Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэры ЭЗ абмяркуюць санкцыі супраць Турэччыны ў сувязі з апэрацыяй ў Сырыі


Баі ў Сырыі, 10 кастрычніка 2019 году.
Баі ў Сырыі, 10 кастрычніка 2019 году.

Краіны Эўрапейскага Зьвязу абмяркуюць магчымае ўвядзеньне санкцый супраць Турэччыны ў сувязі зь яе апэрацыяй на поўначы Сырыі на найбліжэйшым саміце ЭЗ, які пройдзе на наступным тыдні ў Брусэлі.

Пра гэта заявіла францускі міністар па справах ЭЗ Амэлі дэ Моншален.

Большасьць дзяржаў ЭЗ рэзка асудзіла распачатую ў сераду турэцкую апэрацыю супраць сырыйскіх курдаў. Рада Бясьпекі ААН напярэдадні на патрабаваньне шэрагу эўрапейскіх краін за зачыненымі дзьвярыма абмеркавала сытуацыю ў Сырыі. Ніякіх заяў па выніках абмеркаваньня прынята не было. Адназначна асудзіць дзеяньні Турэччыны адмовіліся як Расія, так і Злучаныя Штаты.

Пры гэтым сталы прадстаўнік ЗША ў ААН Кэлі Крафт ў чацьвер папярэдзіла Турэччыну, што апэрацыя супраць курдаў на паўночным усходзе Сырыі пацягне за сабой наступствы, калі Анкара не абароніць ўразьлівыя катэгорыі насельніцтва і ня здолее стрымаць тэрарыстычную групоўку «Ісламская дзяржава».

Апэрацыя пачалася пасьля таго, як Злучаныя Штаты аб’явілі аб гатоўнасьці вывесьці свае войскі з раёнаў Сырыі, прылеглых да турэцкай мяжы. У Кангрэсе ЗША як дэмакраты, так і рэспубліканцы асуджаюць гэтае рашэньне адміністрацыі Дональда Трампа і рыхтуюць пакет санкцый супраць Турэччыны.

Члены Кангрэсу падкрэсьліваюць ролю сырыйскіх курдаў у барацьбе супраць «ІГ». Трамп заяўляе, што яго адміністрацыя не падтрымлівае турэцкую апэрацыю. У чацьвер прэзыдэнт ЗША заявіў, што Вашынгтон спадзяецца адыграць ролю пасярэдніка паміж Турэччынай і курдамі.

  • У пятніцу апэрацыя Турэччыны і яе саюзьнікаў — атрадаў сырыйскай апазыцыі — працягваецца. За мінулыя двое сутак ўзятыя пад кантроль некалькі дзясяткаў населеных пунктаў. Сярод іх, аднак, няма ніводнага буйнога гораду.
  • Абодва бакі паведамляюць аб вялікіх стратах ў праціўніка. Ёсьць ахвяры сярод мірнага насельніцтва. Турэччына прызнала гібель чатырох сваіх вайскоўцаў. Паведамляецца, што раён баёў пакідаюць тысячы ўцекачоў.
  • Турэччына сьцьвярджае, што мэта апэрацыі — заснаваньне 30-кілямэтровай зоны бясьпекі на поўдзень ад яе мяжы з Сырыяй. Улады Турэччыны лічаць курдзкія ўзброеныя фарміраваньні тэрарыстычнымі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG