Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яечня раніцай — карысна ці не?


Апошнім часам пільную ўвагу навукоўцаў прыцягвае вітамін D, бо яго недахоп у арганізьме, як сьведчаць вынікі дасьледаваньняў мінулых пяці гадоў, прыводзіць да многіх праблем са здароўем.

Сярод гэтых праблем: больш хуткае разьвіцьцё атэрасклерозу, павышэньне артэрыяльнага ціску, зьніжэньне эфэктыўнасьці імуннай абароны і фарміраваньне аўтаімунных паталёгій, якія працякаюць вельмі хутка і з ускладненьнямі за кошт множнага пашкоджаньня розных органаў.

Дакладна вядома, што дэфіцыт вітаміну D прыводзіць да павышанай успрымальнасьці арганізму да разьвіцьця анкалягічных хваробаў, шчыльна зьвязаны з больш цяжкім цячэньнем цукровага дыябэту, бранхіяльнай астмы, садзейнічае фармаваньню схільнасьці да дэпрэсіі.

Мы як лекары-герыятры, якія займаюцца праблемамі людзей сталага ўзросту, часта чуем, як на пытаньне «Што ў вас баліць?» сталыя пацыенты адказваюць «У мяне баліць ўсё». Дык вось гэта павышаная ўспрымальнасьць да болі з дэпрэсіўным кампанэнтам якраз зьяўляецца адным з клінічных праяўленьняў дэфіцыту вітаміну D.

У сталым ўзросьце вітамін D асабліва неабходны для прадухіленьня разьвіцьця остэапэніі і остэапарозу — гэта ўзроставыя зьмены структуры касьцявой тканкі — яе зьмяншэньне і ломкасьць.

Вітамін D разглядаецца і як важкі фактар разьвіцьця такога спэцыфічнага стану здароўя як старэчая астэнія, якую ў побыце мы называем проста ўзроставай кволасьцю.
Адсюль відаць, што гэтаму рэчыву — вітаміну D — цяпер адвозіцца сапраўды вялікая роля ў забесьпячэньні нармальнага функцыянаваньня арганізмуё. Навукоўцы нават прыйшлі да высновы, што вітамін D можна назваць новым выяўленым гармонам, настолькі ён неабходны чалавеку, і настолькі вялікая яго роля ў рэгуляцыі самых розных функцый.

У папярэніх артыкулах мы ўжо пісалі, што галоўная крыніца вітаміну D — гэта сонечныя промні, пры гэтым штодзённа чалавек павінен атрымліваць 600 МЕ (міжнародных адзінак) вітаміну D. Калі гэта перавесьці на час, які трэба праводзіць на адкрытым паветры пад адкрытымі сонечнымі промнямі ўлетку, то гэта будзе выглядаць у дачыненьні да людзей з цёмнай скурай каля 30 хвілін з 10.00 да 15.00 і ня менш чым двойчы на тыдзень. Людзям са сьветлай скурай працягласьць сонечнай ванны трэба абмяжоўваць да 5 хвілін пад адкрытымі сонечнымі промнямі, іначай можна атрымаць апёкі.

Але пэўная частка вітаміну D усё ж трапляе да нас празь ежу. І вось тут добрую дапамогу акажа стандартны ранішні сьняданак, у склад якога ўваходзіць смажанае яйка. Сёньня дыетолячгам дакладна вядома, што ранішняя яечня пастаўляе 10% дзённай колькасьці вітаміну D, які ўваходзіць у склад жаўтка. Але трэба памятаць, што яйкі, якія мы выкарыстоўваем пры гатаваньні, павінны быць сьвежымі, а курыца не павінна харчавацца сынтэтычнымі кармамі.

Так што сьмела гатуйце яечню раніцай, з пункту гледжаньня паступленьня вітаміну D гэта карысна. І таксама мы раім не забываць пра «зялёнае» суправаджэньне такой ежы садавіной і гароднінай — гэта будзе цудоўнае полівітаміннае і надта карыснае для здароўя дапаўненьне тых 10% вітаміну D, якія паступаць зь яйкам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG