Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусам не хапае кальцыю і вітаміну D. Што рабіць?


Кальцый і вітамін D — галоўныя элемэнты, неабходныя для здароўя касьцей. Аказалася, што ў рацыёне беларусаў іх недастаткова. Пра гэта сёньня агенцтву БЕЛТА распавяла вядучы навуковы супрацоўнік Навукова-практычнага цэнтру гігіены Ірына Кедрава.

Вынікі дасьледаваньня рацыёну беларусаў

На працягу пэўнага пэрыяду часу ў цэнтры праводзіліся дасьледаваньні фактычнага харчаваньня розных катэгорый насельніцтва: дзіцячага і дарослага, гарадзкога і сельскага. Сярод асаблівасьцяў выяўлена залішняе спажываньне насычаных тлушчаў. У харчаваньні жанчын фэртыльнага ўзросту адзначаецца паніжанае ўтрыманьне прадуктаў, багатых жалезам.

Аналіз рацыёну сьведчыць, што насельніцтва краіны стала менш спажываць хлеба, бульбы і круп. Па-ранейшаму дастаткова вялікая колькасьць жыхароў краіны празьмерна спажывае соль, цукар, рафінаваныя вугляводы, тым самым адыходзячы ад прынцыпаў здаровага харчаваньня.

Недахоп кальцыю і вітаміну D можа прывесьці да остэапарозу. Найлепшы спосаб узбагаціць імі свой арганізм — уплываць на свой рацыён.

Як павялічыць узровень кальцыю ў арганізьме

Акрамя ўсім вядомых малочных прадуктаў, такіх як малако, сыр і ёгурт, багатых кальцыем, іншыя варыянты такія:

  • Шпінат
  • Курчавая капуста
  • Ліставая капуста
  • Соя
  • Белая фасоля
  • Сардыны, ласось, акунь
  • Апэльсінавы сок
  • Аўсянка і іншыя крупы

Дарослым жанчынам і мужчынам патрабуецца прыкладна 1.000 мг кальцыю штодня. Асобам, старэйшым за 70 гадоў, патрабуецца прыкладна 1.200 міліграмаў на дзень.

Патрэба спартоўцаў у кальцыі прыкладна ў паўтара раза вышэйшая, чым у людзей, якія вядуць маларухомы лад жыцьця, і складае 1.500 мг.

Больш інфармацыі пра кальцый глядзіце тут.

Як павялічыць колькасьць вітаміну D

Прадукты, якія забясьпечваюць вітамін D:

  • Тлустая рыба (тунец, скумбрыя, ласось)
  • Малочныя прадукты
  • Узбагачаныя вітамінам D апэльсінавы сок, соевае малако і крупы
  • Ялавічная печань
  • Сыр
  • Яечныя жаўткі

У летні час вітамін D сынтэзуецца ў скуры пад узьдзеяньнем сонца. Узімку як эўрапейскія, так i амэрыканскія ўстановы, адказныя за здароўе насельніцтва, рэкамэндуюць спажываць яго ў выглядзе сынтэтычнага вітаміну ў дазіроўцы ня менш за 10 мкг/дзень, бо дасягнуць аптымальнага ўзроўню гэтага элемэнту праз харчаваньне практычна немагчыма.

Яшчэ больш пра вітамін D чытайце тут.

Падрыхтавала Кацярына Яроміч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG