На станіцы Луганскай прэзыдэнт Эўрапейскай Рады Дональд Туск заявіў, што трагедыя на ўсходзе Ўкраіны працягваецца «з катастрафічнымі гуманітарнымі наступствамі для мясцовага насельніцтва», перадае ўкраінская служба Свабоды.
7 ліпеня Дональд Туск і прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі наведалі раён разьвядзеньня сілаў на Данбасе і падкантрольную Ўкраіне станіцу Луганскую.
На прапускным пункце іх азнаёмілі зь бягучай сытуацыяй на ўчастку ўкраінскія вайскоўцы, таксама прайшлі сустрэчы з прадстаўнікамі маніторынгавай місіі АБСЭ і зь мясцовымі жыхарамі. Таксама Зяленскі і Туск зайшлі ўглыб зоны разьвядзеньня, дайшлі да разбуранага моста ў Луганску.
На думку Туска, якую ён выказаў у Twitter, мясцовае насельніцтва «апынулася ў пастцы расейскай вайны». Ён таксама адзначыў «добрыя сустрэчы з адважнымі ўкраінскімі салдатамі, назіральнікамі АБСЭ і гуманітарнымі агенцыямі».
У штабе Ўзброеных сілаў Украіны дадалі, што «высокім гасьцям былі прадстаўленыя вынікі працы групаў разьмінаваньня: бясспрэчныя доказы агрэсіі Расеі ў выглядзе рэштак варожых боепрыпасаў, знойдзеных піратэхнічнымі групамі».