Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі наклаў вэта на закон, ухвалены папярэднім складам Вярхоўнай Рады аб увядзеньні прымусовай хімічнай кастрацыі асобаў, якія ўчынілі злачынствы супраць малалетніх, і асоб, якія не дасягнулі палавой сьпеласьці.
Закон, які ініцыявалі некалькі дэпутатаў фракцыі Радыкальнай партыі Алега Ляшка і падтрыманы большасьцю парлямэнтароў 11 ліпеня, сёньня вярнуўся ў парлямэнт з заўвагамі прэзыдэнта.
Цяпер камітэт Вярхоўнай Рады ў пытаньнях праваахоўнай дзейнасьці мусіць ухваліць новае рашэньне — падтрымаць заўвагі, выказаныя Ўладзімірам Зяленскім, ці пераадольваць вэта прэзыдэнта канстытуцыйнаю большасьцю галасоў — для гэтага неабходна падтрымка 300 дэпутатаў. У той жа час пакуль не паведамляюць сутнасьць прапаноў кіраўніка дзяржавы.
Экспэрты ў крыміналістыцы крытычна ацэньвалі гэты закон, пераконваючы, што ён парушае правы чалавека. Яны заклікалі прэзыдэнта вэтаваць закон і прапанавалі ўзмацніць крымінальную адказнасьць за сэксуальныя злачынствы, прадугледзець добраахвотнае лячэньне ў выглядзе хімічнай кастрацыі і стварыць рэестар пэдафілаў з абмежаваным доступам да яго. У прыватнасьці, прапаноўвалася павялічыць тэрмін турэмнага зьняволеньня да 12-15 гадоў (цяпер 8-15), а ў выпадку паўторных злачынстваў караць пажыцьцёвым зьняволеньнем.
У постсавецкіх краінах прымусовая хімічная кастрацыя пэдафілаў існуе ў Казахастане і Кыргызстане. У некаторых эўрапейскіх краінах магчымая толькі добраахвотная хімічная кастрацыя. Выключэньне — Польшча, дзе ў дачыненьні да асобаў, асуджаных за згвалтаваньне дзяцей і крывазьмяшэньне, мае быць ужытая прымусовая хімічная кастрацыя. У Чэхіі выкарыстоўваюць і хірургічную кастрацыю, але добраахвотную.