У сераду Турэччына пачала ваенную апэрацыю ў паўночнай Сырыі. Аб гэтым абвясьціў турэцкі прэзыдэнт Рэджэп Эрадаган. Паведамляецца пра выбухі на мяжы і пра бамбаваньне рэгіёну турэцкімі самалётамі. Галоўная мэта апэрацыі — барацьба з тэрарыстычнай групоўкай «Ісламская дзяржава» і курдзкімі ўзброенымі фармаваньнямі ў гэтым рэгіёне.
Ніжэй мы прыводзім апублікаваныя агенцтвам Reuters першыя рэакцыі на турэцкія дзеяньні ад шэрагу афіцыйных асобаў:
Генэральны сакратар NATO
Енс Столтэнбэрг, генэральны сакратар Паўночнаатлянтычнага альянсу, сказаў, што спадзяецца, што апэрацыя будзе ўзважаная і адэкватная.
Старшыня Эўрапейскай камісіі
Жан-Клод Юнкер, старшыня Эўракамісіі, заклікае Турэччыну спыніць ваенную апэрацыю.
Ён таксама папярэдзіў, што Эўразьвяз ня будзе плаціць за «зону бясьпекі», якую Турэччына хоча ўсталяваць у рэгіёне.
Францыя
Міністар па Эўрапейскіх справах Францыі Амэлі дэ Монтшалін паведаміла, што Францыя і Вялікабрытанія арганізуюць паседжаньне Рады Бясьпекі ААН па пытаньні турэцкага ўварваньня ў Сырыю. Францыя, разам з Нямеччынай і Вялікабрытаніяй заканчваюць працаваць над сумеснай заявай з асуджэньнем турэцкай вайсковай апэрацыі.
Нямеччына
Міністар замежных спраў Нямеччыны Гайка Маас сказаў, што апэрацыя Турэччыны яшчэ больш дэстабілізуе рэгіён і ўзмоцніць «Ісламскую дзяржаву». Ён таксама заклікае Турэччыну спыніць акцыю.
Данія
Міністр замежных спраў Даніі Епэ Кофад напісаў у Твітэры: «Моцна занепакоены турэцкай ваеннай апэрацыяй у Сырыі. На мой погляд, гэта <...> няправільнае рашэньне, якое можа мець сур’ёзныя наступствы для мірных жыхароў і для барацьбы з „Ісламскай дзяржавай“. Турцыя павінна праяўляць стрыманасьць. Данія знаходзіцца ў цесным кантакце па гэтаму пытаньні са сваімі хаўрусьнікамі».
Італія
Італьянскі прэм’ер-міністар Джузэпэ Контэ заявіў, што апэрацыя нясе ў сабе пагрозу далейшай дэстабілізацыі рэгіёна і можа нашкодзіць грамадзянскаму насельніцтву паўночнай Сырыі.