Расея працягвае весьці «гібрыдную вайну» і пашыраць свой уплыў ва ўсім сьвеце, гаворыцца ў дакладзе, падрыхтаваным для Міністэрства абароны ЗША, піша «Голас Амэрыкі».
Дакумэнт на 137 старонках складалі больш як 20 экспэртаў.
Некаторыя іх высновы і парады сьцісла
- Расея будзе спрабаваць і надалей сеяць нестабільнасьць, выкарыстоўваючы розныя спосабы ўплыву — геапалітычныя, эканамічныя і вайсковыя.
- У разуменьні Масквы міжнародныя адносіны ўяўляюць гульню, у якой выйграць можа толькі адзін бок.
- Крэмль лічыць, што ЗША выкарыстоўваюць прынцыпы дэмакратыі для зьмяненьня палітычных рэжымаў.
- Масква імкнецца парушыць сьветабудову, угрунтаваную на заходніх лібэральных каштоўнасьцях.
- Расея не зьбіраецца адступаць у тых рэгіёнах, якія калісьці ўваходзілі ў ейную сфэру ўплыву. Прыклады: анэксія Крыма, канфлікт на Данбасе, захаваньне замарожаных канфліктаў у постсавецкіх краінах, уплыў на расейскамоўнае насельніцтва ў Балтыі.
- ЗША павінны працягваць умацоўваць сувязі з эўрапейскімі краінамі дзеля падтрымкі лібэралізму і дэмакратыі. Асаблівую ўвагу трэба надаць Баўгарыі, Румыніі, Украіне.
- Захад павінен стрымліваць Расею, але не правакаваць яе.
- NATO ў блізкай будучыні не павінна прымаць новых членаў або ўзмацняць свой уплыў у нэўтральных краінах, як Фінляндыя. Але трэба ўмацоўваць ваенны патэнцыял на ўсходняй мяжы.
- Паводле аднаго з аўтараў дакладу, прафэсара Джэрэмі Ламаро, ЗША павінны аказаць уплыў на краіны Балтыі для зьніжэньня жорсткасьці іх выказваньняў на адрас Расеі. Таксама балтыйскія краіны павінны інтэграваць расейскамоўнае насельніцтва на раўнапраўнай аснове, што дазволіць абмежаваць уплыў Расеі, лічыць экспэрт.