Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААН: 130 тысяч чалавек былі вымушаныя пакінуць свае дамы праз наступ Турэччыны ў Сырыі


Дым над сырыйскім горадам Рас эль-Айн, захоплены турэцкай арміяй
Дым над сырыйскім горадам Рас эль-Айн, захоплены турэцкай арміяй

Больш за 130 тысяч чалавек былі вымушаныя пакінуць свае дамы з прычыны баёў вакол гарадоў Рас эль-Айн і Тэль-Абіяд на паўночным усходзе Сырыі, дзе Турэччына пачала наступ на курдзкія сілы, паведамляе ААН.

Дакладная колькасьць уцекачоў пакуль устанавіць цяжка, адзначаецца ў дакладзе ўпраўленьня ААН па каардынацыі гуманітарных пытаньняў.

Акрамя таго, у рэгіёне складваецца крытычная сытуацыя з водазабесьпячэньнем. Праз пашкоджаньне інфраструктуры больш за 400 тысяч чалавек пакутуюць ад недахопу вады, а рамонтныя групы пакуль не могуць дабрацца на месца аварыі і ліквідаваць пашкоджаньні.

У населеных пунктах, дзе праходзіць апэрацыя, закрытыя ўсе грамадзкія і прыватныя бальніцы. Раней паведамлялася, што ў ходзе наступу турэцкай арміі ў Сырыі ўжо загінулі каля 50 мірных жыхароў.

9 кастрычніка Турэччына ​пачала ваенную апэрацыю «Крыніца міру» ў паўночнай Сырыі. Паводле турэцкіх уладаў, яе мэтай зьяўляецца барацьба з тэрарыстычнай групоўкай «Ісламская дзяржава» і з узброенымі фармаваньнямі курдаў у рэгіёне.​ Гэта трэцяе падобнае ўварваньне Турэччыны з 2016 году.

Турэччына мае дзьве асноўныя мэты на паўночным усходзе Сырыі:

  • выгнаць курдзкія фармаваньні, якія яны лічаць часткай забароненай Анкарой Курдзкай рабочай партыі;
  • стварыць у паўночных рэгіёнах Сырыі ўздоўж сваёй мяжы так званую зону бясьпекі, вычышчаную ад сіл самаабароны сырыйскіх курдаў і баявікоў тэрарыстычных груповак, і расьсяліць там да двух мільёнаў сырыйскіх уцекачоў, якія цяпер знаходзяцца ў Турэччыне.

Курды — найбуйнейшая этнічная меншасьць у Сырыі, іх прыблізна 9% ад насельніцтва краіны. Пасьля пачатку грамадзянскай вайны ў Сырыі курды здолелі стварыць самакіраваньне на тэрыторыях, дзе яны кампактна пражываюць. У 2016 годзе курды, якія кантралявалі паўночную частку Сырыі, абвясьцілі аб стварэньні фэдэратыўнага рэгіёну «Роджава — Паўночная Сырыя». Але яны настойваюць на тым, што мэтай зьяўляецца аўтаномія, а не незалежнасьць.

Атрады курдаў у Сырыі — гэта саюзьнікі ЗША ў апэрацыі супраць «Ісламскай дзяржавы». ЗША некалькі гадоў дапамагалі іхным падразьдзяленьням тэхнікай і інструктарамі. У ноч на 7 кастрычніка Белы дом афіцыйна абвясьціў, што ЗША выведуць свае войскі з рэгіёнаў на поўначы Сырыі, у асноўным населеных курдамі. Калі ЗША выведуць усе свае войскі з паўночна-ўсходняй Сырыі, урад Дамаску пры падтрымцы Расеі можа паспрабаваць вярнуць кантроль над большай часткай рэгіёну, не захопленага Турэччынай.

Поўны сыход войскаў ЗША створыць для гэтага раёну рызыку далейшага наступу Турэччыны, адраджэньня «Ісламскай дзяржавы» або пасьпяховага наступу ўрадавых сіл Сырыі, якія падтрымлівае Іран і Расея.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG