«Нафтагаз» падаў у Стакгольмскі арбітраж новы пазоў супраць «Газпрому». Украінская кампанія патрабуе выплаціць ёй каля 12 мільярдаў даляраў у якасьці кампэнсацыі магчымых стратаў ад спыненьня транзыту расейскага газу ў Эўропу.
Паводле выканаўчага дырэктара «Нафтагазу» Юрыя Вітрэнкі, у пазоўнай заяве больш 500 старонак, да яе «прыкладаюцца тры справаздачы міжнародных экспэртаў», а таксама «паказаньні сьведак». Рашэньне па пазове, як заявіў Вітрэнка, чакаецца ў 2021 годзе.
«Нафтагаз» паведаміў аб намеры выставіць «Газпрому» новы пазоў на фоне перамоваў пра транзыт расейскай сыравіны праз Украіну. Кіраўнік «Газпрома» Аляксей Мілер і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін раней заявілі, што да заключэньня ўгоды трэба спачатку ўрэгуляваць усе судовыя спрэчкі паміж кампаніямі.
Дзеючы кантракт на транзыт газу заканчваецца 31 сьнежня. Прэм’ер-міністар Украіны Аляксей Ганчарук раней заявіў, што калі пагадненьне ня будзе працягнутае, некалькі гарадоў у краіне могуць застацца без ацяпленьня. Пры гэтым Ганчарук адзначыў, што Кіеў будзе дамагацца доўгатэрміновага кантракту на транзыт газу.