Амбасадары краін Эўразьвязу ў Брусэлі зацьвердзілі падаўжэньне на адзін год санкцыяў у дачыненьні да Расеі. Гаворка ідзе пра абмежаваньні, уведзеныя пасьля анэксіі Крыму ў 2014 годзе, паведамляе «Украінская праўда» са спасылкай на прадстаўніка Ўкраіны пры Эўразьвязе Мікалая Тачыцкага.
Пасьля зацьвярджэньня санкцыі яшчэ павінна ўхваліць Эўрапейская рада, якая складаецца зь міністраў замежных спраў краін-членаў ЭЗ.
Тэрмін дзеяньня абмежаваньняў на дадзены момант заканчваецца 23 чэрвеня, бліжэйшае пасяджэньне Эўрапейскай рады пройдзе 17 чэрвеня.
Паводле дзеючых санкцыяў, забаронены імпарт у ЭЗ усіх тавараў, вырабленых у Крыме, а таксама экспарт асобных катэгорый тавараў, у тым ліку ў галіне транспарту, тэлекамунікацый і энэргетыкі. У рамках гэтых абмежаваньняў эўрапейскім кампаніям было забаронена пастаўляць камплектуючыя для будаўніцтва Крымскага мосту. Апрача гэтага кампаніі з краін ЭЗ ня могуць інвэставаць у Крым і прадстаўляць турыстычныя паслугі на паўвостраве.
Акрамя санкцыяў за анэксію Крыму Эўразьвяз раней увёў захады ў дачыненьні да Расеі за падтрымку сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны, а таксама пасьля атручваньня Сяргея Скрыпаля, у якім ЭЗ і ЗША абвінавачваюць супрацоўнікаў расейскай выведкі. Гаворка ідзе ў асноўным аб забароне на ўезд у ЭЗ шэрагу расейскіх грамадзян і аб арышце эўрапейскіх актываў розных расейскіх фізычных і юрыдычных асоб, абвінавачаных у датычнасьці да баявых дзеяньняў у Данбасе. У адказ на гэта Расея ўвяла ў 2014 годзе эмбарга на імпарт харчовых прадуктаў з Эўразьвязу.