце Гарадзенскага ўнівэрсытэту, у якой раней граў А.

«Ён хлопец выключна адораны. Але сумбурны. Адлічылі яго зь фізтэху, бо яму было нецікава вучыцца, ён занадта творчы», — кажа Георгі. Ён дадае, што перапісваліся з А. падчас службы ў войску нячаста.

«У яго тэлефона там, напэўна, не было. Ён ня скардзіўся, не такі чалавек. Ня будзе скардзіцца, нават калі яму кепска. Ён вельмі жыцьцярадасны. Ёсьць такія людзі, якія ўвесь час ныюць, але ніколі не наважацца на ўчынак. А ён вельмі адважны. Я нават ня зьдзіўлены. Думаю, што нешта адбылося неардынарнае, яго трэба было давесьці», — мяркуе Георгі Войтка.

У пастаноўках тэатру А. граў ролю Барона ў «Скупым рыцары» і аднаго з Капулеці ў спэктаклі Romeo+Juliet.

Міністэрства абароны разьмясьціла ў Тэлеграме абвяржэньне распаўсюджанай Nexta інфармацыі. Яно паведамляе, што праводзіць праверку на прадмет падставаў для завядзеньня крымінальнай справы ў дачыненьні да ваеннаслужачага з прычыны наўмыснага нанясеньня сабе цялесных пашкоджаньняў.

«Ваеннаслужачы дэманстратыўна нанёс сабе некалькі драпін рук, якія не ўяўляюць пагрозы для жыцьця».

Міністэрства абароны нагадала, што «ўхіленьне асобы ад нясеньня абавязкаў вайсковай службы шляхам наўмыснага нанясеньня сабе цялеснага пашкоджаньня ці сымуляцыі захворваньня альбо адмова ад нясеньня абавязкаў вайсковай службы караюцца пазбаўленьнем волі на тэрмін да сямі гадоў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG