Каля паловы жанчын і чвэрці мужчын некалі ў жыцьці зломяць косткі, бо маюць астэапароз — стан, які характарызуецца станчэньнем костак і стратай іх шчыльнасьці. Пра гэта на сайце sharecare.com пішуць Бэт Уорд і Леа Гэрынг.
Калі вы спажываеце такія прадукты, як багатыя кальцыем малочныя вырабы, рыбу, садавіну, гародніну і рэгулярна даяце сабе фізычныя нагрузкі, вы на правільным шляху. Але вы можаце зьдзівіцца, калі даведаецеся, што некаторыя прадукты харчаваньня, лекі і звычкі могуць аслабіць косткі. Вось чатыры рэчы, якіх варта асьцерагацца або пазьбягаць.
Соль
Дасьледаваньні паказваюць, што прадукты з высокім утрыманьнем натрыю могуць спрыяць астэапарозу. Навукоўцы пакуль не ведаюць дакладна, чаму гэта адбываецца, але вядома, што калі наш арганізм выдаляе лішак солі, разам зь ёй выдаляецца і кальцый. Гэта дрэнная навіна для нашых костак, якія маюць вялікую патрэбу ў кальцыі, каб заставацца моцнымі і шчыльнымі.
Шмат солі ўтрымліваецца ў апрацаваных прамысловым спосабам мясе, рыбе, замарожаных і кансэрваваных прадуктах, у соўсах, марынадах і нават тварагу. Таму лепш чытаць этыкеткі і старацца не спажываць больш чым 2300 мг солі ў дзень, а лепш — 1500.
Газаваныя напоі
Вядома, што косьці чалавека разбураюцца пад узьдзеяньнем фосфарнай кіслаты і кафэіну. Дасьледаваньні паказваюць, што фосфарная кіслата ў некаторых безалькагольных напоях можа вымываць кальцый з костак, асабліва ў жанчын.
Кафэін, які ўтрымліваецца ў кока-коле і іншых газаваных напоях, таксама спрыяе страце кальцыю. Экспэрты радзяць людзям, у якіх ужо ёсьць астэапароз, абмежаваць спажываньне кока-колы да некалькіх разоў на тыдзень.
Лекі супраць пякоткі
Аказваецца, для здароўя касьцей ня надта карысныя і лекі ад язвы страўніка і рэфлюксу. Да іх ліку адносяцца амэпразол, лансапразол і іншыя так званыя інгібітары пратоннай помпы. Амэрыканскія экспэрты знайшлі, што пры доўгім (больш за адзін год) рэгулярным прыёме гэтых лекаў узрастае рызыка пераломаў касьцей. Апрача таго, яны мяняюць паказьнік РН і здольнасьць усмоктваньня ня толькі ў страўніку, але і ў кішэчніку, дзе апрацоўваецца галоўная частка карысных рэчываў.
Таксама і лекі для зьніжэньня кіслаты страўнікавага соку з утрыманьнем алюмінію зьніжаюць узровень кальцыю ў арганізьме.
Курэньне
І гэтая звычка, паводле дадзеных амэрыканскага Нацыянальнага інстытута артрыту і косьцева-мышачных хваробаў, таксама павялічвае рызыку пераломаў. Пажылыя мужчыны і жанчыны, якія кураць, асабліва ўспрымальныя да страты касьцявой масы. Курэньне перашкаджае нармальнаму ўспрыманьню арганізмам розных мінэралаў, у тым ліку і кальцыю, а таксама ўскладняе працэс загойваньня касьцей пасьля пераломаў.
Рэгулярная хадзьба зьяўляецца адным з найлепшых сродкаў прафіляктыкі астэапарозу. Вельмі карысна хадзіць па лесьвіцах. Найлепшымі прадуктамі з высокім утрыманьнем кальцыю зьяўляюцца ласось, сардыны, апэльсіны, капуста, белая фасоля, марскія водарасьці, міндаль і кунжут. Не забывайцеся, што вітамін D, які наша цела выпрацоўвае пад узьдзеяньнем сонечнага сьвятла, таксама дапамагае арганізму лягчэй засвойваць кальцый.