Маскоўскі біёляг Дзьмітрый Жыцянёў адкрыў для сябе, што родныя браты ягонай бабулі былі віднымі асобамі ў Беларускай Народнай Рэспубліцы. Свабода даведалася, як мэтанакіраваныя пошукі зьвестак пра рэпрэсаваных продкаў прынесьлі нечаканы плён.
Нашчадак «ворагаў народу»
Дзьмітрый Валярʼянавіч Жыцянёў нарадзіўся ў 1934 годзе ў Маскве ў сямʼі мастакоў. Вучыўся ў Маскоўскім пушна-футравым інстытуце, а пасьля яго ліквідацыі ў 1955-м — у Іркуцкім сельскагаспадарчым. Дыплямаваны біёляг-паляўніцтвазнавец, працаваў у дзяржаўнай паляўнічай інспэкцыі, у Алтайскім і Пячора-Ілыцкім запаведніках.
Чвэрць стагодзьдзя прысьвяціў паляўнічай журналістыцы: пісаў артыкулы і фатаграфаваў для часопісаў «Охота и охотничье хозяйство», «Природа и охота», «Российской охотничьей газеты». Аўтар кніг «Секреты бывалых охотников» і «Моя тропа», а таксама нарысаў, фотарэпартажаў, апавяданьняў. Сябра Саюзу журналістаў Расеі, ганаровы работнік паляўнічай гаспадаркі Расеі.
Жонка Дзьмітрыя Валярʼянавіча памерла летась, у свой час геадэзісткай прайшла ўсю беларускую частку Белавескай пушчы.
У Дзень ахвяр палітычных рэпрэсій, які ў Расеі адзначаецца 30 кастрычніка, унук упершыню расказаў пра сваіх беларускіх дзядоў — «ворагаў народу».
Шукаць сьляды асуджаных продкаў пачаў адносна нядаўна — толькі пару гадоў таму пачаў разьбіраць сямейныя архівы. Як удалося яму высьветліць, два малодшыя браты ягонай бабулі Надзеі Хмялеўскай (у дзявоцтве Цьвікевіч) былі рэпрэсаваныя і расстраляныя ў 1937 і 1938 гадах адпаведна.
Паводле суразмоўцы, розьніца ва ўзросьце паміж братамі складала тры гады, яны былі меншымі сярод сямі дзяцей (да дарослага веку дажылі чатыры, тры першыя памерлі ад хваробаў). Нарадзіліся ў Берасьці: Саша ў 1888 годзе, Ваня ў 1891-м. Іх бацька быў фэльчарам чыгуначнага шпіталя.
«На пачатку 1970-х, калі я працаваў на Поўначы, бабулю адшукаў адзін з братоў: яна 1884 году, а Мікалай 1886-га, — расказвае Дзьмітрый Жыцянёў. — Ён скончыў Кіеўскі ўнівэрсытэт і ўсё жыцьцё настаўнічаў у гімназіях і школах. У 1939 годзе, пасьля аб'яднаньня Беларусі, апынуўся ў Польшчы, дзе ў 1979-м і памёр, дажыўшы да 93 гадоў. Дасылаў з Плоцку ўспаміны, апісваў жыцьцё ў Берасьці. Найцікавейшыя факты! Вялізны рукапіс, 28 аўтарскіх лістоў — нават з малюнкамі пакояў, дзе хто спаў, з партрэтам маёй ужо прапрабабулі. Тыя запісы і сталі штуршком, каб пачаць пошукі».
Вытрымка зь ліста Мікалая Цьвікевіча сваёй сястры Надзеі пра малодшага брата Аляксандра
«Брат мой малодшы Аляксандар, адвакат, будучы па сваіх судовых справах у месцах, адкуль бярэ свой пачатак наша сямʼя — дзесьці каля Жыровіц на Горадзеншчыне — рыючыся ў мясцовых архівах, адшукаў, што род Цьвікевічаў паходзіць ад нейкага паляка (або чэха), які апынуўся там з арміяй Напалеона. І застаўся як палонны, а можа і дэзэртэр. Ажаніўся з уладальніцай шынка — Тацяна была шляхцянка, нарадзілі яны дзяцей... Такая нашая гісторыя, якая губляецца ў змроку мінулага...»
Эмісар Беларускай Народнай Рэспублікі
Як вынікае з архіўных дакумэнтаў, Аляксандар Цьвікевіч сапраўды быў дыплямаваным юрыстам, скончыў юрыдычны факультэт Санкт-Пецярбурскага ўнівэрсытэту. Працаваў прысяжным павераным у Берасьці і Пружанах.
З пачаткам Першай усясьветнай вайны сямʼя апынулася ў эвакуацыі ў Туле. Па вяртаньні ў 1917 годзе далучыўся да стварэньня Беларускай народнай грамады, быў дэлегатам і дакладчыкам па праблемах уцекачоў на I Усебеларускім зьезьдзе, які стаў адной зь перадумоваў абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. У 1918-м разам зь іншым сацыял-дэмакратам Сымонам Рак-Міхайлоўскім у якасьці назіральнікаў з украінскага боку ўдзельнічаў у мірных перамовах у Берасьці — беларускую дэлегацыю Расея не прызнала.
Вясной 1918 году Аляксандра Цьвікевіча накіравалі ў Кіеў, дзе ён вёў перамовы аб прызнаньні незалежнасьці БНР і займаўся арганізацыяй Беларускай гандлёвай палаты.
Пасьля таго як Першая ўсясьветная вайна скончылася і Рада БНР пад ціскам бальшавікоў эмігравала, увесну 1919-га быў накіраваны ў Нямеччыну. Цягам 1920–23 гадоў быў міністрам замежных спраў ураду Беларускай Народнай Рэспублікі ў выгнаньні, да 1925-га ўзначальваў яго. Паверыўшы савецкай уладзе, склаў зь сябе паўнамоцтвы і вярнуўся ў Менск. Як аказалася, на сваю пагібель.
Спачатку працаваў у Народным камісарыяце фінансаў, Інбелкульце, Інстытуце гісторыі Беларускай акадэміі навук. У 1929 годзе выйшла яго найбольш вядомая праца «Нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў XIX і пачатку XX ст.», наклад якой савецкая ўлада пасьля зьнішчыла.
14 ліпеня 1930 году Аляксандра Цьвікевіча арыштавалі па так званай справе Саюзу вызваленьня Беларусі. Паводле судовага вэрдыкту выслалі на 5 гадоў у Сыбір — этапам празь Перм, Ішым і Сарапул. Па вяртаньні ў сярэдзіне сьнежня 1937 году арыштавалі зноў і праз два тыдні расстралялі ў Менску. Па першай справе рэабілітаваны ў 1988 годзе, па другой — у 1989-м.
Дзе пахаваны Аляксандар Цьвікевіч — зьвестак няма. Магчыма, у Курапатах ці ў іншых сакрэтных брацкіх магілах, якіх было багата вакол Менску.
Дасьледчык спадчыны Каліноўскага
Як кажа Дзьмітрый Жыцянёў, мяркуючы па лістах, у стрыечнага дзеда былі жонка і дзеці — гэта вынікае ўсё з тых жа лістоў брата Мікалая да сястры Надзеі.
«Мікалай у лісьце згадвае: спрабаваў зьвязацца з дачкой Аляксандра (дарэчы, таксама Саша), але, відаць, тая настолькі была запалоханая, баялася перасьледу, што каротка адказала і пасьля гэтага кантакты спыніла, — расказвае суразмоўца. — А раз былі дзеці, хтосьці, пэўна, застаўся, і цяпер нашчадкі жывуць. Адзінае, я ня ўпэўнены, што ў Менску. Бо іх маці, мая прабабуля, жыла ў маёй цёткі ў Загорску пад Масквой. Нават памятаю, як яе хавалі. Дарэчы, па-расейску не гаварыла, толькі па-польску, лічыла сябе полькай. А ўжо мая мама беларуска».
Паводле некаторых зьвестак, дачка Аляксандра Цьвікевіча жыла ў Санкт-Пецярбургу і на просьбу дасьледчыкаў жыцьця свайго бацькі дзялілася фатаздымкамі і дакумэнтамі.
Што да іншага брата, Івана, то ягоны лес таксама незайздросны. У 1914 годзе скончыў мэдычны факультэт Варшаўскага ўнівэрсытэту. У Першую ўсясьветную вайну служыў у царскім войску, з прыходам бальшавікоў — дывізійны лекар у Чырвонай арміі. Цягам 1921–23 гадоў працаваў у амбасадзе РСФСР у Нямеччыне, пасьля гэтага пераехаў у Менск.
Працаваў загадчыкам аддзелу ў Белдзяржвыдавецтве, займаўся мастацкімі перакладамі. Сябра калегіі Наркамату аховы здароўя БССР. Ад 1924 году ўзначальваў мэдычную сэкцыю Інбелкульту, пасьля рэарганізацыі ўстановы быў у Інстытуце навуковай мовы Беларускай акадэміі навук.
Іван Цьвікевіч — аўтар гістарычнага нарысу «Кастусь Каліноўскі», які ў 1922 годзе пад псэўданімам Іван Трызна надрукаваў у часопісе ўраду БНР «Беларускі сьцяг». Гэта была адна зь першых грунтоўных працаў пра кіраўніка паўстаньня 1863 году, у якой абгрунтоўваўся погляд на яго як на сьвядомага барацьбіта за незалежнасьць беларускага народу.
Як і брат, быў арыштаваны 18 ліпеня 1930 году па той жа справе Саюзу вызваленьня Беларусі і асуджаны на пяць гадоў лягераў. Пакараньне адбываў у Нарыме, дзе яго прызначылі начальнікам санітарнай часткі Нарымлягу. Затым працаваў лекарам у раённай бальніцы вёскі Усьць-Кан Алтайскага краю.
У гэтым зьвязку Дзьмітрый Жыцянёў згадвае, што, па іроніі лёсу, пасьля інстытуту сам атрымаў разьмеркаваньне ў Алтайскі запаведнік, але тады пра сумныя прыгоды свайго дзеда нічога ня ведаў.
Выглядае, што на радзіму Іван Іванавіч вярнуцца так і не пасьпеў. Яго паўторна арыштавалі 5 сакавіка 1938 году, і 1 жніўня Вайсковая калегія Вярхоўнага суду СССР асудзіла яго да вышэйшай меры. Расстраляны ў той жа дзень, месца пахаваньня невядомае. Рэабілітаваны судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суду БССР 19 верасьня 1960 году.
Загадка групавой фатаграфіі
Дзьмітрый Жыцянёў кажа, што для бальшыні расейцаў сваяцкая повязь са знакамітымі рэпрэсаванымі дзядамі мала значная. Сам ён з задавальненьнем наведаўся б у месцы, якія былі сьведкамі станаўленьня Беларускай Народнай Рэспублікі. Аднак у маладосьці зрабіць гэта не ўдалося, а ў 85 гадоў ужо запозна — «нетранспартабэльны», удакладняе ён.
Дарэчы, берасьцейскія актывісты ня раз зьвярталіся да мясцовых уладаў з ініцыятывай ушанаваньня памяці выбітных землякоў, але тыя просьбы так і не былі пачутыя.
Паводле суразмоўцы, гэта не адзіныя рэпрэсаваныя ў іх сямʼі. У 1937 годзе Міхаіл Хмялеўскі, родны брат ягонай маці, атрымаў 10 гадоў лягераў і адбываў пакараньне на поўначы Комі АССР. Як згадвае пляменьнік, адседзеў увесь тэрмін ад званка да званка і вярнуўся бяззубым старым, хоць меў усяго 33 гады.
«Цяпер я разумею, чаму мая бабуля нічога не расказвала пра сваіх сваякоў, — кажа ён. — Найперш, сын адседзеў 10 гадоў, двух братоў расстралялі, з трэцім, які застаўся ў Польшчы, фактычна былі разлучаныя. Выглядае, што не хацела наклікаць бяду на іншых... Вось такія ў мяне родныя, вечная ім памяць».
Як прызнаецца Дзьмітрый Валярʼянавіч, вельмі доўга ён ня мог ідэнтыфікаваць адзін здымак з архіву сваёй бабулі. На ім тры прадстаўнічыя мужчыны ў цывільным і вайсковым, на адваротным баку запіс: Тула, 1916 год.
І толькі калі пачаў шчыльна займацца вывучэньнем радаводу, усё стала на свае месцы: на фота ўсе ягоныя дзяды разам. Справа стаіць родны дзед Сьцяпан Хмялеўскі, бацька «ворага народу» Міхаіла Сьцяпанавіча. Побач дзяды стрыечныя: зьлева стаіць Іван Цьвікевіч, сядзіць Аляксандар Цьвікевіч.
Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыла архівы. Беларусы лічацца трэцімі паводле колькасьці ахвяраў рэпрэсіяў у сталінскія часы.
Чаму беларускі рэжым не прызнае сталінскія рэпрэсіі
Асноўнае пра Курапаты
Расстраляныя літаратары. Гісторыя 12 творцаў, забітых 80 год таму
Як унукі і праўнукі шукаюць зьвесткі пра рэпрэсаваных сваякоў
«Баюся ўлады, якая пачне забіваць». Стогадовая беларуска, асуджаная ў СССР за шпіянаж, распавядае пра рэпрэсіі
Картатэка Сталіна