Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Беларусі зноў павялічыў долю дзяржавы ў шэрагу цэмэнтавых і дрэваапрацоўчых заводаў


«Барысаўдрэў», архіўнае фота
«Барысаўдрэў», архіўнае фота

Савет Міністраў Беларусі ўхваліў рашэньне аб павелічэньні долі дзяржавы ў статутных фондах сямі прадпрыемстваў. Сярод іх стратныя цэмэнтавыя заводы і тры прадпрыемствы канцэрну «Беллеспаперапрам», які раней крытыкаваў Лукашэнка.

Агуам дзяржава павялічыць долю ў статутных фондах сямі прадпрыемстваў:

  • ААТ «Беларускі цэмэнтавы завод»,
  • ААТ «Барысаўдрэў»,
  • ААТ «Гомельшкло»,
  • ААТ «Івацэвічыдрэў»,
  • ААТ «Краснасельскбудматэрыялы»,
  • ААТ «Крычаўцэмэнтнашыфэр»,
  • ААТ «Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат».

Частку дзяржавы павялічаць адпаведна аб’ёму дзяржаўнай падтрымкі, якую атрымаюць прадпрыемствы. Агульная сума такой падтрымкі ў 2024 годзе склала 46,55 млн беларускіх рублёў.

У прыватнасьці, доля дзяржавы ў фондах ААТ «Крычаўцэмэнтнашыфэр» павялічыцца на 15,9 мільёна рублёў, у ААТ «Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат» — на 8,9 млн рублёў, у ААТ «Івацэвічдрэў» — на амаль 8,03 млн рублёў. Дзяржава таксама павялічыла сваю долю ў ААТ «Гомельшкло» на 5,79 мільёна рублёў, у ААТ «Беларускі цэмэнтавы завод» — на 5,08 млн рублёў, у «Краснасельскбудматэрыялах» — на 2,25 мільёна рублёў і ў ААТ «Барысаўдрэў» — на 500 тысяч рублёў.

Перадаць акцыі ва ўласнасьць дзяржавы павінны да 1 верасьня.

Падобныя рашэньні прымаюць не ўпершыню. Летась урад павялічыў долю дзяржавы ў прадпрыемствах «Гомельдрэў», «Івацэвічыдрэў», «Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат», «Беларускі цэмэнтавы завод», «Гомельшкло», «Краснасельскбудматэрыялы» і «Крычаўцэмэнтнашыфэр».

  • У сьнежні 2024 году ўрад Беларусі вырашыў, што працэнты на крэдыты, выдадзеныя «Беларусбанкам» двум цэмэнтавым заводам — «Беларускаму цэмэнтнаму заводу» і «Крычаўцэмэнтнашыфэру», — сёлета зноў будуць плаціць з нацыянальнага бюджэту.
  • У лютым 2024 году ўрад вырашыў коштам бюджэту пагасіць працэнты на крэдыты 5 дзяржаўных прадпрыемстваў, што пацярпелі ад санкцыяў: сярод іх «Барысаўдрэў», «Івацэвічыдрэў», «Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат», «Кіроўная кампанія холдынгу „Беларускія шпалеры“» і РУП «Завод газэтнай паперы».
  • Пачынаючы з 2008 году, улады Беларусі пачалі выдаваць крэдыты тром бэтонным заводам: Беларускі цэмэнтавы завод, «Крычаўцэмэнтнашыфэр», «Краснасельскбудматэрыялы». Агулам за некалькі гадоў у заводы ўлілі больш за 1 мільярд даляраў — гэта мінімальная лічба, якая пацьвярджаецца дакумэнтальна. Цяпер жа ўрад дапамагае цэмэнтавікам з выплатай даўгоў — гасіць частку адсоткаў на крэдыты, выплаты за якія таксама расьцягваюць ажно да 2049 году.
  • «Крычаўцэмэнтнашыфэр» у 2023 годзе атрымаў 120,65 млн рублёў чыстых стратаў, што амаль у 4 разы больш, чым у 2022 годзе. Страты «Краснасельскбудматэрыялаў» у 2023-м падвоіліся — да 55,1 млн рублёў, а «Беларускі цэмэнтавы завод» скараціў чыстыя страты на 16% — да 34,36 млн рублёў. Сукупныя страты трох заводаў у 2023 годзе склалі амаль 210,1 млн рублёў, што ўдвая больш, чым у 2022-м.
  • У 2007 годзе з падачы Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі пачалі падтрымліваць дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы. Шэрагу прадпрыемстваў выдалі крэдыты агульнай сумай больш як на мільярд даляраў. Так, напрыклад, «Івацэвічыдрэў» атрымаў 66,7 мільёна даляраў. У 2021 годзе завод зарабіў 22,8 мільёна рублёў, пры гэтым пазык у яго было на 58 млн даляраў.
  • Канцэрн «Беллеспаперапрам» (у які ўваходзяць «Гомельдрэў», «Івацэвічыдрэў» і «Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат») адным зь першых адчуў ціск міжнародных санкцыяў, уведзеных пасьля 2020 году. Летась 4 красавіка Аляксандар Лукашэнка падчас прызначэньня новага кіраўніка канцэрну «Беллеспаперапрам» заявіў, што «так, як працуе „Беллеспаперапрам“, працаваць нельга».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG