Луцкі гарадзкі і раённы суд Валынскай вобласьці вызваліў ад крымінальнай адказнасьці грамадзяніна Ўкраіны Аляксандра Ч. (прозьвішча вядома), улічыўшы, што ён добраахвотна заявіў украінскім дзяржаўным органам аб вэрбаваньні і за ўвесь час нібыта агентурных дачыненьняў ня выканаў ніводнага «крымінальнага заданьня замежнай дзяржавы».
Як вынікае з адпаведнага судовага рашэньня, пракурор, які вёў справу Аляксандра Ч., не аспрэчваў адпаведнага рашэньня суду.
Упраўленьне Службы бясьпекі Ўкраіны ў Валынскай вобласьці адкрыла справу аб дзяржаўнай здрадзе ўкраінца сёлета ў красавіку на падставе ягонай уласнай заявы аб тым, што ў канцы лета 2004 году ён даў вусную і пісьмовую згоду начальніку аддзелу выведкі Пінскага памежнага атраду «Рэчыца» аб канфідэнцыйным супрацоўніцтве. Гэта быў пяты выпадак нібыта вэрбаваньня ўкраінцаў беларускімі спэцслужбамі.
Сёлета ў жніўні стала вядома, што грамадзянін Украіны добраахвотна зьвярнуўся ў Службу бясьпекі і назваў імя свайго вэрбавальніка ў Беларусі. Ім нібыта быў супрацоўнік Упраўленьня фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю Берасьцейскай вобласьці Ўладзіслаў Л. Гэты выпадак адбыўся таксама на Валыні.
Як вынікае з Адзінага дзяржаўнага рэестру судовых рашэньняў Украіны, апошнім часам украінцы ўсё часьцей зьвяртаюцца да органаў Службы бясьпекі з нагоды іхнага нібыта вэрбаваньня замежнымі спэцслужбамі.
У судовых рашэньнях найчасьцей фігуруюць органы выведкі Беларусі, Расеі і Польшчы, якія нібыта вэрбуюць жыхароў памежных раёнаў Украіны.
На пачатку кастрычніка суд Валынскай вобласьці таксама вызваліў ад крымінальнай адказнасьці грамадзяніна Ўкраіны, які заявіў аб вэрбаваньні ў ліпені 2018 году афіцэрам Надбужанскага аддзела памежнай варты Рэспублікі Польшча. Паводле ўкраінскага грамадзяніна, ад яго патрабавалі зьвесткі аб арганізацыі аховы мяжы і ўзбраеньні атрадаў памежнай службы Ўкраіны на мяжы з Польшчай.
Пасьля першых аналягічных гісторый у прэсавым цэнтры Службы бясьпекі Ўкраіны Свабодзе заяўлялі, што такія факты фіксуюцца «амаль сыстэматычна». Што праўда, пра іх ніколі не паведамляюць афіцыйна — усе яны сталі вядомыя пасьля публікацыі судовых рашэньняў аб закрыцьці крымінальных спраў супраць украінцаў, якія добраахвотна паведамілі СБУ пра сваё вэрбаваньне.