Сьледчы камітэт высьвятляе прычыны сьмерці вайскоўца тэрміновай службы ў Мазырскім памежным атрадзе, пішуць на сайце гэтага атраду.
Цела знайшлі 20 лістапада каля 2.00. Паводле прэсавай службы Дзяржаўнага памежнага камітэту, вайскове застрэліў сябе, паведамляе onliner.by. Яфрэйтар тэрміновай службы 1999 году нараджэньня быў прызваны ў лістападзе 2018 году.
Мужчыну на службе станоўча характарызавалі, ён меў падзяку за ініцыятыву і высілкі ад камандаваньня, за «рашучыя дзеяньні ў выяўленьні і затрыманьні парушальніка мяжы, а таксама высокія паказьнікі ў службе за трэці квартал 2019 году».
У лістападзе мужчына вярнуўся з адпачынку, які праводзіў дома. Сьцьвярджаецца, што пасьля тэрміновай службы ён зьбіраўся заставацца служыць па кантракце.
«Камандаваньне Дзяржпагранкамітэту выказвае спачуваньні родным і блізкім вайскоўца», — дадаюць у афіцыйным паведамленьні.