Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У лесе расьце выдатная крыніца вітаміну D — грыбы


Летні час ляціць хутка, так што неўзабаве пачнецца час масавага грыбнога паляваньня, пра які з гумарам пісаў Пімен Панчанка:

Народ ажно засопся:
Захопніцкі настрой.
Грузавікі, аўтобусы
I матацыклаў рой.
Нэйлёнавыя вёдры,
Рукзачныя гарбы.
Вей, вецер,
Хвойным водарам -
Менск едзе па грыбы!...

Знаўцы ўжо даўно адкрылі грыбны сэзон, так што нашы нататкі не апярэджваюць час, і размова пра грыбы ў ліпені будзе якраз да месца.

Чаму мы вырашылі зьвярнуцца да грыбной тэмы?

У папярэдніх размовах мы ўжо абмяркоўвалі значнасьць вітаміну D для нармальнага функцыянаваньня арганізму. Дастатковая колькасьць вітаміну — гэта прафіляктыка шматлікіх шырока распаўсюджаных парушэньняў здароўя — інфэкцыйных хваробаў, дэпрэсіі, зьніжэньня памяці і здольнасьці да канцэнтрацыі ўвагі. Вітамін D вельмі неабходны для людзей сталага ўзросту, бо ён садзейнічае прадухіленьню ўзроставага разбурэньня касьцей, мышачнай слабасьці і ўзроставай кволасьці. Сярэдняя норма вітаміну D для дарослага чалавека складае 600 МА (міжнародных адзінак), выключэньне складаюць дзеці ва ўзросьце да 1 году, якім неабходна 400 МА, а таксама людзі пасьля 70 год, сутачная патрэбнасьць у вітаміне D у іх складае 800 МЕ.

Вы ўжо ведаеце, што асноўная колькасьць вітаміну D выпрацоўваецца ў скуры пад уплывам сонечных промняў, але некаторая частка трапляе ў арганізм праз прадукты харчаваньня. Дык вось цікава тое, што вітамін D знаходзіцца ў складзе грыбоў, прычым ён не разбураецца ў залежнасьці ад спосабу прыгатаваньня, гэта значыць знаходзіцца і ў сушаных, і ў смажаных, і ў марынаваных грыбах.

Лічыцца, што найбольшая канцэнтрацыя вітаміну D знаходзіцца ў галоўцы цёмных грыбоў. Але гэтая здольнасьць грыбоў забясьпечваць нас вітамінам D ня вельмі працяглая — вітамін захоўваецца ў прадукце толькі адзін тыдзень, а потым губляецца.

Так што наша практычная парада — зьбірайце грыбы, калі вы іх добра ведаеце, пераважна цёмнага колеру, гатуйце любым чынам і ўжывайце на працягу тыдня. З пункту гледжаньня паступленьня некаторай колькасьці вітаміну D гэта карысна.

Ну а пасьля, грыбное паляваньне — гэта і настрой, і сьвежае паветра, і прафіляктыка гіпадынаміі, а самае галоўнае — ні з чым не параўнальнае спатканьне з прыгожай беларускай прыродай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG