Апоўдні 3 лістапада ў Менску ад мэтро «Парк Чалюскінцаў» пачнецца традыцыйнае шэсьце на Дзяды — дзень памяці продкаў.
Шэсьце і мітынг у мэмарыяльным комплексе Курапаты санкцыянаванае ўладамі. Яго традыцыйна ладзіць Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ. Удзельнікаў чакаюць ад 11:30 каля гадзіньнікавага заводу (пр. Незалежнасьці, 95).
Адказны сакратар КХП-БНФ і кіраўнік грамадзкай дырэкцыі народнага мэмарыялу Курапаты Алесь Чахольскі прапанаваў прадстаўнікам рэгіянальных ініцыятываў сабраць сваіх актывістаў і далучыцца да менскай акцыі на «Дзяды» з расьцяжкамі, на якіх былі б назвы месцаў масавых расстрэлаў, мэмарыялізацыяй якіх яны займаюцца. Такім чынам, на яго думку, будзе паказана, «што прыяжджаюць людзі з усёй Беларусі і колькі такіх месцаў у краіне».
Першая масавая дэманстрацыя ў Курапатах прайшла ў 1988 годзе, тады людзей разагналі ўнутраныя войскі з прымяненьнем сьлезацечнага газу і спэцсродкаў. Першы сямімэтровы крыж на тэрыторыі мэмарыялу зьявіўся праз год, на Дзяды 1989-га. Яго назвалі Крыж Пакуты.