Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белы дом апублікаваў стэнаграму размовы Трампа і Зяленскага. Самае галоўнае

абноўлена

Белы дом апублікаваў расшыфроўку тэлефоннай размовы прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа і прэзыдэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, якая адбылася ў ліпені.

Фотакопія дакумэнту разьмешчаная на сайце Белага дому.

Трамп прасіў Зяленскага зьвярнуць увагу на кампанію Хантэра Байдэна — сына Джо Байдэна, былога віцэ-прэзыдэнта ЗША і патэнцыйнага суперніка Трампа на выбарах 2020 году.

Фірма Burisma Holdings — прыватная газавая кампанія — вяла бізнэс ва Ўкраіне. Байдэн-малодшы ўваходзіў у склад рады дырэктараў. Прэзыдэнтам кампаніі зьяўляецца ўкраінскі алігарх Мікалай Злачэўскі. У 2015 годзе супраць кампаніі была заведзеная крымінальная справа аб адмываньні грошай.

  • У размове зь Зяленскім Трамп згадаў, што Джо Байдэн нібыта спыніў расьсьледаваньне ў дачыненьні да Burisma. Кіраўнік Белага дома папрасіў украінскага прэзыдэнта разам з генэральным пракурорам вывучыць пытаньні, зьвязаныя з фірмай. Зяленскі адказаў, што Кіеў расьсьледуе гэтую справу.

«Шмат размоваў пра сына Байдэна і пра тое, як Байдэн спыніў расьсьледаваньне. Шмат людзей хацелі б высьветліць, што там адбылося. І калі б вы маглі пагаварыць аб гэтым з генпрокуром ЗША — гэта было б проста выдатна. Байдэн выхваляўся, што змог спыніць расьсьледаваньне, якое вялося. Можаце на гэтую справу зірнуць? З майго пункту гледжаньня гэта проста жахліва», — у прыватнасьці заявіў Трамп Зяленскаму.

Стэнаграма не зьяўляецца даслоўнай, а складзеная на аснове запісаў і ўспамінаў тых, хто прысутнічаў падчас размовы: супрацоўнікаў спэцслужбаў і членаў Рады нацбясьпекі ЗША.

Многія праціўнікі Трампа ў ЗША лічаць, што гэтая размова — сьведчаньне таго, што прэзыдэнт ЗША аказваў незаконнае ўзьдзеяньне на сваіх палітычных канкурэнтаў.

«Я дам распараджэньне Джуліяні (былы мэр Нью-Ёрку Рудольф Джуліяні, які цяпер працуе ў камандзе юрыстаў Трампа — РС) патэлефанаваць вам, а таксама генпрокурору Ўільяму Бары, — таксама заявіў Трамп. — І мы ўсе высьветлім, ва ўсіх падрабязнасьцях. Я чуў, што раней з пракурорам вельмі дрэнна абыходзіліся. Увогуле, удачы ва ўсім. Ваша эканоміка ідзе на папраўку, і я прадказваю, што сытуацыя будзе паляпшацца. Украіна — выдатная краіна, зь вялікай колькасьцю актываў. У мяне шмат украінскіх сяброў, яны — неверагодныя людзі».

Неназваны супрацоўнік амэрыканскіх спэцслужбаў, які праслухаў гутарку Трампа зь Зяленскім у ліпені 2019 году, палічыў, што прэзыдэнт ЗША паведаміў украінскаму лідэру нейкую інфармацыю, якая тычыцца нацыянальнай бясьпекі краіны і можа нанесьці шкоду ЗША. Пасьля гэтага газэты Washington Post і New York Times выказалі здагадку, што прэзыдэнт ЗША ў гэтай гутарцы аказваў ціск на Зяленскага і пагражаў адклікаць перавод Украіне фінансавай дапамогі, раней вылучанай кангрэсам. Трамп адазваўся аб гэтых публікацыях як пра «фэйкавыя навіны» і паабяцаў апублікаваць стэнаграму размовы, у якой, паводле яго слоў, не было ніякіх парушэньняў закону.

Пасьля публікацыі Трамп напісаў у твітэры, што бакі не вялі ніякіх гутарак у фармаце «паслуга за паслугу».

Кіраўнік камітэту Палаты прадстаўнікоў па выведцы Адам Шыф параўнаў стасункі Трампа зь Зяленскім зь дзеяньнямі бандыта.

Член Палаты прадстаўнікоў дэмакрат Джэры Надлер пасьля публікацыі расшыфроўкі размовы прэзыдэнтаў заявіў, што генпракурор Бар павінен адмовіцца ад рашэньня магчымых пытаньняў ва Ўкраіне.

Па словах члена Палаты прадстаўнікоў рэспубліканца Дуга Колінза, у размове Трампа і Зяленскага няма нічога, што апраўдала б паводзіны дэмакратаў. Дэмакратычная партыя выкарыстоўвае неабгрунтаваныя абвінавачваньні на адрас прэзыдэнта, каб аслабіць яго пазыцыі, лічыць Колінз.

  • Напярэдадні Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША ініцыявала фармальнае расьсьледаваньне дзеяньняў Трампа, вынікам якой можа стаць рашэньне аб імпічмэнце — яго адхіленьні ад пасады.
  • Калі большасьць кангрэсмэнаў прагаласуюць за імпічмэнт, то гэтае рашэньне павінны будуць зацьвердзіць дзьве траціны сэнатараў. У гісторыі ЗША яшчэ ніколі Сэнат не пацьвярджаў рашэньне аб імпічмэнце прэзыдэнту, аднак у 1974 годзе пад пагрозай імпічмэнту сышоў у адстаўку прэзыдэнт Рычард Ніксан.

Поўны тэкст стэнаграмы публікуе сайт Настоящего времени.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG