Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ААН асудзілі няспынныя парушэньні правоў чалавека ў Данбасе і Крыме


Украінскія і крымскататарскія актывісты трымаюць партрэты з імёнамі ахвяраў расейскай анэксіі Крыму падчас мітынгу ў Кіеве, 26 лютага 2017 году
Украінскія і крымскататарскія актывісты трымаюць партрэты з імёнамі ахвяраў расейскай анэксіі Крыму падчас мітынгу ў Кіеве, 26 лютага 2017 году

Аўтары адмысловай справаздачы ААН заклікаюць новага генэральнага пракурора і галоўнага вайсковага пракурора Ўкраіны неадкладна расьсьледаваць парушэньні правоў чалавека, учыненыя па абодва бакі лініі судакрананьня ў Данбасе

ААН у сваім дакладзе паведамляе аб няспынных беспакараных парушэньнях правоў чалавека ў абласьцях усходняй Украіны, якія кантралююцца як украінскім дзяржавай, так і сэпаратыстамі. Справаздача, разгледжаная на гэтым тыдні Радай ААН па правах чалавека, таксама зьмяшчае інфармацыю аб парушэньнях, дапушчаных расейскімі ўладамі, што акупавалі ўкраінскі Крым.

Паводле Кейт Гілмар, намесьніцы Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, неабходна, каб вінаватыя панесьлі адказнасьць за ўсе мінулыя і цяперашнія парушэньні правоў чалавека, незалежна ад таго, які бок канфлікту яны прадстаўляюць. Яна абвінаваціла ўлады самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР» у адмове дапусьціць назіральнікаў ААН на свае тэрыторыі і ў цэнтры ўтрыманьня пад вартай, нягледзячы на шматлікія просьбы даць гэты доступ.

Гілмар таксама асудзіла парушэньні, дапушчаныя Расеяй на тэрыторыі Крыму, анэксаванага Масквой у сакавіку 2014 году. Сярод задакумэнтаваных парушэньняў — дэпартацыі асоб, чыё права абараняецца законам, гвалтоўны прызыў у войска, абмежаваньне свабоды выказваньня меркаваньняў і ўсё большая колькасьць ператрусаў і рэйдаў, накіраваных у асноўным супраць крымскіх татараў.

Намесьнік міністра замежных справаў Украіны Сяргей Кісьліца абвінаваціў Маскву ў пакутах ўкраінскіх грамадзянаў, якія ўжо шосты год жывуць ва ўмовах вайны, разьвязанай Расеяй.

Расея выставіла сваю кандыдатуру ў Раду па правах чалавека ААН, якая складаецца з 47 дзяржаваў. Ва ўкраінскім МЗС параўналі магчымае абраньне Расеі ў Раду з «пародыяй на правасудзьзе».

Голас Амэрыкі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG