Пра гэта абвясьціў турэцкі прэзыдэнт Рэджэп Эрадаган. Паведамляецца пра выбухі на мяжы і пра бамбаваньне рэгіёну турэцкімі самалётамі.
Апэрацыя атрымала назву «Крыніца міру». Паводле Эрдагана, яе мэтай зьяўляецца барацьба з тэрарыстычнай групоўкай «Ісламская дзяржава» і з узброенымі фармаваньнямі курдаў у рэгіёне.
Тысячы курдаў пакідаюць рэгіён:
У ноч на 7 кастрычніка Белы дом афіцыйна абвясьціў, што ЗША выведуць свае войскі з рэгіёнаў на поўначы Сырыі, у асноўным населеных курдамі.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп напярэдадні абмеркаваў па тэлефоне плянаваную Турэччынай апэрацыю з прэзыдэнтам Турэччыны Рэджэпам Эрдаганам. Трамп пазьней у Твітэры напісаў, што для ЗША «прыйшоў час выйсьці з гэтых бясконцых войнаў» у Сырыі, «многія зь якіх племянныя», а таксама «вярнуць нашых салдат дадому».
Курдзкія фармаваньні, якія ўваходзяць у кааліцыю «Сілы дэмакратычнай Сырыі» (СДС), 7 кастрычніка абвясьцілі ўсеагульную мабілізацыю і пачалі капаць супрацьтанкавыя равы і ўзводзіць абарончыя ўмацаваньні на выпадак ўварваньня турэцкіх войскаў. Пасьля заявы Белага дому аб вывадзе амэрыканскіх войскаў у курдзкіх гарадах прайшлі шматтысячныя дэманстрацыі. Іх удзельнікі выступілі супраць уводу турэцкіх войскаў на поўнач Сырыі і правядзеньня там вайсковай апэрацыі.
Прадстаўнік СДС Мустафа Балі папярэдзіў, што курды «пачнуць паўсюдную вайну супраць турэцкай арміі, калі яна ўвойдзе ў падкантрольныя ім рэгіёны».