Як ствараўся Народны мэмарыял у Курапатах пад Менскам.
Першы — Крыж Пакуты — быў пастаўлены ў Курапатах яшчэ пры савецкай уладзе ў 1989 годзе. Масава крыжы на месцы ахвяраў сталінскіх рэпрэсій пачалі ставіць з 2000 году.
4 красавіка на тэрыторыі мэмарыялу Курапаты пачалі зносіць крыжы — народны мэмарыял, які існуе на тэрыторыі масавага расстрэлу ўжо 30 гадоў. Свабода прыгадала, як ствараўся народны мэмарыял.
З чаго ўсё пачалося
Першая масавая дэманстрацыя ў Курапатах прайшла ў 1988 годзе, тады людзей разагналі ўнутраныя войскі з прымяненьнем сьлезацечнага газу і спэцсродкаў. Першы сямімэтровы крыж на тэрыторыі мэмарыялу зьявіўся праз год, на Дзяды 1989-га. Яго назвалі Крыж Пакуты.
Да 2000 году на тэрыторыі мэмарыялу крыжы не ставілі. За 10 гадоў тэрыторыя помніка прыйшла ў занядбаньне, таму палітык Зянон Пазьняк заклікаў да стварэньня народнага мэмарыялу на гэтым месцы.
На заклік палітыка адгукнуліся, і ўжо 2000 годзе прайшло першае крыжовае шэсьце на Дзяды ў Курапаты. Для гэтага падрыхтавалі і паставілі 20 крыжоў. Пасьля гэтага крыжы сталі ставіць у Курапатах стала штогод.
Пратэст супраць будаўніцтва кальцавой дарогі
Увосень 2001 году каля Курапатаў пачалі будаваць кальцавую дарогу, якая закранала кавалак мэмарыялу. Тады ж пачалася штодзённая курапацкая варта, якую ініцыяваў «Малады фронт» пад кіраўніцтвам Паўла Севярынца. Тады крыжы сталі сымбалем барацьбы, іх ставілі на шляху рабочых, якія мусілі пракладаць дарогу.
Курапацкую варту разганялі з удзелам АМАПу, яна доўжылася каля 8 месяцаў.
За 8 гадоў — паўтысячы крыжоў
Нягледзячы на будаўніцтва кальцавой аўтадарогі, крыжы ў Курапатах працягвалі ставіць. Традыцыйна іх масава ставілі падчас шэсьця на Дзяды кожную восень. Перад гэтым актывісты прыбіралі ўрочышча, а таксама на штомесячных талоках 29-га чысла. Да 2008 году ў Курапатах паставілі паўтысячы крыжоў.
Абвастрэньне і зноў крыжы
Кожнае абвастрэньне сытуацыі вакол мэмарыялу суправаджалася ўсталяваньнем новых крыжоў, яны сталі своеасаблівым сымбалям барацьбы за мэмарыял. У 2017 годзе праз дарогу ад Курапатаў пачалі будаваць бізнэс-цэнтар. Гэта выклікала абурэньне грамадзтва, а каля Курапатаў зноў зьявілася штодзённая вахта ў намётах. Яе ініцыятарамі былі актывісты Зьміцер Дашкевіч, Павал Севярынец. Тады ж у Курапатах пачалі ставіць новыя крыжы кожны дзень.
У выніку супрацьстаяньня бізнэсоўцы адмовіліся аб сваіх плянах на будаўніцтва.
Крыжы супраць рэстарацыі «Поедем поедим»
У 2018 годзе каля Курапатаў пачала працу рэстарацыя «Поедем поедим», тады ж каля яе зьявілася штодзённая варта, актывісты не пускаюць наведнікаў у рэстарацыю. На пратэст супраць такой рэстарацыі актывіст Зьміцер Дашкевіч паставіў вакол Курапатаў некалькі дзясяткаў новых крыжоў вышынёй да 7 мэтраў.
Пасьля дарожнікі патрабавалі зьнесьці 13 крыжоў. 4 красавіка на ачэпленым мэмарыяле зьнесьлі да 70 крыжоў. Хто з уладаў прыняў такое рашэньне. пакуль невядома. Шасьцёх чалавек затрымала міліцыя.
Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін, — у 1953-м. Дасьледнікі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы.
Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 год ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.