Старшыня грамадзкага абʼяднаньня «Камітэт салдацкіх маці» Галіна Чыгрынава падтрымлівае новыя зьмены ў закон аб адтэрміноўках. Кажа, што яе меркаваньне грунтуецца на размовах з салдатамі, іх семʼямі і камандзірамі.
Паводле новых зьменаў, атрымаць адтэрміноўку для вучобы цяпер можна будзе толькі адзін раз. Чыгрынава згадвае савецкія часы, калі хлапцоў-студэнтаў адразу забіралі ў войска, і кажа, што такія захады беларускага Міністэрства абароны «самыя бяскрыўдныя».
«Калі чалавек паступіў у ВНУ, яму ж даюць адну адтэрміноўку, даюць магчымасьць абараніць дыплём, нават не перапыняючы вучобу. Калі ў юнака ёсьць мэта, калі ў яго разумная галава, — ён усё адно і пасьля войска атрымае адукацыю, скончыць і магістратуру, і асьпірантуру. І ніякай трагедыі я ня бачу ў тым, што пасьля ВНУ чалавек адслужыць адзін год у войску», — перакананая старшыня Камітэту салдацкіх маці.
Яна наракае, што цяпер прэстыж службы ў войску слабы. «Калі я прыяжджаю ў вайсковую частку, пытаюся: „Хлопцы, а хто ішоў служыць па жаданьні, падыміце рукі“. Рук няма. Усе яны ішлі ў войска па прымусе, па неабходнасьці, паводле абавязку. Значыць, армія — не прывабная», — кажа Галіна Чыгрынава. І заклікае рабіць усё, каб служба ў войску стала прэстыжнай, і пашырыць ільготы тым, хто адслужыў.
Пры гэтым Чыгрынава выступае за тое, каб скараціць тэрмін службы з 1,5 да 1 году.
«Канечне, гэта нагрузка на афіцэрскі склад. Але калі ўсё прадумаць, арганізавацца, усё аптымальна выбудаваць — можна за 1 год навучыць салдат таму, чаму зараз вучаць паўтара года», — кажа яна.
Спасылаючыся на словы камандзіраў, Галіна Чыгрынава кажа, што цяжэй служыць 23–25-гадовым маладым людзям, асабліва тым, каго выхоўвала адна маці ці маці і бабуля. Нібыта яны самыя непрыстасаваныя ў жыцьці.
«Так што служба зробіць з інфантыльных маладых людзей самастойных і здольных абслужыць сябе, а таксама пастаяць за сябе», — мяркуе яна.
А вось служыць, паводле Галіны Чыгрынавай, мусяць усе. У гэтым і ёсьць «сацыяльная справядлівасьць». Каб усе змаглі выканаць свой абавязак, яна прапануе пашыраць віды і армейскай, і альтэрнатыўнай службы.
«Калі хлопец падрыхтаваны, адукаваны, таленавіты, мазгі ў яго вараць, ён валодае кампутарам, шмат ведае — трэба выкарыстоўваць яго па прызначэньні, накіроўваць у адмысловыя часьці, кшталту ІТ-роты.
А калі ён няздольны ці мае здароўе слабое — няхай шые абмундзіраваньне, працуе санітарам у шпіталі. Ім трэба зусім няшмат даваць баявой падрыхтоўкі, бо яны не асвояць складаную вайсковую тэхніку, якая ёсьць, да прыкладу, у Печах у вучэбным цэнтры, дзе вельмі складаная праграма», — мяркуе старшыня Камітэту салдацкіх маці Галіна Чыгрынава.
«Закон аб адтэрміноўках». Што важна ведаць
24 ліпеня Аляксандар Лукашэнка падпісаў закон «Аб зьменах законаў па пытаньнях эфэктыўнага функцыянаваньня вайсковай арганізацыі дзяржавы» (так званы «закон аб адтэрміноўках»).
Прыняты ў другім чытаньні законапраект прадугледжвае, што:
- адтэрміноўку ад прызыву для працягу адукацыі ў Беларусі будуць даваць толькі адзін раз (калі адтэрміноўкай студэнт ужо скарыстаўся, то на час службы ва Ўзброеных сілах яму будзе давацца акадэмічны водпуск);
- тым, хто «належным чынам» атрымаў позву аб прызыве, але ўхіляецца ад прызыву, абмяжуюць выезд за мяжу (паводле міністра абароны Раўкова, абмежаваньне на выезд будзе тычыцца і тых, каго ваенкамат не знайшоў і ня змог уручыць позву);
- у вайсковым білеце могуць зрабіць пазнаку «адсутнасьць законных падставаў» для непраходжаньня службы, калі чалавек да 27 гадоў ухіляўся ад прызыву;
- тых, хто мае такую пазнаку, ня будуць браць на дзяржаўную службу, у Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства надзвычайных сытуацый, органы фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю, Сьледчы камітэт і Камітэт судовых экспэртызаў;
- замест разьмеркаваньня пасьля навучаньня ў ВНУ дазволяць служыць у войску па кантракце і не плаціць тады за адмову ад разьмеркаваньня.
Тэкст закону афіцыйна апублікаваны 30 ліпеня, асноўныя нормы набудуць моц праз 10 дзён. Гэта значыць, што прызыў, які адбудзецца ў жніўні-лістападзе, пройдзе паводле новых правілаў, але падобна, што ў тых, хто сёлета ўжо атрымаў адтэрміноўку і паступіў, напрыклад ,у магістратуру, права на адтэрміноўку адбіраць ня будуць.