Абраны прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абнародаваў імёны будучых міністра абароны, міністра ўнутранай бясьпекі і дырэктара ЦРУ.
У прыватнасьці, на пасаду кіраўніка Пэнтагону Трамп вылучыў вядоўцу Fox News. Акрамя таго, абраны прэзыдэнт абвясьціў, што бізнэсоўцы Ілан Маск і Вівэк Рамасвамі ўзначаляць дэпартамэнт, якое зоймецца аптымізацыяй працы фэдэральнага ўраду, піша «Голас Амэрыкі».
Кандыдатуру вядоўцы тэлеканала Fox News Піта Гэгсэта Трамп вылучыў на пасаду міністра абароны. Абвяшчаючы аб сваім рашэньні, абраны прэзыдэнт згадаў, што Гэгсэт зьяўляецца вайсковым вэтэранам і служыў у Афганістане, Іраку і ў Гуантанама.
«Зь Пітам ля стырна ворагі Амэрыкі папярэджаныя: нашы вайскоўцы зноў стануць вялікімі, і Амэрыка ніколі не адступіць», — заявіў Трамп і назваў яго «цьвёрдым, разумным і шчыра веруючым у прынцып «Амэрыка перадусім».
На пасаду міністра ўнутранай бясьпекі Трамп вылучыў губэрнатарку Паўднёвай Дакоты Крысьці Ноўм. Яна стала вядомай на нацыянальным узроўні пасьля адмовы ўводзіць масачны рэжым у штаце падчас пандэміі COVID-19, адзначае «Голас Амэрыкі».
«Крысьці праявіла сябе як вельмі рашучы прыхільнік бясьпекі межаў. Яна стала першым губэрнатарам, што адправіў салдатаў Нацыянальнай гвардыі ў Тэхас для дапамогі ў барацьбе з крызісам на мяжы пры адміністрацыі Байдэна, і ўсяго яны былі адпраўленыя туды восем разоў», — адзначыў Трамп у сваёй заяве.
Джона Рэткліфа, былога дырэктара Нацыянальнай выведкі, Трамп вырашыў прызначыць кіраўніком Цэнтральнага выведвальнага ўпраўленьня (ЦРУ).
«Ад выкрыцьця лжывай інфармацыі аб „змове з Расеяй“, арганізаванай у рамках кампаніі Клінтан, да выяўленьня злоўжываньняў ФБР у дачыненьні да грамадзянскіх свабод у судзе, Джон Рэткліф заўсёды быў змагаром за праўду і сумленнасьць перад амэрыканскім народам», — заявіў Трамп.
Як піша «Голас Амэрыкі», нечаканай стала заява Трампа аб тым, што мільярдэр Ілан Маск і бізнэсовец і былы кандыдат у прэзыдэнты ад рэспубліканцаў Вівэк Рамасвамі ўзначаляць нядаўна створанае дэпартамэнт павышэньня эфэктыўнасьці дзяржаўнага кіраваньня.
Мэта новага дэпартамэнту — «дэмантаж дзяржаўнай бюракратыі, зьмяншэньне празьмерных рэгуляцый, скарачэньне неэфэктыўных выдаткаў і рэструктурызацыя фэдэральных службаў». Дэпартамэнт павінен завяршыць працу да ліпеня 2026 году.
Трамп ужо пачаў фармаваць сваю адміністрацыю. На пасаду дзяржсакратара разглядаецца сэнатар Марк Рубіё, а дарадцам у нацыянальнай бясьпецы стане Майк Уолц. Пасада пастаяннага прадстаўніка ЗША ў ААН Трамп прапанаваў сябру Палаты прадстаўнікоў Эліз Стэфанік.
Форум