У Гомельскай вобласьці таксама даражэе праезд у грамадзкім транспарце. Пра гэта сьведчыць рашэньне Гомельскага аблвыканкаму № 326, апублікаванае 15 красавіка на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале. Яно набывае моц пасьля апублікаваньня.
Цяпер адна паездка на звычайных і хуткасных аўтобусах і тралейбусах Гомельскай вобласьці каштуе 90 капеек, а на экспрэсных — 1 рубель.
Тарыфы ў прыгарадным транспарце павялічылі на 1 капейку. У звычайных маршрутах праезд будзе каштаваць 11 капеек за кілямэтар, на хуткасных і дадатковых — 13 капеек, на экспрэсных — 14 капеек.
Падаражэлі і праязныя білеты. Праязныя на месяц будуць каштаваць ад 34,42 рубля да 54,05 рубля ў залежнасьці ад памеру горада і колькасьці відаў транспарту, на паўмесяца — ад 18,14 да 28,47 рубля, дэкадныя — ад 12,06 да 19,02 рубля, дзённыя — ад 2,43 да 3,43 рубля.
Раней на 10 капеек павысілі цану на праезд у грамадзкім транспарце Менскай вобласьці (з 25 сакавіка), Магілёўскай (з 29 сакавіка), Берасьцейскай і Горадзенскай (з 4 красавіка), а таксама Віцебскай вобласьці (з 12 красавіка). З 9 красавіка падаражэў праезд у грамадзкім транспарце ў Менску.
Пасьля павышэньня цана паездкі ў аўтобусах і тралейбусах звычайных маршрутаў Менскай, Берасьцейскай, Віцебскай, Горадзенскай і Магілёўскай вобласьцяў складае 90 капеек, а на экспрэсных — 1 рубель. У звычайных гарадзкіх аўтобусах, тралейбусах і трамваях у Менску за праезд трэба аддаць 95 капеек, у мэтро — 1 рубель за паездку. Таксама паўсюль падаражэлі праязныя білеты.
Форум