Украінскі журналіст Паўло Шаройка, асуджаны ў Беларусі на 8 гадоў зьняволеньня за шпіянаж, памілаваны і ўжо знаходзіцца ва Ўкраіне. Пра гэта сказаў у Жытміры прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. Неўзабаве адпаведнае паведамленьне зьявілася і ў твітэры кіраўніка ўкраінскай дзяржавы.
Відэа з Шаройкам ва Ўкраіне апублікавала ўпаўнаважаная Вярхоўнай Рады па правах людзей Людміла Дзянісава.
Пазьней Свабода атрымала відэа, як беларускія праваахоўнікі перадаюць украінскім калегам на мяжы Паўла Шаройку.
«Цяпер у маёй галаве поўная каша, да канца яшчэ не магу ўсьвядоміць, што я ўжо дома, — сказаў Шаройка Свабодзе. — Хачу падзякаваць сваёй сям’і, любімай жонцы, якая ўвесь гэты час падтрымлівала мяне».
Ён таксама падзякаваў асабіста прэзыдэнтам Зяленскаму, Лукашэнку, амбудсмэну Ўкраіны Людміле Дзянісавай, а таксама «ўсім тым, хто зрабіў магчымае і немагчымае за ўсе гэтыя гады і накіраваў свае намаганьні на дасягненьне выніку ў вельмі складанай справе майго вызваленьня».
Паўло Шаройка цяпер знаходзіцца дома — у сваёй кіеўскай кватэры з жонкай і дачкой.
Ад траўня 2018 году Шаройка адбываў пакараньне ў бабруйскай калёніі №2.
Вядома, што Паўло Шаройка яшчэ некалькі месяцаў таму зьвярнуўся з заявай аб памілаваньні на імя Аляксандра Лукашэнкі.
Украінскі журналіст Паўло Шаройка быў затрыманы ў Менску 25 кастрычніка 2017 году. Яго абвінавацілі ў стварэньні ў Беларусі шпіёнскай сеткі зь ліку грамадзян краіны для збору сакрэтнай інфармацыі ў ваенна-палітычнай сфэры. 23 траўня 2018 году Вярхоўны суд Беларусі асудзіў украінскага журналіста на 8 гадоў пазбаўленьня волі. Працэс праходзіў за зачыненымі дзьвярыма.
Напярэдадні ва Ўкраіне вызвалілі беларускага «шпіёна»
Напяпрэдадні з украінскага СІЗА вызвалілі беларускага грамадзяніна, абвінавачанага ў шпіянажы Юрыя Паліты́ку.
Яго затрымалі ў чэрвені 2017 году на ўкраінскім памежным пераходзе «Новыя Ярылавічы». У ягоным тэлефоне знайшлі зьвесткі аб разьмяшчэньня вайсковых падразьдзяленьняў у зоне антытэрарыстычнай апэрацыі на Данбасе ды іншыя сакрэтныя зьвесткі вайсковага характару. Суд у Чарнігаве пачаў разглядаць справу па сутнасьці ў красавіку 2019 году.