Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскія палітыкі пачалі блытаць «кошт» і «каштоўнасьці», — украінскі палітоляг


Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы
Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы

Госьць «Інтэрвію тыдня» — украінскі палітоляг, дырэктар Інстытуту ўсясьветнай палітыкі Яўген Магда. Ён тлумачыць, чым пагражае вяртаньне Расеі ў ПАРЭ, заяўляе, што Масква пасьлядоўна дэманструе, што чхаць хацела на ўсе заклікі, і лічыць, што цяпер расейская прапагандысцкая машына будзе даводзіць украінцам, што Ўкраіна Эўропе не патрэбная.

Сьцісла

  • Расея будзе пачувацца значна больш упэўнена і будзе разьвіваць свой наступ на іншых пляцоўках.
  • Гэта дымавая заслона для жаданьня рабіць бізнэс з Расеяй і зарабляць разам з Расеяй вялікія грошы.
  • Расейская прапагандысцкая машына цяпер будзе даводзіць украінцам, што Ўкраіна Эўропе не патрэбная.
  • Зяленскі яшчэ не сфармаваў сваё бачаньне адносінаў зь Беларусьсю — як не сфармаваў свайго стаўленьня да шматлікіх іншых краінаў.

Фактычна мы бачым амністыю сэрыйнага забойцы на агульнаэўрапейскім узроўні

— У ноч на 25 чэрвеня ПАРЭ прыняла рэзалюцыю аб зьмене санкцыйных мэханізмаў, у якой запрасіла Расею вярнуцца да працы ў Асамблеі без абмежаваньняў права голасу. Украінская дэлегацыя ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы афіцыйна абвясьціла пра рашэньне спыніць працу ў Асамблеі на знак пратэсту супраць вяртаньня расейскай дэлегацыі. Як ва Ўкраіне ўспрынялі рашэньне Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы вярнуць Расею ў ПАРЭ?

— Вядома, ва Ўкраіне адчуваюць сум і расчараваньне. Паколькі галоўная прадстаўнічая пляцоўка Эўропы фактычна ўхваліла рашэньне пра вяртаньне Расеі без магчымасьці накладаньня на Расею пэўных санкцыяў. Фактычна мы бачым амністыю сэрыйнага забойцы на агульнаэўрапейскім узроўні. У большасьці краінаў Эўропы скасаваная сьмяротная кара (акрамя Беларусі) — але я ня думаю, што ПАРЭ павінна талераваць забойцаў.

Яўген Магда
Яўген Магда

— Чым тлумачаць ва Ўкраіне такое рашэньне ПАРЭ? Ці ўспрымае гэта ўкраінскі палітыкум як катастрофу — ці, як некаторыя заяўляюць, «нічога страшнага не адбылося»?

— Катастрофай гэта называць ня варта. Але тое, што Расея будзе пачувацца нашмат больш упэўнена і будзе разьвіваць свой наступ і на іншых пляцоўках — для мяне відавочны факт. Расея карыстаецца тым, што ва Ўкраіне на сёньня няма кансалідаванай пазыцыі розных галінаў улады. Масква выкарыстоўвае жаданьне найперш краінаў «старой Эўропы» забясьпечыць нейкія «правы расейскіх грамадзянаў», каб Расея плаціла ўнёскі ў Раду Эўропы. Але ўсё гэта дымавая заслона для жаданьня рабіць бізнэс з Расеяй і зарабляць разам з Расеяй вялікія грошы.

— Каго ва Ўкраіне абвінавачваць у гэтай паразе? Ці Зяленскага, ці (я сустракаў і такія меркаваньні) гэта трэба лічыць паразай той палітыкі, якую праводзіў папярэдні прэзыдэнт Парашэнка?

— Я далёкі ад думкі, каб называць гэтую сытуацыю паразай Зяленскага. Бо яму не хапае ані досьведу, ані кампэтэнцыі, каб ажыцьцяўляць нейкія маштабныя дзеяньні ў гэтым пляне. Але тое, што Зяленскі не зрабіў ніводнага хаця б сымбалічнага кроку, не сустрэўся з дэлегацыяй Украіны ў ПАРЭ — гэта ягоная вялікая памылка, і яна на ім яшчэ адаб’ецца зь цягам часу.

Прэтэнзіі да Парашэнкі? Ня ведаю, у час ягонага прэзыдэнцтва былі розныя спробы рэабілітаваць Расею на эўрапейскім узроўні, але яны ня мелі посьпеху. Так што я б найперш абвінаваціў тых эўрапейскіх палітыкаў, якія блытаюць паняткі «кошт» і «каштоўнасьць».

Расейская прапагандысцкая машына будзе даводзіць украінцам, што Ўкраіна Эўропе не патрэбная

— Украіна імкнецца ва ўсе эўрапейскія структуры, абвясьціла эўраінтэграцыю сваёй стратэгічнай мэтай. Наколькі такія рашэньні і эпізоды могуць паўплываць на стаўленьне ўкраінцаў да эўрапейскай палітыкі?

— Уплыў сапраўды можа быць нэгатыўны. У нас сёньня ёсьць пазытыўная тэндэнцыя ва ўспрыняцьці Эўропы і эўрапейскіх каштоўнасьцяў. А зараз мы апынемся ў сытуацыі, калі расейская прапагандысцкая машына будзе даводзіць украінцам, што Ўкраіна Эўропе не патрэбная. На гэта, сярод іншага, і быў разьлік. Таму парадокс палягае ў тым, што Ўкраіна павінна ўзмацняць прапаганду эўрапейскіх каштоўнасьцяў, эўрапейскай інтэграцыі — нават у такіх неспрыяльных умовах.

— Эўрапейскія палітыкі, якія прымалі гэтае рашэньне ў ПАРЭ, маюць наступную лёгіку: лепей уцягваць агрэсіўныя і аўтарытарныя рэжымы ў дыялёг, у дыскусіі, а не адштурхоўваць іх санкцыямі і выключэньнем. Маўляў, трымай ворага бліжэй да сябе, тады на яго прасьцей уплываць. Чым, па-вашаму, няправільная такая лёгіка?

— Я думаю, што гэта вельмі наіўна. Калі краіну, якая ўчыніла акты дзяржаўнага тэрарызму, вяртаюць у ПАРЭ без найменшага пакаяньня — гэта вялікая памылка. Хай эўрапейскія палітыкі, замест таго каб абараняць свае дамы ад узброенага бандыта, паспрабуюць пусьціць яго ў дом і праводзіць там зь ім перамовы.

Палітычная карыкатура ўкраінскага мастака Аляксея Кустоўскага
Палітычная карыкатура ўкраінскага мастака Аляксея Кустоўскага

Расея дэманструе наяўнасьць у яе ядзернага арсэналу. Яна пасьлядоўна дэманструе, што чхаць хацела на ўсе заклікі. І для мяне асабліва паказальна, што гэтае вяртаньне адбылося напярэдадні пятай гадавіны зьнішчэньня «Боінга-777» у небе над Данбасам, калі ўжо тром расейскім грамадзянам і аднаму ўкраінскаму сэпаратысту сьледчая група выставіла абвінавачаньні. Атрымліваецца, што жыцьцё трох сотняў чалавек, пераважна грамадзян Нідэрляндаў, нічога ня вартае для эўрапейскіх палітыкаў. Гэта прыкра ўсьведамляць.

— Неўзабаве ва Ўкраіне парлямэнцкія выбары, і, як паказваюць сацыялягічныя дадзеныя, адна сіла — «Слуга Народу», партыя Зяленскага — можа атрымаць незвычайную перавагу. Наколькі гэта ўнікальная сытуацыя для Ўкраіны? Бо традыцыйна ніводная палітычная сіла на парлямэнцкіх выбарах ня мела «кантрольнага пакету», вялікай перавагі.

— Сытуацыя тлумачыцца дастаткова лёгка — парлямэнцкія выбары пройдуць праз тры месяцы пасьля прэзыдэнцкіх, і «Слуга Народу» адчувае выпраменьваньне рэйтынгу Зяленскага. Пакуль рана казаць, ці атрымае яна аднапартыйную большасьць, бо парлямэнт фармуецца на зьмяшанай аснове, ёсьць і партыйныя сьпісы, і мажарытарныя акругі. Але магутная фракцыя ў «Слугі Народу» будзе.

Гэта сапраўды ня дужа добрая для дэмакратыі сытуацыя. Ня толькі таму, што «Слуга Народу» практычна ня ажыцьцяўляе палітычнай дзейнасьці як партыя. А таму, што ва Ўкраіне сёньня вельмі складана з каштоўнасьцямі. І ўсё часьцей выбарцы гатовыя галасаваць «за ўсё добрае, супраць усяго дрэннага». Гэта іхні выбар, гэта іхняя рэакцыя на прадаўжэньне гібрыднай вайны з Расеяй. Трэба не абражацца, а рабіць адпаведныя высновы.

— Ці магчыма сёньня прагназаваць, як складуцца адносіны афіцыйнага Кіева і Менску пры новым прэзыдэнту Зяленскім? Можна прыгадаць, што Аляксандар Лукашэнка меў цудоўныя палітычныя і асабістыя адносіны з папярэднім прэзыдэнтам Украіны Парашэнкам, ён нават прагназаваў ягоную перамогу на выбарах. З улікам усяго гэтага якая будзе пазыцыя Зяленскага адносна Беларусі?

— Я думаю, што Зяленскі яшчэ не сфармаваў свайго бачаньня адносінаў зь Беларусьсю — як, уласна кажучы, ён не сфармаваў свайго стаўленьня да шматлікіх іншых краінаў. Беларусь тут не выключэньне. Але беларусам няма чаго перажываць, бо Менск — пляцоўка перамоваў аб данбаскім крызісе. Так што Беларусь у любым выпадку будзе заставацца ў прыярытэтах украінскай замежнай палітыкі. І сыгналам гэтаму могуць стаць блізкія гастролі «Квартал-95» у Беларусі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG