Апоўдні 28 кастрычніка на сайце Petitions.by апублікавалі зварот адносна выходных 31 сьнежня, 1 і 2 студзеня. За шэсьць гадзін яго падпісалі амаль чатыры тысячы чалавек.
У пэтыцыі просяць скасаваць пастанову «Аб пераносе працоўных дзён у 2020 годзе», паводле якой выходны 2 студзеня трэба будзе адпрацоўваць у суботу, 4 студзеня.
Падпісанты просяць прызнаць усе тры дні выходнымі «на дзяржаўным узроўні» і не рабіць пераносаў зь іншых дзён.
«Дадзеныя зьмены, мяркуем, вельмі станоўча адабʼюцца як на адпачынку грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, так і на іншых сфэрах грамадзкага жыцьця: эканамічнай, палітычнай і іншых», — пішуць у звароце.
Летась падобная пэтыцыя сабрала 16 595 подпісаў (тады серада, 2 студзеня была проста працоўным днём). Але на зварот адказалі адмовай: першы намесьнік міністра працы Андрэй Лабовіч патлумачыў, што рашэньні пра дзяржаўныя выходныя прымае Аляксандар Лукашэнка, а 2 студзеня — выходны толькі ў Расеі, Казахстане і Армэніі, а ў астатняй Эўропе гэта працоўны дзень.