У адной з найбуйнейшых сыстэм пошуку авіябілетаў Skyscanner перасталі паказвваццца рэйсы ў аэрапорт Сімферопаля ў анэксаваным Расеяй Крыме.
Пры спробе знайсьці квіткі ў Сімферопаль на любыя даты сыстэма выдае паведамленьне, што квіткоў няма. На гэта зьвярнула ўвагу выданьне «Коммерсант».
У самой кампаніі не змаглі патлумачыць прычыну таго, што адбылося. У прэсавай службе расейскага падразьдзяленьня Skyscanner паведамілі РБК, што спэцыялісты «высьвятляюць прычыны збою» і паведамяць пра іх, як толькі яны стануць вядомыя.
Пры гэтым крыніцы «Коммерсанта» і РБК ў турыстычнай галіны сьцьвярджаюць, што прычынай «зьнікненьня» крымскага аэрапорту маглі стаць санкцыі, уведзеныя Злучанымі Штатамі і краінамі ЭЗ у сувязі з анэксіяй Крыму. Нядаўна падоўжаныя санкцыі ЭЗ, у прыватнасьці, забараняюць кампаніям з краін Эўразьвязу аказваць якія-небудзь паслугі ў Крыме.
Як адзначае «Коммерсант», турыстычныя кампаніі ўжо ня першы раз адчуваюць складанасьці з працай у Крыме. Там не працуе сыстэма браніраваньня Airbnb, а на Booking. com забраніраваць гатэль у Крыме можна, толькі калі паставіць адзнаку аб службовай камандзіроўцы.
Аэрапорт Сімферопаля лічыцца міжнародным, аднак з прычыны санкцый, а таксама ў сувязі з тым, што па міжнародных правілах Украіна працягвае несьці адказнасьць за паветраную прастору над Крымам, рэйсы туды робяць толькі расейскія авіякампаніі з тэрыторыі Расеі.