Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Малайчына!» — бацька сяржанта, пасаджанага на «губу» за мабільнік, расказвае пра ўчынак сына


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Эрнэст Барадзёнак кажа, што ён таксама меў канфлікты з камандзірамі падчас службы ў войску.

«Калі камандзір часткі ня можа падбіраць патрэбныя словы ў размове з падначаленым яму вайскоўцам, дык ён па вызначэньні ня можа быць камандзірам часткі. Ані ў мірны час, ані ў баі», — гэтак бацька арыштаванага за мабільнік салдата пракамэнтаваў словы, якія прагучалі ў адрас ягонага сына.

Эрнэст Барадзёнак з Горадні — бацька сяржанта Юрыя Барадзёнка, якога некалькі дзён таму пасадзілі на гаўптвахту ў Астраўцы. Фармальна — за карыстаньне «нявызначаным» мабільным тэлефонам. Сам салдат мяркуе, што пакараны папраўдзе за адміністраваньне Telegram-каналу з крытычным зьместам.

«На месцы міністра я страляў бы такіх, як ты. Шкада, што цяпер жыцьцё салдата не 38 капеек — колькі каштаваў патрон», — такія словы прыпісвае камандзіру сяржант Барадзёнак.

Ягоны бацька Эрнэст Барадзёнак даведаўся пра арышт сына ад карэспандэнта Свабоды. З маці Юрыя яны ў разводзе, сям’я распалася некалькі гадоў таму. Калі Эрнэст даведаўся аб прычыне канфлікту сына з вайсковым камандзірам, ня надта зьдзівіўся.

«Значыць, гены ўсё ж сваю справу робяць, — гаворыць бацька арыштаванага. — Не паверыце, але 20 гадоў таму, калі я служыў у войску, у мяне адбылася падобная гісторыя. Крытыкаваў вайсковыя парадкі і дакрытыкаваўся да таго, што ў выніку камісавалі. Відаць, сын такі самы, стаіць за праўду. Малайчына!»

Як падкрэсьлівае Эрнэст Барадзёнак, у войску адбываюцца і «нэгатыўныя рэчы, там ёсьць дзедаўшчына, несправядлівасьці». Раней гэта ўтойвалі, і цяпер, відаць, таксама не вітаюць тых, што гэта выносяць на агульнае абмеркаваньне. З тым камандзірам, які казаў сыну, што страляў бы, Барадзёнак «пагаварыў бы асобна», бо «трэба словы падбіраць, інакш ты не камандзір».

Тэлеграм-канал, які да «губы» адміністраваў Юры Барадзёнак пад адрасам @wordandtruth, завецца «Беларуская кухня» і мае больш за 3 700 чытачоў. На канале публікаваліся гісторыі пра беларускае войска, якія дасылалі падпсанты. Звычайна крытычнага характару.

«Усё апублікаванае ў канале ёсьць асабістай думкай або дадумкай аўтараў. Памятайце пра гэта, бо, публікуючы вашыя гісторыі, адміністрацыя канала ня можа ніяк праверыць іх праўдзівасьць», — папярэджвала адміністрацыя каналу.

Паводле інфармацыі блогера Эдуарда Пальчыса, зьмест «Беларускай кухні» не спадабаўся памочніку міністра абароны, і той загадаў камандзіру часткі № 90106 разабрацца з адміністратарам каналу.

Міністэрства абароны не пацьвярджае фактаў, апісаных арыштаваным сяржантам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG