Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі ў роце ЁЛКА… значыць, пара заканчваць сьвяткаваньні


Сьцісла:

  • Корань ель-, едл- старажытны, агульнаславянскі. Акрамя роду Picea, ім завуцца іншыя хваёвыя дрэвы: ялавец (па-расейску „можжевельник“) і ельніца (па-рас. „пихта“, яе немцы — вынаходнікі звычаю — і ставілі на Каляды).
  • Яшчэ акадэмік Карскі заўважыў, што шмат дзе зьбіральнікі запісвалі слова елка, ня ёлка (параўн. рёбра — рэбры, Алёна — Алена).
  • На бальшыні абшару беларускае мовы вядомая і назва дрэва ялíна, з варыянтамі éліна, ялінá. У слоўніку Івана Насовіча — толькі яліна і ялінка.
  • У беларускую мову слова ёлка для абазначэньня сьвяточнага дрэва прыйшло ўжо ў савецкі час .
  • У расейскай мове „пойти под ёлку“ мела і спэцыфічнае значэньне — „напіцца“. А беларускі прыметнік ёлкі — пра непрыемны смак сапсаванага масла ці сала.

Сёньня пра важны калядны атрыбут. Як завем сьвяточнае дрэва? Елка, ёлка ці ялінка? Бытуе меркаваньне, нават у слоўніках савецкай пары запісанае, што дрэва — яліна ці елка, але са зьменай ролі нібыта мяняецца яго назва. Як казаў паэта,

А прынесьлі елку ў хату —
Стала ёлачкай яна.

Але разьбярэмся.

Сам па сабе корань ель-, едл- старажытны, агульнаславянскі і ня толькі.

Акрамя роду Picea, гэтым коранем завуцца таксама іншыя хваёвыя дрэвы. Маем слова ялавец — тое, што па-расейску „можжевельник“. А славяне на захад ад нас гэтым коранем абазначаюць хваёвае дрэва роду Abies (польская jodła, сэрбская jела), якое ў цяперашніх беларускіх слоўніках завецца „піхта“.

Але „піхта“ ў беларускай мове — русізм, а ў расейскай гэта сьлед уплыву фіна-вугорскіх моваў (так мяркуюць сучасныя фінскія і расейскія этымолягі). У беларускай мове для піхты ё лепшае слова: ельніца.

Ельніца — Abies Dietr.—alba Mill, піхта белая (Киселевский А.И. Латино-русско-белорусский ботанический словарь. Мн.: 1967).

Дарма што цяпер гэтае дрэва ў нас вельмі рэдкае — у Чырвонай кнізе (ельніца расьце толькі ў Белавескай пушчы), варта вярнуць яму беларускае імя.

Ельніца
Ельніца

Немцы, ад якіх нашыя продкі, хутчэй за ўсё, і перанялі параўнальна новы звычай выстройваць каляднае дрэва, некалі бралі на гэтую ролю піхту-ельніцу (або і ўсякае хваёвае дрэва).

Адна з улюбёных немцамі калядных песень акурат ёй прысьвечаная — O Tannenbaum! Мэлёдыя даўнейшая, словы Эрнста Аншуца.

На беларускую гэтую песьню пераклаў Сяржук Сокалаў-Воюш. Каб не заглыбляцца ў батанічныя дэталі, ён перадаў назву дрэва Tannenbaum абагульнена:

О хвойка-хвоя, хваінá,
О хвайныя іголкі!
І ў летні, і ў зімовы час
Ты зелянінай вабіш нас.
О хвойка-хвоя, хваіна,
О хвайныя іголкі...

(сьпявае Адась Матафонаў)

Дарэчы, яшчэ адзін, акурат найбольш у нас пашыраны, гатунак хваёвых дрэваў па-беларуску завецца двума сынонімамі: сасна і хвоя. А зеляніна хваёвых — гэта ігліца.

Елка. Яліна. Ялінка

Вернемся да ялінкі-елкі-ёлкі. Паводле складанага правіла старадаўні гук [э] часам пераходзіў у [о] пасьля мяккіх — на пісьме гэта пераход літары е ў ё: дзень — дзённы. Працэс меў закрануць і пары словаў накшталт ельнік — ёлка. У расейскай мове так і адбылося. А ў беларускай — ня ўсюды. Яшчэ акадэмік Карскі заўважыў, што і на Барысаўшчыне, і на Ігуменшчыне, і на Ваўкавышчыне фальклярысты запісвалі слова елка, ня ёлка.

У іншых словах, у тым ліку імёнах, таксама бывае, што расейскай літары ё адпавядае беларуская е (э): рёбра — рэбры, тёща — цешча, опёнок — апенька, идём — ідзем, Алёна — Алена, Фёдор — Хведар. Гэтая рыса — адна з адметнасьцяў беларускае мовы ў параўнаньні з расейскаю. Часам яна тлумачыцца гукавымі зьменамі наступных зычных гукаў, часам — аналёгіяй зь іншымі формамі (гэта акурат выпадак зь елкаю).

Cлова ёлка ў значэньні адпаведнага дрэва ведаюць асобныя беларускія гаворкі, яно лякалізуецца на Віленшчыне — там ужываецца і палянізм ёдла з тым жа значэньнем (хоць у польскай мове гэта 'піхта-ельніца'). І я вымушаны паправіць аўтарытэтны Этымалягічны слоўнік беларускай мовы: формы ёлка няма ані ў Віцебскім краёвым слоўніку Міколы Касьпяровіча (1927), ані ў Краёвым слоўніку Чэрвеншчыны Міколы Шатэрніка (1929).

У іншыя гаворкі ды ў літаратурную мову слова ёлка прыйшло ўжо ў савецкі час для абазначэньня менавіта сьвяточнага дрэва. Яшчэ „ёлачкай“ могуць называць узор вышыўкі. Гэта што да кораня ел-/ёл-.

А ёсьць жа яшчэ варыянты словаўтваральнага суфікса: -к-а або -ін-а. Беларускія этымолягі з агульнаславянскага гледзішча і пра елку, і пра ёлку кажуць: такія формы „маюць вельмі абмежаваны характар: галоўным чынам беларуска-руская тэрыторыя“.

Назвы елка, яліна і іншыя ў дыялектнай мове. У: Лексічны атлас беларускіх народных гаворак. Т. 1. Менск, 1993
Назвы елка, яліна і іншыя ў дыялектнай мове. У: Лексічны атлас беларускіх народных гаворак. Т. 1. Менск, 1993

На бальшыні абшару менавіта беларускае мовы вядомая назва дрэва ялíна, з варыянтамі éліна, ялінá, а нават ядлíна. Ад Заходняга Палесься да Магілёўшчыны. Спачатку слова азначала толькі адно асобнае дрэва, але зь цягам часу перайшло на від (тое самае адбылося з словамм асіна).

У першым вялікім зборы словаў беларускае мовы XIX стагодзьдзя — слоўніку Івана Насовіча — толькі яліна і ялінка. Праўда, і „ёлка“ ёсьць, але ў сказе

Ёлка ў роце!

Гэта значыць — горка, прыкра ў роце. Многія ў Беларусі, нават расейскамоўныя, ведаюць і ўжываюць беларускі прыметнік ёлкі, які апісвае спэцыфічны непрыемны смак сапсаванага масла ці сала. Ёсьць і дзеясловы — зьялчэць, ёлкнуць. Этымалёгія слова зьвязаная з старымі яшчэ індаэўрапейскімі каранямі, як у слова эль. У кожным разе думаю, што беларускае слова ёлка са значэньнем горкага смаку падказвае нам, што для сьвяточнага дрэва лепей выбіраць іншыя словы. Што і рабілі клясыкі. Якуб Колас, верш "Дзед-госьць":

А ялінка!.. Чаго толькі
На яе няма галінках!
Сьвецяць зоркі і вясёлкі
У бліскучых павуцінках.

Няма слова „ёлка“ як беларускага ў аўтарытэтным Расійска-беларускім слоўніку С. Некрашэвіча і М. Байкова (1928). Там елка, яліна, ель.

Дарэчы, у расейскай мове слова „ёлка“ мела і спэцыфічнае значэньне. Лексыкограф Уладзімір Даль запісаў выраз: „Идти под ёлку“ — значыць ісьці ў кабак. Бо была там завядзёнка на карчму ставіць яліну. Адсюль жартоўная назва карчмы-кабака — „Иван Ёлкин“.

РГАКФД/Росинформ
РГАКФД/Росинформ

У нашых суседзяў-украінцаў са словам „ёлка“ атрымаўся цэлы мэм-анэкдот. Былы прэзыдэнт Януковіч хацеў абвясьціць, што на месцы народных пратэстаў зьявіцца каляднае дрэва. І забыўся, як яно завецца па-ўкраінску. 10 сэкундаў думаў і ўсё роўна спудлаваў.

А трэба было сказаць ялинка. Гэта ва ўкраінскай мове адзінае нарматыўнае слова.

Аўтарская елачка Купалы

Цягам ХХ стагодзьдзя слова „ёлка“ ў сьвяточным значэньні даволі моцна пранікла ў беларускую мову. Літаратары стварылі для дзяцей нямала тэкстаў пра „навагоднюю ёлку“.

Я. Купала. Рукапіс перакладу верша Р. Кудашавай „В лесу родилась ёлочка“. Дзяржаўны літаратурны музэй Янкі Купалы. Фота Паўла Каралёва
Я. Купала. Рукапіс перакладу верша Р. Кудашавай „В лесу родилась ёлочка“. Дзяржаўны літаратурны музэй Янкі Купалы. Фота Паўла Каралёва

Але трэба разьбірацца. Скажам, Купала пераклаў вядомую расейскую песеньку на нямецка-швэдзкую мэлёдыю „Узышла у лесе елачка...“. Так у рукапісе. А ў часопіснай публікацыі і ў сучасных перадруках — чамусьці „ёлачка“. І ўсё ж сьпяваюць адпаведна Купалаваму арыгіналу:

Для маладзейшых беларускіх аўтараў выбар беларускага слова ялінка — натуральны: Да нас прыйшла ялінка — зялёная галінка. Верш Сержа Мінскевіча, музыка Тацяны Грыневіч, сьпявае Адась Матафонаў:

Сьвяткаваньне пад назваю калядная ялінка, перажыўшы савецкія часы на эміграцыі, вярнулася на Бацькаўшчыну.

Цяпер нават імя такое дзецям даюць: многія чулі пра Ялінку Салаўёву, якая разам з бацькамі дамаглася права вучыцца па-беларуску ў Магілёве. Сэмантыка імя, дарэчы, вядомая іншым народам: так, многія літоўкі носяць імя Eglė.

То хай жыве ялінка. Вясёлых Калядаў і шчасьлівага Новага году!

Тэкст упершыню апублікаваны на сайце Радыё Свабода 31.12.2016.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG