Літва прапаноўвала ўключыць нявестку Аляксандра Лукашэнкі Ганну Лукашэнку ў санкцыйны сьпіс Эўразьвязу, але ейную кандыдатуру заблякавала Славаччына, паведамляе праект журналістаў-расьсьледнікаў «Бюро» са спасылкай на інфармацыю ад трох не зьвязаных адна з адной крыніцаў у палітычным, дыпляматычным і праваабарончым колах.
Адзначаецца, што Ганна Лукашэнка (Сялук), жонка сярэдняга сына Аляксандра Лукашэнкі Дзьмітрыя, — «адзіная з уплывовага беларускага сямейства, хто ня трапіў пад санкцыі Эўразьвязу». У санкцыйным сьпісе ЭЗ ужо знаходзяцца Аляксандар Лукашэнка, ягоныя сыны Віктар і Дзьмітры Лукашэнкі і яшчэ адна нявестка Лілія, жонка Віктара.
Ганна Лукашэнка зьяўляецца генэральнай прадусаркай «Музычнай медыякампаніі», якая атрымлівае дзяржаўныя падрады на правядзеньне забаўляльных мерапрыемстваў, часта прапагандысцкай скіраванасьці. Перад выбарамі 2025 году Ганна Лукашэнка пад выглядам акцыі «Маратон адзінства» праводзіла прыхаваную перадвыбарчую агітацыйную кампанію ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі.
Паводле зьвестак крыніц «Бюро», Ганну Лукашэнку прапаноўвалі ўнесьці ў санкцыйны сьпіс, які Эўразьвяз зацьвердзіў 5 жніўня 2024 году, але Славаччына заблякавала прапанову.
«Ганна Л. [Ганна Лукашэнка] была прапанаваная Літвой і сапраўды заблякаваная Славаччынай», — пацьвердзіў эўрапейскі чыноўнік калегам «Бюро» з выданьня VSquare.org.
У літоўскім і славацкім міністэрствах замежных спраў не пацьвердзілі, але і не абверглі гэтую інфармацыю. У славацкім МЗС адзначылі, што кожную ініцыятыву па ўключэньні ў санкцыйны сьпіс Эўразьвязу падрабязна разглядаюць з пункту гледжаньня інтарэсаў Славаччыны і ЭЗ, а таксама з пункту гледжаньня прававой абгрунтаванасьці і ўстойлівасьці санкцыяў.
«Абмеркаваньне прапановаў ЭЗ па санкцыях праходзіць у закрытым рэжыме, ацэньваюцца палітычныя і прававыя аспэкты санкцыйных ініцыятываў. Калі яны ацэньваюцца як недастатковыя з пункту гледжаньня іх абароны ў судах ЭЗ, то такая санкцыйная ініцыятыва адкладваецца», — адказалі ў МЗС Славаччыны калегам «Бюро» са славацкага расьсьледніцкага цэнтру Яна Куцяка.
- Цяперашні прэм’ер-міністар Славаччыны Робэрт Фіца выступае за нармалізацыю адносінаў зь Беларусьсю і Расеяй. Ён ужо наведваў Менск у 2016 годзе падчас папярэдняга прэм’ерскага тэрміну і на сустрэчы з Лукашэнкам называў Беларусь «сяброўскай» краінай. Лукашэнка тады падзякаваў славацкаму прэм’еру за нармалізацыю адносінаў Беларусі і Эўразьвязу. «Ваша краіна данасіла да кіраўніцтва ЭЗ сапраўднае становішча ў Беларусі», — казаў Лукашэнка.
- 1 студзеня, віншуючы Фіца з Днём утварэньня Рэспублікі, Аляксандар Лукашэнка прапанаваў яму наведаць Берасьцейскую крэпасьць «напярэдадні 80-годзьдзя вялікай перамогі ў траўні 2025 году або ў іншы зручны для яго час».
- Пры гэтым згодна з пастановай Савета міністраў Беларусі ад 6 красавіка 2022 году Славаччына як сябра Эўразьвязу ўваходзіць у лік «недружалюбных» замежных дзяржаў. Беларусь закрыла амбасаду ў Браціславе восеньню 2023 году. Апошнім амбасадарам Беларусі ў Славаччыне быў Ігар Ляшчэня, які падаў у адстаўку ў жніўні 2020 году, выступіўшы ў падтрымку мірных пратэстоўцаў.
Форум