Украінская дэлегацыя ня будзе ўдзельнічаць у сэсіі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, якая пройдзе з 30 верасьня да 4 кастрычніка.
Пра гэта паведаміў у фэйсбуку старшыня камітэту Вярхоўнай Рады ў пытаньнях зьнешняй палітыкі Багдан Яроменка.
«Ня маючы іншай магчымасьці рэагаваньня на парушэньні гэтай арганізацыяй уласных прынцыпаў і сутыкнуўшыся з дастаткова адкрытым ігнараваньнем яе інтарэсаў, Украіна пакуль устрымалася ад выпраўленьня сваёй дэлегацыі на найбліжэйшую сэсію ПАРЭ», — напісаў дэпутат.
Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы сёлета 26 чэрвеня пагадзілася вярнуць дэлегацыю Расеі бяз санкцый. З 2014 году Расея была пазбаўлена голасу ў ПАРЭ за анэксію Крыма.
У 1993 годзе беларускі парлямэнт атрымаў статус спэцыяльна запрошанага ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, але ў 1997-м быў пазбаўлены яго пасьля рэфэрэндуму, які захаваў сьмяротнае пакараньне. У дакумэнтах ПАРЭ пастаянна падкрэсьліваецца, што пры адсутнасьці мараторыя на сьмяротнае пакараньне і прагрэсу ў пытаньні павагі дэмакратычных прынцыпаў і каштоўнасьцяў Бюро ПАРЭ ня можа адмяніць прыпыненьне статусу спэцыяльнага запрошанага для Нацыянальнага сходу Беларусі.